Эбуроны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эбуроны (Eburones) — старажытнае племя, якое займала ў часы Цэзара міжрэчча Рэйна і Мааса па суседстве з менапіямі. Цэзар прылічвае яго да германцаў, аднак гальскія імёны згаданых ім правадыроў дазваляюць шэрагу навукоўцаў аднесці эбуронаў да ліку кельтаў.

Эбуроны на карце плямёнаў Галіі

Са згадкі эбуронаў у «Запісках пра Гальскую вайну» можна зрабіць выснову, што яны займалі ўсю тэрыторыю бельгійскага Лімбурга і нідэрландскага Лімбурга (у сучасных Бельгіі і Нідэрландах), а таксама прырэйнскія землі аж да Ахена. Пасля гэта вобласць увайшла ў склад рымскай правінцыі Ніжняя Германія.

Паўстанне эбуронаў[правіць | правіць зыходнік]

У 54 годзе да н.э. Гай Юлій Цэзар раскватараваў на зіму XIV Парны легіён (легіён і пяць кагорт) пад камандаваннем Кота і Сабінуса ў краіне эбуронаў. Узімку эбуроны паднялі паўстанне супраць рымлян пад камандаваннем Амбрыёрыкса і яго брата. На іх бок перашлі і нервіі. Разам яны напалі на лагер XIV Парнага легіёна і, выбавіўшы салдат з лагера, перабілі іх усіх, агульнай колькасцю да 6 тысяч. У сутычцы быў страчаны сцяг легіёна. Наступны напад на лагер Квінта Тулія Цыцэрона (брата знакамітага аратара) быў перарваны своечасовым умяшаннем Ціта Лабіена.

Не жадаючы губляць людзей у звыклых эбуронам балотах і лясах, Цэзар аддаў іх краіну на рабаванне суседзям, і ў першую чаргу сікамбрам. Услед за гэтым ён аддаў агню ўсе паселішчы эбуронаў, забраў іх скаціну і знішчыў харчовыя прыпасы. Пасля гэтага эбуроны знікаюць з гісторыі, саступаючы месца германскаму племю тунграў[1][2].

Зноскі

  1. Эбуроны // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  2. Тунгры // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]