Шляхецкі рух
Шляхецкі рух, у літоўскай гістарыяграфіі таксама старалітоўцы — сепаратысцкі рух у Расійскай імперыі, які выступаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, у тым ліку яе складовай часткі — Вялікага Княства Літоўскага. Быў прадстаўлены польскай і вялікалітоўскай (беларуска-літоўскай) шляхтай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзелаў 1772, 1793 і 1795 гадоў Рэчы Паспалітай — федэрацыі, у склад якой уваходзілі Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае, значная частка былой дзяржавы апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Мясцовая шляхта, усведамляючы сваё вялікалітоўскае або польскае паходжанне, лічыла сябе прадстаўнікамі народа Рэчы Паспалітай, размаўляла на польскай мове, у значнай ступені знаходзілася ў арбіце польскай культуры. Усведамленне страты дзяржаўнасці, якое падсілкоўвалася ўспамінамі пра былыя палітычныя правы, а таксама з дапамогай існуючай сістэмы школьнай адукацыі, арыентаванай на польска-вялікалітоўскую культуру (у большасці школ выкладанне вялося на польскай мове), праз каталіцкі касцёл і іншае, фармавала патрыятычныя настроі. У асяроддзі шляхты паўсталі пратэст супраць расійскага панавання і імкненне да барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай[1].
Перыяд актыўнасці шляхецкага руху прыпадае на 1794—1863 гады і ўключае ў сябе паўстанне Касцюшкі 1794 года, паўстанне 1830—1831 гадоў, паўстанне 1863—1864 гадоў[2].
Пасля правалу апошняга выступлення на беларуска-літоўскіх землях ідэя аднаўлення Рэчы Паспалітай у цэлым і Вялікага Княства Літоўскага ў прыватнасці губляе сваю актуальнасць. Літоўцы і беларусы, пачаўшы ўсведамляць сябе як нацыі, перайшлі да ідэй пабудовы нацыянальных дзяржаў (да Першай сусветнай вайны — толькі як аўтаномій у складзе Расіі). Аднак палітычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага заняла важнае месца ў іх ідэалогіях[3] . Менавіта са шляхты, у асноўным, паходзяць вядомыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху XIX—XX стагоддзяў — такія як браты А. і І. Луцкевічы, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч, Я. Купала і іншыя[2]. У Літве ў гэты перыяд паўстаў рух т. зв. «младалітоўцаў» — этнічных літоўцаў, якія выступалі за пабудову нацыянальнай дзяржавы на тэрыторыі пражывання свайго народа. Яны супрацьпастаўлялі сябе «старалітоўцам» — прыхільнікам адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, якія этнічна былі прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў[4] .
Нягледзячы на тое, што літоўцы і беларусы з другой паловы XIX пайшлі ўласнымі шляхамі, ідэя аб’яднаць два народы ў рамках адной аўтаноміі ці дзяржавы праіснавала аж да сярэдзіны 1920-х гадоў[3] (гл. Краёўцы, Вялікае Княства Літоўска-Беларускае, Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка).
У сваю чаргу польскі нацыянальны рух аказаўся больш пераемным шляхецкім ідэям, бо прадугледжваў пабудову сваёй дзяржавы не на этнаграфічных межах, а на межах Рэчы Паспалітай да падзелаў[3] .
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ История восстания 1863–1864 гг. на территории Беларуси (обзорная справка) // «Архивы Беларуси» — официальный сайт Департамента по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь.
- ↑ а б Давидович, А. В. Особенности развития белорусской шляхты в 14-19 веках / А. В. Давидович // Наука - образованию, производству, экономике : материалы Седьмой международной научно-технической конференции : в 3 т. / Белорусский национальный технический университет ; редкол.: Б. М. Хрусталев, Ф. А. Романюк, А. С. Калиниченко. – Минск : БНТУ, 2009. – Т. 3. – С. 121.
- ↑ а б в Марозаў, А. П. Дзяржаўна-палітычная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага ў нацыянальных рухах яго правапераемнікаў у пачатку XX стагоддзя // Вестник Полоцкого государственного университета. — 2015. — № 9. — С. 94—105.
- ↑ А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. История Литвы. — Eugrimas, 2013. — ISBN 978-609-437-207-0.