Шумер

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Карта Шумера

Шумер — старажытная краіна ў Паўднёвай Месапатаміі, на землях сучаснага Ірака. Існавала ў 4—2 тыс. да н.э.

Старажытныя паселішчы на гэтых землях вядомыя з IV тыс. да н.э. У 2-й пал. IV тыс. да н.э. заселена шумерамі, якія заснавалі тут гарады-дзяржавы. Асноўныя заняткі насельніцтва: рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля, рамёствы. Эканоміка Шумера была заснавана на ірыгацыйным земляробстве: у абшчынных, храмавых і буйнаўласніцкіх гаспадарках выкарыстоўвалася праца вольных абшчыннікаў, кліентаў, рабоў.

Змест палітычнага жыцця Шумер складала ўнутраная барацьба ў гарадах паміж абшчынай, родава-храмавай арыстакратыяй і вярхоўным правіцелем. Паміж гарадамі-дзяржавамі вялася барацьба за сельскагаспадарчыя ўгоддзі і ірыгацыйныя сістэмы, што прыводзіла да часовых узвышэнняў аднаго з іх. На працягу амаль трох стагоддзяў перыядычна ўзвышаюцца шумерскія гарады і Акад. Яны былі важнымі гандлёвымі, рамесніцкімі, культурнымі і культавымі цэнтрамі. 3 іх ліку вылучаюцца Эрэду, Урук, Ур, Лагаш, Хафаджа, Ашнунак, Кіш. Правіцелі ўзводзілі абарончыя збудаванні, храмы ў гонар багоў, вялікія палацавыя комплексы, будавалі складаныя ірыгацыйныя сістэмы.

На пачатку раннедынастычнага перыяду ў XXVIII-XXV ст. да н.э. паліт. перавага ад I дынастыі Кіша перайшла да I дынастыі Урука, а потым да I дынастыі Ура. 3 сярэдзіны XXV ст. да н.э. ўсталявана гегемонія правіцеляў Лагаша (страчана ў 1-й пал. XXIV ст. да н.э. пасля няўдалай спробы сацыяльных рэформ Уруінімгіны). У XXIV ст. да н.э. землі былі аб'яднаны пад уладай правіцеля горада Умы ў адзіную дзяржаву, куды ўвайшлі тэрыторыі Паўднёвага і Паўночнага Двухрэчча. Аднак стабільнасці гэта не прынесла. Раннедынастычны перыяд скончыўся ў 2-й пал. XXIV ст. да н.э. заваяваннем Шумера дзяржавай Акад. Акад быў разгромлены гуціямі, якія ў канцы XXII ст. да н.э. выгнаны царом Урука Утухенгалем. Улада над Шумерам перайшла да цароў III дынастыі Ура. У канцы XXI ст. да н.э. ў выніку нашэсця амарытаў і эламітаў Шумер канчаткова страціў самастойнасць. Пазней існаваў як частка Вавілоніі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.11. Футбол — Яя; Дадатак / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел.Сав.Эн., 1974. — 656 с.: іл., карты.
  • БелЭн у 18 т. Т. 17. - Мн., 2003.