Шляхам жыцця (зборнік)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Літаратурны твор
«Шляхам жыцця»
Выданне
Вокладка зборніку «Шляхам жыцця»
(Санкт-Пецярбург, 1913)
Жанр:

верш, паэма

Аўтар:

Янка Купала

Мова арыгінала:

беларуская

Дата першай публікацыі:

1913

Выдавецтва:

Загляне сонца і ў наша аконца

Электронная версія

«Шляхам жыцця» — трэці зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Першы тыраж зборніку склаў 3 тысячы асобнікаў.[1] Купала прысвяціў зборнік доктару Аляксандру Ярэмічу, які выдаў кнігу Купалы за свае ўласныя сродкі.[2]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У зборнік увайшлі больш за 200 вершаў, напісаных пераважна ў 19101913 гадах, шэраг перакладаў і некаторыя вершы з папярэдніх зборнікаў Купалы «Жалейка» і «Гусляр». Зборнік складаецца з сямі асобных раздзелаў:

І. «Бацькаўшчына» (вершы «Песня мая», «З кутка жаданняў», «Маладая Беларусь», «Песня сонцу», «Выйдзі...» і інш.)

II. «Па межах родных...» (напоўнены філязафічнымі настроямі і пейзажнымі малюнкамі («Над Свіслачай», «Сельскія могілкі», «Дуб», «Вярба» і інш.), міфалагічнымі вобразамі («Ваўкалак», «У вечным боры...», «Чорны бог» і інш.))

III. «Для Яе» (вобраз жанчыны ў вершах раздзелу экзальтаваны («Абнімі...», «З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай»), апраменены надзвычайнай замілаванасцю («Ты прыйдзі...»), фальклорызаваны («Русалка», «Ястраб»))

ІV. «Наша вёска» (цыклы вершаў «Аб мужыцкай долі», «З песень беззямельнага» і інш.)

V. «Сваім і чужым» (пераважна публіцыстычны раздзел, вершы «Гэй, капайце, далакопы...», «Ворагам Беларушчыны», «З мінуўшых дзён» і інш.)

VI. «Байкі і аповесці» (пераважна эпічны раздзел, паэмы «Курган», «На куццю», драматычная паэма «На папасе», верш «На Дзяды», урывак з індыйскай кнігі «Магабгарата» «Паляўнічы і пара галубкоў» і інш.)

VII. «Пераклады з польскай» (пераклады твораў А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі і інш.).[1]

Адметнасць і значэнне зборніку[правіць | правіць зыходнік]

Зборнік лічыцца этапным у творчасці Купалы і ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагодзддзя. Творы зборніку падсумоўвалі здабыткі Купалы на ніве нацыянальнай паэзіі, сцвярджалі ў ёй прынцыпы народнасці і высокага мастацтва і праз тое праграмавалі шляхі развіцця нацыянальнай паэзіі і ўвогуле ўсяе беларускай літаратуры. Зборнік стаў паэтычным гімнам Маладой Беларусі і перадавых сіл нацыянальнага грамадска-палітычнага руху пачатку ХХ стагодзддзя. Філасофскай заглыбленасцю, шырока распрацаванымі матывамі больш інтымнага плану зборнік знаходзіцца каля вытокаў беларускай нацыянальнай філасофскай і любоўнай лірыкі. Зборнік стаў узорным, класічным па багацці сваіх мастацкіх формаў, культуры верша, замацаванні ў нацыянальнай паэзіі як асацыятыўна-рамантычнага стылю, так і класічна-анталагічнага, народна-песеннага.[1]

У зборніку выявіўся якасны новы ўзьлёт Купалы-лірыка. У параўнанні са зборнікам «Жалейка» тэма сялянскага жыцця з пераважнай і стрыжнявой — пры тым жа яе вычарпальным вырашэнні — стала ўпоравень з іншымі, нагэтулькі ж значнымі тэмамі. Узвышаўся гэты зборнік і над зборнікам «Гусляр», з яго крыху гіпертрафіраванай фальклорнай стылізацыяй, абстрактнымі рамантычнымі пошукамі маральных ідэалаў, т.зв. «сусветнаю тугой». Для зборніку «Шляхам жыцця» ўласцівыя маштабнасць лірычных і эпічных вобразаў, паказ жыцця як гістарычнага руху народу з часоў мінулых праз сучаснае ў будучыню, з вітаннем яе, прыспешваннем і набліжэннем.[1]

Асноўным лірычным героям кнігі — паперадзе сумарнага і індывідуалізаванага вобраза мужыка — становіцца рамантычны вобраз песняра-змагара, прарока светлай будучыні народу. Выдатнае мастацкае адкрыццё Купалы — гістарызм «Шляхам жыцця». З усведамлення славы і няславы, гераічнай велічы і трагедыйнасці гістарычнага мінулага лірычны герой зборніку вырастаў у фігуру незвычайнага маштабу, якая ўмяшчала ў сабе вялікую сілу аўтарскіх перажыванняў, выказаных па-мастацку раскавана, з бліскучай паэтычнай віртуознасцю.[1]

Крытычныя водгукі[правіць | правіць зыходнік]

Першым і найбольш вядомым водгукам на трэці зборнік Купалы стаў артыкул Антона Луцкевіча ў «Нашай Ніве». Крытык акцэнтуе ўвагу на ўсеабдымнасці паказу народнага жыцця ў кнізе Я. Купалы, на добрую тэхніку пісьма, калі «у пекных, зычных, шчыра і з размахам напісаных вершах адбіваецца жыццё нашага народа»[3]. А.Луцкевіч заўважае:

" Кніжка цешыць душу кожнага шчырага беларуса. Гэта ўжо сур'ёзны здабытак беларускай літаратуры. <...> Мы можам смела казаць, што пясняр Маладой Беларусі заняў пачэснае месца ў гісторыі беларускага адраджэння. <...> У вершах Купалы ўсё часцей і часцей – поруч з сумнымі настраеннямі — звініць нотка бойкая, жывая; відаць, што сіла кіпіць і рвецца да дзела. Чуваць радасць жыцця — радасць, каторая абыймае душу здаровага сільнага чалавека. Даючы сумныя абразы гора і нядолі народнай, кніжка Купалы родзіць веру, што будзе лепей, што папраўдзе блізка ўжо часіна адраджэння забытых і забітых беларуcаў. <...> «Шляхам жыцця» ідзе Купала, але ў кніжцы яго відаць, што той шлях цягнецца далёка—далёка ў будучыну, і пясняр прарочым словам прымушае верыць, што, ідучы сваей дарогай, мы дойдзем урэшце да лепшай долі.[4] "

Выданні[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкулы «Шляхам жыцця». — С. 666—668.
  2. Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Ярэміч». — С. 701.
  3. Анатоль Сідарэвіч. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы : Часопіс. — 2003. — № 7. — С. 163-226. — ISSN 1506-6576.
  4. Антон Луцкевіч. Янка Купала «Шляхам жыцця». / Газета «Наша Ніва». — 26 красавіка 1913 года.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Тры артыкулы «Шляхам жыцця» / Аўтар — А.Лойка. — С. 666—668.
  • Луцкевіч, Антон. Янка Купала «Шляхам жыцця» / Газета «Наша Ніва». — 26 красавіка 1913 года.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]