Шры-Ланка (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шры-Ланка
санскр. श्री लङ्का
Характарыстыкі
Плошча
  • 67 655 км²
Найвышэйшы пункт2 524 м
Насельніцтва22 409 000 чал. (2017)
Размяшчэнне
7°30′ пн. ш. 80°45′ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
Шры-Ланка (востраў) (Шры-Ланка)
Шры-Ланка
Шры-Ланка
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Шры-Ланка — другі па памерах востраў у Індыйскім акіяне. Плошча Шры-Ланкі — 65 тыс. км². Працягласць берагавой лініі — 1585 км. Прыбярэжныя воды багатыя на прадуктыўныя экасістэмы: каралавыя рыфы, марскія травы эстуарыяў і інш.

Ад паўвострава Індастан Шры-Ланку аддзяляюць Манарскі заліў і Полкскі праліў. На поўначы — паўвостраў Джафна. Так званы Адамаў мост — ланцужок выспаў на водмелі ў Полкскім праліве — калісьці злучаў Шры-Ланку з мацерыком так, што па ім можна было перайсці пешшу, але, па звестках летапісаў, быў разбураны землятрусам разам з узнятым ім штормам каля 1481 г. Пралівы паміж выспачкамі «моста» вельмі мелкаводныя і непрыдатныя для навігацыі.

Прырода вострава адметная выключнай разнастайнасцю рэльефу, цёплым вільготным мусонным кліматам, багатымі воднымі рэсурсамі, непаўторным раслінным і жывёльным светам. Такім чынам, сама прырода падаравала Шры-Ланцы цудоўныя ўмовы для развіцця турызму.

Тэктоніка і рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральнае плато

Востраў Шры-Ланка знаходзіцца на Індыйскай літасфернай пліце, што яшчэ нядаўна лічылася часткай Інда-Аўстралійскай пліты. Рэльеф вострава надзвычай разнастайны. Па ўсім перыметры Шры-Ланка аблямавана прыбярэжнымі нізінамі з шыкоўнымі пляжамі. Цэнтральна-паўднёвую частку вострава займае складзенае гранітамі і гнейсамі Цэнтральнае плато вышынёй да 2,5 км. Найвышэйшы пункт вострава — гара Підуруталагала (інакш гара Педра), 2524 м. Крыху ніжэй за яе вядомы сваёй канічнай формай пік Адама (2243 м).

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Карысныя выкапні: каштоўныя камяні, графіт, ільменіт, торый. У Манарскім заліве разведаны невялікія запасы нафты, распачатая здабыча.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат субэкватарыяльны мусонны. Паўднёва-заходні мусон прыносіць ападкі на поўдзень вострава летам. Паўднёва-ўсходняя, найбольш вільготная частка Шры-Ланкі атрымлівае да 2500 мм ападкаў. Паўночна-ўсходні мусон завітвае на поўнач вострава зімой. У дажджавым цені застаюцца паўночны захад і паўднёвы ўсход вострава, але і яны атрымліваюць не менш як 800 мм ападкаў. Сярэднегадавыя тэмпературы складаюць ад 28 °C да 31 °C на ўзбярэжжы да 17 °C на Цэнтральным плато, дзе зімою некалькі дзён могуць нават здарыцца марознымі.

Рэкі[правіць | правіць зыходнік]

На востраве 103 ракі, найдаўжэйшая — Махавелі (335 км), басейн якой займае пятую частку Шры-Ланкі. Рэкі Цэнтральнага плато багатыя на вадаспады: усяго налічваецца 51 вадаспад вышэй за 10 м. Рэкорд вышыні належыць вадаспаду Бамбараканда (241 м).

Раслінны і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Раслінны свет — вільготныя экватарыяльныя лясы з разнастайным відавым складам (панданусы, пальмы і інш.). Каля 7000 га займаюць мангравыя лясы. Жывёльны свет вельмі багаты, што ўвогуле не надта характэрна для астравоў; шмат буйных млекакормячых: дзікія буйвалы, сланы, малпы, алені замбар, мядзведзь-губач. 12 нацыянальных паркаў, 3 запаведнікі і 51 рэзервацыя займаюць 14 % тэрыторыі вострава.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]