Шываджы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чхатрапаці Шываджы Бхасале Махарадж
छत्रपती शिवाजीराजे भोसले
Мал. 1910 г.
Мал. 1910 г.
1-ы махараджа
6 чэрвеня 1674 г. — 3 красавіка 1680 г.

Нараджэнне 19 лютага 1630 г.
Шыўнеры (Пуна)
Смерць 3 красавіка 1680 г.
Род House of Bhonsle[d]
Бацька Шахаджы Бхасале
Маці Джыджабай
Жонка Саібай, Саярабай
Дзеці Sambhaji Shivaji Bhosale[d] і Rajaram I[d]
Веравызнанне індуізм
Дзейнасць імператар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Чхатрапаці Шываджы Бхасале Махарадж (маратхі: छत्रपती शिवाजीराजे भोसले, 19 лютага 1630 г. — 3 красавіка 1680 г.) — заснавальнік Імперыі Маратхаў, нацыянальны герой Індыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў крэпасці Шыўнеры (зараз горад Пуна). Яго бацька быў правадыром наймітаў з малавядомай тады індуісцкай касты маратхаў, які служыў султанам Дэлі. Большую частку дзяцінства Шываджы правёў з маці, якая адрознівалася значнай рэлігійнасцю. Дзякуючы ёй засвоіў асновы індуізму, старажытны індыйскі эпас і да канца жыцця цікавіўся рэлігійнымі пытаннямі. Яшчэ падлеткам сабраў вакол сябе суседніх хлопцаў, разам з якімі рыхтаваўся да ваеннай кар’еры і ў будычым зрабіў іх сваімі воінамі.

У 12 гадоў быў накіраваны да бацькі ў Бангалор, дзе ажаніўся з Саібай, прадстаўніцай высакароднай сям’і Німбалкар. У 14 гадоў зноў вярнуўся да маці, а ў 16 гадоў атрымаў у камандванне крэпасць. У якасці падданага Вялікіх Маголаў вёў паспяховыя ваенныя дзеянні супраць іншых валадароў Дэкана. У 16591660 гг. атрымаў шэраг бліскучых перамог над войскам султана Біджапура і ўсталяваў кантроль над значнымі тэрыторыямі. У выніку ён выйшаў з-пад падпарадкавання Маголам і пасля спусташэння часткі іх зямель уцягнуўся ў канфлікт з султанам Аўрангазебам. У 1664 г. Шываджы захапіў Сурат, важны гандлёвы цэнтр Аравійскага мора. Аўрангазеб паслаў супраць яго 150-тысячае войска. Шываджы быў вымушаны пайсці на перагаворы і 11 чэрвеня 1665 г. падпісаў мір, згодна якому перадаваў Вялікім Маголам 23 сваіх крэпасці, а таксама абавязваўся выплаціць кампенсацыю за спусташэнні і весці далейшую вайну супраць Біджапура.

У маі 1666 г. Шываджы разам з сынам Самбхаджы быў запрошаны Аўрангазебам у Агру. Імператар разглядаў магчымасць паслаць яго камандзірам войска ў Кандагар. Аднак з-за абразлівых паводзінаў у дачыненні да імперскага двара Шываджы трапіў пад хатні арышт, адкуль, асцерагаючыся смяротнага пакарання, збёг. У 1670 г. ён зноў распачаў барацьбу супраць Вялікіх Маголаў і да сярэдзіны 1674 г. адваяваў перададзеныя ім крэпасці, а таксама горад Сурат.

6 чэрвеня 1674 г. пасля бурных дыскусій з брахманамі ён быў каранаваны па індуісцкаму звычаю і прыняў тытул уладара ўсіх кшатрыяў (гл. Каста). Праз некалькі дзён памерла яго маці, і Шываджы палічыў гэта благім прадвесцем. Таму 24 верасня ён быў каранаваны яшчэ адзін раз. У 1675 г. ён заваяваў значную частку Паўднёвага Дэкана.

Памёр 3 красавіка 1680 г.

Ваенная і адміністрацыйная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Шываджы праявіў сябе як кемлівы ваенны дзеяч і таленавіты адміністратар. Ён стварыў сталую армію з моцнай конніццай і мабільнай пяхотай. Грамадства было значна мілітарызавана. Сяляне падначаленых яму тэрыторый павінны былі 8 месяцаў у годзе працаваць, а 4 — служыць у арміі. Акрамя таго, ён стварыў ваенную разведку, марскі флот (Шываджы часам называюць бацькам індыйскага ваенна-марскога флота), пераўзброіў воінаў. У ваеннай справе ён раіў абапірацца на імклівыя напады, дыверсійную і партызанскую тактыку.

Форма ўрада, створанага Шываджы з 8 міністраў прадхаана на чале першага міністра пешва, праіснавала да канца Імперыі Маратхаў. Шываджы знішчыў феадальны парадак перадачы буйных зямельных надзелаў лепшым воінам. Зямля знаходзілася ў карыстанні сялян.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]