Перайсці да зместу

Шмарыя Хаімавіч Левін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шмарыя Хаімавіч Левін
ідыш: שמריה הלוי לוין
Дата нараджэння 23 сакавіка (4 красавіка) 1867
Месца нараджэння
Дата смерці 9 чэрвеня 1935(1935-06-09)[1][2] (68 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Адукацыя
Навуковая ступень доктар філасофіі
Веравызнанне іўдаізм
Партыя
Род дзейнасці выдавец, рабін, палітык
Аўтограф Аўтограф
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Шмарыя Хаімавіч Левін (руск.: Шмария Хаимович Левин; 23 сакавіка (4 красавіка) 1867, Свіслач, Мінская губерня9 чэрвеня 1935(1935-06-09)[1][2], Хайфа) — яўрэйскі сіянісцкі актывіст, дэпутат Дзяржаўнай думы першага склікання[3][4][5].

Нарадзіўся ў 1867 годзе ў мястэчку Свіслач Бабруйскага павета Мінскай губерні ў купецкай сям’і. Атрымаў сярэднюю адукацыю ў Мінскім рэальным вучылішчы[6], якое скончыў у 1886 годзе. З’ехаў у Германію, слухаў лекцыі ў Гейдэльбергскім і Берлінскім універсітэтах. Скончыў у 1894 годзе філасофскі факультэт Кёнігсбергскага ўніверсітэта з дыпломам доктара філасофіі. У Берліне скончыў «Вышэйшую школу юдаікі», дзе атрымаў званне рабіна. Пасля навучання вярнуўся ў Расійскую імперыю.

У 1897 годзе быў абраны казённым рабінам у г. Гродна, якім прабыў 2,5 гады. З 1899 па 1904 гады — грамадскі рабін у Екацярынаславе. Выкладаў курс Закона Божага ў мужчынскім камерцыйным вучылішчы і жаночай Марыінскай гімназіі. Браў удзел у пятым (26—30 снежня 1901) і ў шостым (23—28 жніўня 1903) Сіянісцкіх кангрэсах, якія праходзілі ў Базелі. На шостым сіянісцкім кангрэсе выступіў супраць так званай Угандскай праграмы, якая прадугледжвала стварэнне на тэрыторыі сучаснай Кеніі габрэйскай дзяржавы з назвай Уганда.

У 1904 годзе пераехаў у Вільню, дзе стаў прапаведнікам у Харальнай сінагозе. Публіцыст, браў удзел у дзейнасці літаратурных органаў «Ахсаф», «Дэр Юд», «Дэр Фрайнд», «Газман», «Гашылаах», «Новая Зара». Член цэнтральнага бюро расійскай яўрэйскай арганізацыі «Саюз для дасягнення паўнапраўя яўрэйскага народа» (з 1905). Працаваў пры генерал-губернатары Віленскай губерні.

Сябра партыі кадэтаў. У 1906 годзе быў абраны дэпутатам Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі I склікання. У Думе некалькі разоў выступаў на тэмы, звязаныя з яўрэйскім пытаннем. Пасля роспуску Думы падпісаў 10 ліпеня 1906 «Выбаргскі заклік», у выніку быў асуджаны па арт. 129, ч. 1, п.п. 51 і 3 Крымінальнага Улажэння.

У 1908 годзе пераехаў у Нямеччыну. Там прымаў актыўны ўдзел у яўрэйскім грамадскім жыцці, у прыватнасці, быў адным з ініцыятараў стварэння Тэхніёна (Ізраільскага тэхналагічнага інстытута) у Хайфе. У 1913 годзе выйшаў са складу праўлення Тэхніёна з прычыны рознагалосся па пытанні мовы выкладання.

Прыняў удзел у дзясятым Сіянісцкім кангрэсе, які праходзіў у Базелі 9—15 жніўня 1911 года, дзе быў абраны членам праўлення Сусветнай сіянісцкай арганізацыі.

У гады Першай сусветнай вайны эміграваў у ЗША, дзе разам з Іцхакам Довам Беркавічам выдаваў газету «Га-Таран». Баючыся, што вайна паставіць пад пагрозу сіянісцкія праекты ў Еўропе і паселішчам у Палесціне, Левін неўзабаве сфармаваў Часовы выканаўчы камітэт па агульных сіянісцкіх справах, каб спрыяць далейшаму фінансаванню яўрэйскіх паселішчаў у Палесціне. Разам з Луісам Брандэсам, прэзідэнтам Часовага камітэта, ён аб’ехаў з турам у 1914-15 гадах праз ЗША, з сіянісцкай агітацыяй, і набыў вялікую папулярнасць як прапагандыст сіянісцкай справы. Больш за тое, ён паўплываў на зрух амерыканскага сіянізму ў бок прызнання культурнай адметнасці яўрэяў[7].

У 1918 годзе вярнуўся ў Германію, дзе стаў блізкім супрацоўнікам Хаіма Вейцмана. У Берліне, разам з паэтам Хаімам Нахманам Бялікам заснаваў выдавецтва «Двір».

З 1924 года адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці і пасяліўся ў Палесціне. У 1929—1932 гадах выдаў на англійскай мове кнігі сваіх успамінаў. Памёр у Хайфе ў 1935 годзе.

  1. а б Shmarya Levin // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Shmarya Levin // MAK
  3. ЛЕВИН Шмарья — Российская Еврейская Энциклопедия. rujen.ru. Праверана 21 кастрычніка 2025.
  4. Левин Шмарьяху // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
  5. Леонид Смиловицкий: По следам еврейских кладбищ Беларуси. Свислочь — Мастерская (руск.) (7 лістапада 2019). Праверана 21 кастрычніка 2025.
  6. Valdman, Alex. «A Miracle in Minsk: Secondary Education and Social Mobility in the Pale of Settlement before 1887.» Jewish Social Studies 24, no. 2 (2019): 135-56. doi:10.2979/jewisocistud.24.2.10.
  7. Bernstein, Judah M. «A Preacher in Exile: Shemaryahu Levin and the Making of American Zionism, 1914—1919.» American Jewish History, vol. 102, no. 3, 2018, pp. 323-50, https://doi.org/10.1353/ajh.2018.0033.