Штучны розум (фільм)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Штучны розум, фільм)
Штучны розумM:
англ.: A.I. Artificial Intelligence
Жанр Навуковая фантастыка
Драма
Экранізацыя
Рэжысёр Стывен Спілберг
Прадзюсар Стывен Спілберг
Кэтлін Кенэдзі
Боні Кёрціс
Сцэнарыст Апавяданне і канцэпция:'
Браян Олдыс
Сюжэт:
Іэн Уотсан
Сцэнарый:
Стывен Спілберг
У галоўных
ролях
Хэйлі Джоал Осмент
Джуд Лоу
Уільям Хёрт
Фрэнсіс О’Конар
Сэм Робардс
Джэйк Томас
Аператар Януш Камінскі
Кампазітар Джон Уільямс
Кінакампанія DreamWorks
Amblin Entertainment
Stanley Kubrick Productions
Працягласць 146 хвілін
Бюджэт 100 млн $
Зборы 236 млн $
Краіна Сцяг ЗША ЗША
Мова англійская
Год 2001
IMDb ID 0212720
Афіцыйны сайт (англ.)

«Шту́чны ро́зум» (англ.: A.I. Artificial Intelligence, таксама вядомы як AI ці A.I.[1]) — амерыканскі навукова-фантастычны фільм-драма рэжысёра, прадзюсара і сцэнарыста Стывена Спілберга, зняты ў 2001 годзе па матывам апавядання Браяна Олдыса «Суперцацак хапае на ўсё лета» (англ.: Super-Toys Last All Summer Long) з Хэйлі Джоал Осментам, Джудам Лоу, Фрэнсіс О’Конар, Сэмам Робардсам, Джэйкам Томасам і Уільямам Хёртам у галоўных ролях. У цэнтры сюжэта фільма — Дэвід, хлопчык-андроід, запраграмаваны на любоў.

Спачатку за стварэнне фільма ўзяўся рэжысёр Стэнлі Кубрык яшчэ ў пачатку 1970-х. Напісаннем сцэнарыя займаўся цэлы шэраг аўтараў, улучаючы Браяна Олдыса, Боба Шоу, Іэна Уотсана і Сару Мейтланд. Фільм знаходзіўся ў стадыі вытворчага пекла цягам некалькіх гадоў з-за таго, што Кубрык лічыў камп’ютарную графіку тых гадоў недастаткова прыгожай. Здымкі фільма пачаліся пасля смерці Кубрыка, у 2000 годзе. Яго месца заняў Стывен Спілберг, якога заняцца кінастужкай угаварылі прадзюсар фільма Ян Харлан і жонка Стэнлі Крысціяна Кубрык. «Штучны розум» атрымаў у цэлым станоўчыя водгукі крытыкаў і быў намінаваны ў дзвюх катэгорыях на прэмію «Оскар» і ў трох катэгорыях на прэмію «Залаты глобус».

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

У XXII стагоддзі глабальнае пацяпленне прывяло да раставання палярных ільдоў, затаплення берагавых ліній, што змушае ўрад ЗША прыняць законы, што строга абмяжоўваюць нараджэнне. З’яўляецца новы клас робатаў — чалавекападобныя андроіды, здольныя эмуляваць думкі і эмоцыі. Людзі і робаты называюцца як о́рга (арганізм) і ме́ха (механізм) адпаведна. Нягледзячы на волю, апошнія не маюць палітычнага і прававога статусу і могуць існаваць законна толькі пры наяўнасці ліцэнзіі[2]. Дэвід, прататып мадэлі, створанай кампаніяй «Кібертроніка», — хлопчыкападобны робат, запраграмаваны на любоў да сваіх чалавечых уладальнікаў. Кампанія тэстуе свой твор на адным з супрацоўнікаў, Генры Свінтане, і яго жонцы, Моніцы. Сын Свінтанаў, Марцін, быў змешчаны ў анабіёз да таго моманту, пакуль не знойдзецца спосаб вылечыць яго рэдкую хваробу. Нягледзячы на тое, што Моніку спачатку палохаў Дэвід, яна ўсё ж актывавала ў ім праграму праекцыявання любові. Дэвід таксама пасябраваў з Тэдзі, робатам-плюшавым мішкам, які клапоціцца пра дабрабыт андроіда.

Пасля таго як лячэнне для Марціна было знойдзена, той вяртаецца дахаты, дзе настае саперніцтва паміж ім і Дэвідам. Марцін пераконвае Дэвіда пайсці ўначы ў спальню бацькоў і адстрыгчы ў Монікі пасму яе валасоў, але ў момант, калі Дэвід робіць гэта, бацькі прачынаюцца. На вечарыне ля басейна адзін з сяброў Марціна, спрабуючы актываваць праграму самаабароны Дэвіда з дапамогай нажа, моцна палохае яго. Дэвід чапляецца за Марціна, і яны абодва валяцца ў басейн. Нават на дне Дэвід працягвае трымаць яго. Ад патаплення Марціна ратуе Генры. Бацькі шакаваны дзеяннямі Дэвіда і турбуюцца пра тое, што яго здольнасць любіць таксама дала яму здольнасць ненавідзець. Генры пераконвае Моніку аддаць Дэвіда ў «Кібертроніку», дзе ён будзе знішчаны. Тым не менш, па шляху ў кампанію Моніка мяркуе пакінуць яго ў ляску разам з мішкам, каб усцерагчы яго ад разбурэння. Застаўшыся з Тэдзі, Дэвід успамінае казку Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа», якую яму чыталі бацькі, і вырашае адшукаць Блакітную Фею, каб тая ператварыла яго ў сапраўднага хлопчыка. Ён мяркуе, што мама палюбіць яго пасля гэтага. Адправіўшыся на пошукі, ён трапляе на шоу-імпрэзу «Кірмаш плоці», дзе састарэлых робатаў знішчаюць перад радасным натоўпам. Дэвід апынаецца на крок ад знішчэння, але гледачы, ашукаўшыся рэалістычным характарам Дэвіда, адзінага з усіх робатаў, хто маліў захаваць яму жыццё, адпускаюць яго. Пратаганіст уцякае адтуль разам з Жыгала Джо — робатам, што кінуўся ў бегі пасля вінавачання ў забойстве, якога не здзяйсняў.

Джо, Тэдзі і Дэвід адпраўляюцца ў Чырвоны Горад — мегаполіс ЗША. Дзякуючы інфармацыі з галаграфічнай даведкавай сістэмы, што завецца «Доктар Ноу», героі дабіраюцца на верхнія паверхі Ракфелераўскага цэнтра ў часткова затопленым Манхэтэне. Туды яны трапляюць на амфібілёце, лятальным апараце, здольным таксама апускацца пад ваду, які яны ўкралі ў Чырвоным Горадзе ля паліцыі. У Манхэтэне Дэвід сустракае свайго стваральніка, прафесара Алена Хобі, які расказвае яму, што іх сустрэча — гэта эксперымент, што паказвае рэальнасць любові і жадання Дэвіда. Апроч таго, робіцца ясна, што зроблена ўжо шмат копій Дэвіда, у тым ліку і версіі жаночага полу. Дэвід усведамляе, што не з’яўляецца ўнікальным, і пачынае сумаваць. Запаўшы ў маркоту, ён спрабуе скончыць самагубствам, упаўшы з выступу хмарачоса ў акіян, але Джо ратуе яго на амфібілёце. Дэвід кажа Джо, што бачыў Блакітную Фею пад вадой, і хоча спусціцца да яе. У гэты момант Джо хапае паліцыя з дапамогай электрамагніта. Дэвід і Тэдзі спускаюцца на дно ў амфібілёце на пошукі Феі, якая аказваецца статуяй з атракцыёна на Коні-Айлэнд. Тэдзі і Дэвід апынаюцца ў пастцы, калі кола агляду Wonder Wheel  (англ.) падае на іх транспартны сродак. Мяркуючы, што Блакітная Фея рэальная, Дэвід просіць, каб яна ператварыла яго ў сапраўднага хлопчыка, паўтараючы сваё жаданне да таго моманту, пакуль яго ўнутраная крыніца сілкавання не сканчаецца.

Так праходзіць дзве тысячы гадоў. Чалавецтва вымірае, а Манхэтэн пахаваны пад некалькімі сотнямі футаў лёду[3]. Робаты ператварыліся ў высокаразвітыя гуманоідныя формы[4]. Яны знаходзяць Дэвіда і Тэдзі, высвятляюць, што тыя з’яўляюцца старажытнымі робатамі, якія бачылі жывых людзей, і размарожваюць іх. Дэвід падыходзіць да замарожанай статуі Блакітнай Феі, якая трэскаецца і разбураецца пасля таго, як ён датыкаецца да яе. Атрымаўшы і асэнсаваўшы ўспаміны Дэвіда, футурыстычныя робаты рэканструююць хату сям’і Свінтан і тлумачаць яму з дапамогай інтэрактыўнай выявы Блакітнай Феі, што немагчыма зрабіць яго чалавекам. Тым не менш, па патрабаванні Дэвіда, яны ўзнаўляюць Моніку праз узор ДНК з пасмы яе валасоў, якую захаваў Тэдзі. Але яна можа жыць толькі адзін дзень, і гэты працэс не можа быць паўтораны. Дэвід праводзіць свой самы шчаслівы дзень з Монікай і з Тэдзі. Пад канец дня яна кладзецца спаць у апошні раз; Дэвід кладзецца поруч з ёй, заплюшчвае вочы і адпраўляецца «туды, дзе нараджаюцца мары». Робат-медзведзяня Тэдзі залазіць на ложак і глядзіць на Дэвіда і Моніку, якія засынаюць.

Акцёры[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Хэйлі Джоал Осмент Дэвід Дэвід
Джуд Лоу Жыгала Джо Жыгала Джо
Фрэнсіс О’Конар Моніка Свінтан мама Моніка Свінтан
Сэм Робардс Генры Свінтан папа Генры Свінтан
Джэйк Томас Марцін Свінтан Марцін Свінтан
Уільям Хёрт Ален Хобі прафесар Ален Хобі
Брэндан Глісан Лорд Джонсан-Джонсан Лорд Джонсан-Джонсан
Кен Люн Саятуа-Сама Саятуа-Сама
Хантэр Кінг Аманда Аманда
Акцёр Роля
Джэк Энджэл (голас) Тэдзі Тэдзі
Бен Кінгслі (голас) апавяданнік і лідар футурыстычных робатаў апавяданнік і лідар футурыстычных робатаў
Робін Уільямс (голас) Доктар Ноу — галаграфічны Эйнштэйн Доктар Ноу — галаграфічны Эйнштэйн (камеа)
Мэрыл Стрып (голас) Блакітная Фея Блакітная Фея (камеа)
Крыс Рок (голас) робат, знішчаны на «Кірмашы плоці» робат, знішчаны на «Кірмашы плоці» (камеа)
Акцёрскі склад «Штучнага розума» злева направа: Хэйлі Джоал Осмент, Джуд Лоу, Уільям Хёрт, Брэндан Глісан, Бен Кінгслі, Робін Уільямс, Мэрыл Стрып

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Artificial Intelligence A.I. (англ.). Film & TV Database. Sight & Sound. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 1 сакавіка 2012.
  2. V. Alan White 2008, p. 211.
  3. Windolf, Jim. Q&A: Steven Spielberg (англ.). Vanity Fair (2 снежня 2007). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2012. Праверана 18 лютага 2012.
  4. The Kubrick FAQ Part 2: A.I.. The Kubrick Site. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2012. Праверана 19 лютага 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Штучны розум (фільм)