Перайсці да зместу

Штэтл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Штэтлідыш: שטעטל — «гарадок») — невялікі населены пункт (мястэчка), большасць насельніцтва якога з’яўляюцца яўрэямі.

Найбольшае распаўсюджанне штэтлы атрымалі на тэрыторыі Расійскай імперыі, а менавіта на землях былых Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.

Фарміраванне штэтлаў пачалося ў другой палове XVII стагоддзя. У гэты час землі Рэчы Паспалітай выпрабоўвалі дэмаграфічны крызіс, выкліканы вайной з Расіяй 1654—1667 гадоў. Страта насельніцтва кампенсавалася за кошт яўрэйскіх бежанцаў з Заходняй Еўропы. Ужо ў наступным стагоддзі габрэі складалі значную частку гарадскіх жыхароў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай расійскі царскі ўрад увёў мяжу аселасці і пачаў праводзіць палітыку высялення яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі. Менавіта тады штэтлы канчаткова аформіліся. Да канца XIX стагоддзя толькі на беларускіх землях каля 65% ад усяго насельніцтва мястэчак былі яўрэямі.

Для штэтлаў былі характэрны наступныя асаблівасці:

  • Традыцыі самакіравання, якое ажыццяўлялася асаблівым органам — кагалам.
  • Ізаляванае жыццё, захаванне абрадаў і традыцый, кансерватызм і сацыяльная коснасць.
  • Кантроль абшчыны за жыццём і паводзінамі сваіх членаў.
  • Асноўным цэнтрам сацыяльнага жыцця, як і духоўнага, а ў перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гадоў таксама палітычнага, была сінагога.

Асноўным месцам узаемадзеяння яўрэяў з прадстаўнікамі іншых народаў быў рынак. У базарны дзень сяляне з навакольных вёсак прыбывалі ў штэтл на павозках і, прадаўшы свой тавар яўрэям, накіроўваліся з заробленымі грашыма ў яўрэйскія ж крамы.

Першая сусветная вайна, рэвалюцыі, савецка-польская вайна і звязаныя з імі рабаванні, рэквізіцыі і пагромы нанеслі значную шкоду штэтлам. У канчатковы заняпад яны прыйшлі ў сувязі з Халакостам, калі значная частка яўрэяў Еўропы была знішчана.