Даўжыня цела 22 см, размах крылаў 37-40 см. Сілуэтам і паводзінамі нагадвае звычайнага шпака. Дарослыя адрозніваюцца чубком на галаве, іншым палётам і афарбоўкай: ружовае апярэнне грудзей, брушка і бакоў кантрастуе з чорнымі з сінявата-фіялетавым металічным адценнем галавой, крыламі і хвастом. Ногі брудна-жоўтыя. Маладыя вельмі падобныя да маладых звычайнага шпака, але больш светлыя, са светлымі нагамі, жоўтай дзюбай і светлым апярэннем каля асновы дзюбы. Спеў рыплівы і хрыплы.
Пашыраны ў Еўразіі, у лесастэпавых, стэпавых, паўпустынных раёнах. Арэал пульсуючы, таму яго межы ўмоўныя: ад Грэцыі, Македоніі, Балгарыі і Румыніі праз Украіну і поўдзень Расіі, а таксама Малую Азію і Іран на ўсход да заходняга і паўднёвага Алтая і ўсходняга Цянь-Шаня. На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від.
Насяляе сухія адкрытыя тэрыторыі (як травяністыя, так і скалістыя або камяністыя) паблізу рэк і прэснаводных вадаёмаў; аддае перавагу пагоркам і ўзгорыстым ландшафтам, селіцца ў ярах са шматлікімі шчылінамі і норамі, часам у культурным ландшафце ў стэпава-пустыннай зоне. Таксама характэрныя біятопы: сцены старых крэпасцей, чыгуначны насып, могілкі, старыя кар’еры. Месцам адпачынку з’яўляюцца алеі, лесапасадкі ўздоўж дарог, сады, калючыя кусты, даволі аддаленыя ад гнязда.
Селіцца калоніямі, часта шматтысячнымі. Гняздуе ў шчылінах скал, муроў, у земляных норах, ярах альбо кучах камянёў, пад чыгуначнымі рэйкамі, пад дахамі, рэдка ў дуплах дрэў або на зямлі. Плоскі подсціл з вялікай колькасці матэрыялу — галоўным чынам, лісце, тонкія галінкі, сухая травяністая расліннасць, высцілка з тонкіх траў (часам свежых), пёраў, валосся, лісця і карэньчыкаў.
Яйкі (4-6, часам 2-10), авальныя, з даволі тупым вузейшым канцом. Бела-блакітнаватыя альбо шаравата-белыя, бліскучыя.
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986.—583 с., іл.— 10 000 экз.