Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шляхціц Завальня | |
---|---|
па-польску: Szlachcic Zawalnia | |
| |
Жанр | празаічны зборнік |
Аўтар | Ян Баршчэўскі |
Мова арыгінала | польская |
Асобнае выданне | 1844—1846 |
Выдавецтва | Мастацкая літаратура |
Перакладчык | Мікола Хаўстовіч |
«Шля́хціц Зава́льня, або́ Белару́сь у фантасты́чных апавяда́ннях» (польск.: Szlachcic Zawalnia, czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach) — няскончаны празаічны зборнік Яна Баршчэўскага, выдададзены ў 1844—1846 гадах у чатырох кнігах. Аўтарская прадмова датуецца 8 верасня 1844 года, горад Санкт-Пецярбург.
На беларускай мове твор упершыню выйшаў у 1990 годзе ў перакладзе Міколы Хаўстовіча.
Змест і праблематыка
[правіць | правіць зыходнік]У «Шляхціцы Завальні» пісьменнік закранае ўсё кола пытанняў, звязаных з беларускай нацыянальнай думкай. Ім робіцца спроба геаграфічнага апісання краю, яго гісторыі і эканамічнага стану. З большай паўнатою Ян Баршчэўскі падае своеасаблівасці нацыянальнага характару беларуса, яго светапогляду і прыгажосць душы[1].
Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды шчаслівейшае, чым сённяшні дзень; край, насельніцтва якога — асобны народ, які можа й павінен жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў. Беларусам трэба толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны; каб іх сэрцы прасякліся мужнасцю, гонарам за сваіх продкаў, што дасць ім адвагу ісці сваім шляхам. Найбольш яскрава ідэю кнігі выяўляе сімвалічны вобраз Плачкі. Пераасэнсаваўшы галоўны вобраз «Трэнасу» М. Сматрыцкага, пісьменнік надае яму значэнне галоўнага ідэйнага стрыжня твора, што звязвае разрозненыя апавяданні-прытчы ў цэласны малюнак. Толькі згадаўшы пра яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданні), Я. Баршчэўскі робіць Плачку цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Яе бачаць толькі ў Беларусі, на месцах знакамітых бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі. Яна прыносіць сюды кветкі, плача па сваіх дзецях, якія — трэба думаць — або загінулі, або ім яна не можа «даверыць таямніцу свайго сэрца». Просты люд з прычыны сваёй неадукаванасці, а шляхта ды паны з-за сваёй неразумнасці ды палахлівасці не могуць зразумець Плачку. А гэта з’яўляецца прычынаю яе слёз. Забытая амаль усімі Плачка-Беларусь мусіць апрануць сялянскі строй, бо вышэйшыя класы беларускага грамадства адвярнуліся ад яе. Паны і шляхта нічога не хочуць ведаць пра Плачку, пагардліва глядзяць на сялянскую сірату. Наадварот, яны звязваюцца з Чарнакніжнікам, аддаюць свой край пад уладу Белай Сарокі, гаспадыні Паўночнай краіны (алегарычны вобраз Кацярыны II), а самі ў вобліку мядзведзяў вартуюць яе багацці. Малюнак, створаны Я. Баршчэўскім, адпавядаў рэальнаму стану нацыянальнага жыцця ў Беларусі. Нацыянальна свядомых людзей былі толькі адзінкі. Але яны былі, і пісьменнік верыць ў лепшае будучае свайго краю, спадзяецца, што паны і шляхта павернуцца да мясцовых праблемаў, мясцовага жыцця, традыцыяй. Ёсць ужо людзі (Сын Буры, Пакутны Дух), якія ведаюць, хто такая Плачка, сваёй дзейнасцю імкнуцца пашыраць веды пра яе. Шляхціц Завальня ды асобныя яго госці таксама разумеюць Плачку.
Кніга Я. Баршчэўскага, напісаная на польскай мове, накіравана да адукаваных землякоў, якія не ведаюць роднае мовы, пагарджаюць ды адцураліся ад яе. А выракшыся свайго народа, чалавек не можа ведаць яго традыцый, звычаяў, яго душу, не можа зразумець яго філасофію. Такія людзі звысока, з пагардаю глядзяць на ўсё сваё; яны не ведаюць свайго ды не прызнаюць за ім аніякае вартасці. Ян Баршчэўскі ж сваім творам імкнуўся пазнаёміць суайчыннікаў з уяўленнямі простага люду, з філасофіяй яго паняццяў. Пісьменнік спрабуе давесці, што народ, які стварыў такую высокамастацкую, паэтычную культуру, заслугоўвае іншых адносінаў да сябе[2].
Кампазіцыйна «Шляхціц Завальня» складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прыпавесцей, устаўных навел, лірычных адступленняў і ўспамінаў, звязаных паміж сабой асобай слухача і каментатара апавяданняў шляхціца Завальні.
Літаратар Альгерд Бахарэвіч параўноўвае творчасць Баршчэўскага з братамі Грым[3]:
Па сваім значэнні Баршчэўскі — браты Грымы белліту, прычым і Вільгельм і Якаб у адной асобе. Ад Якаба ў яго ўся этнаграфія, ад Вільгельма — чараўніцтва: казкі, пачвары, прыгоды. |
Змест
[правіць | правіць зыходнік]- Нарыс паўночнае Беларусі
- Шляхціц Завальня
- Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем
- Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі
- Апавяданне трэцяе. Вужыная карона
- Апавяданне чацвёртае. Ваўкалак
- Успаміны пра наведванне роднага краю
- Полацак
- Рыбак Лодзька
- Кавалёва Аўгіня
- Апавяданне пятае. Радзімы знак на вуснах
- Сляпы Францішак
- Апавяданне шостае. Плачка
- Сын Буры
- Бура
- Арганісты з Расонаў
- Апавяданне сёмае. Вогненныя духі
- Куцця
- Думкі самотніка
- Госці ў хаце Завальні
- Твардоўскі і вучань
- Апавяданне восьмае. Белая Сарока
- Апавяданне дзявятае. Пакутны дух
- Вечар перад Новым годам
- Апавяданне дзясятае. Жабер-трава
- Яснасць на небе
- Таварыш на падарожжы
- Рада
Выданні
[правіць | правіць зыходнік]- Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях / Ян Баршчэўскі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1990.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры 1998, с. 169.
- ↑ Хаўстовіч 1999.
- ↑ Бахарэвіч А. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.
Экранізацыі
[правіць | правіць зыходнік]- «Шляхтич Завальня, или Беларусь в фантастических рассказах». Беларусьфільм. Рэжысёр Віктар Тураў. (1994)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пач. XX ст.: Падруч. для філ. фак. пед ВНУ / Т. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац. — Мн.: Выш. шк., 1998.
- Раюк, А. Р. «Народ лесу»: абагульнены этнастэрэатып аб беларусах і Беларусі канца XVIII — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2021. — Вып. 30. — С. 295—301.
- Хаўстовіч М. Нараджэнне беларушчыны // XIX стагоддзе. Навукова-літаратурны альманах. Кніга першая. — Мн.: БДУ, 1999.