Перайсці да зместу

Эдвард Матэй Ромер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эдвард Матэй Ромер
Фатаграфія
Дата нараджэння 19 верасня 1848(1848-09-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 лютага 1900(1900-02-10) (51 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Эдвард Ян Ромер
Маці Соф’я з Белазораў[d]
Жонка Юзэфа з Чахоўскіх[d]
Дзеці Рэгіна з Ромераў[d]
Род дзейнасці мастак
Вучоба Віленская гімназія
Дрэздэнская акадэмія мастацтваў  (англ.)
Мюнхенская акадэмія мастацтваў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Эдвард Матэй Ян Ромер (польск.: Edward Mateusz Jan Römer; 19 верасня 1848, Волагда, Расійская імперыя — 22 лістапада 1900[1] ці 10 лютага 1900[2], в. Лунна, Расійская імперыя) — мастак. З шляхецкага роду Ромераў. Брат Альфрэда Ізідора Ромера.

Партрэт бацькі Эдварда Яна Ромера
Паэт Антанас Страздас, 1877

Нарадзіўся ў Волагдзе, дзе бацька Эдвард Ян Ромер разам з маці Эдварда Матэя Зоф’яй з Белазораў адбываў 13-гадовую ссылку за супрацоўніцтва з эмісарам Маладой Польшчы Шыманам Канарскім.

У 1852 годзе сям’я вярнулася на Радзіму, дзе жылі ў радавым маёнтку ці ў Вільні. Здольны Эдвард Матэй Ромер вучыўся малюнку спачатку ў бацькі мастака-аматара, а потым у Канута Русецкага, свайго бацькі — Эдварда Яна (вучня Міхала Падалінскага і Рустэма) і Яна Зянкевіча[3]. У 1867 годзе скончыў Віленскую гімназію і выехаў на вучобу ў Дрэздэнскую акадэмію мастацтваў  (англ.) дзе ён вучыўся пад кіраўніцтвам К. Шульц да 1869[3] года. Малюнкі Э. М. Ромера змяшчаліся ў «Лейпцыгскай ілюстраванай газеце  (ням.)». У 1870 годзе Ромер перавёўся ў Мюнхенскую акадэмію мастацтваў, дзе вучыўся ў Г. Аншуца, А. Сойтца, А. Ромберга, у майстэрні баталіста Ф. Адама. Ромер Падтрымліваў адносіны з эмігрантамі з былой Рэчы Паспалітай В. Чахурскім, Ю. Брантам, Ю. Косакам, М. Герымскім. Быў пад уплывам Макса Герымскага і праф. Бранта. Герымскі высока цаніў яго як пейзажыста[3]. Пэўны час Эдвард Ромер працаваў у майстэрні Ксаверыя Пілата. Першыя працы ў Мюнхене «Вяртанне з ярмаркі» і «Пікет».

З 1873 годзе падчас падарожжа пабываў у Вене, Меране, Варшаве. У 1878 годзе вярнуўся ў Вільню і адкрыў на вуліцы Бокшта ў старым доме Ромераў мастацкую майстэрню, якой карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам Ізідорам Ромерам і сябрам Францішкам Юргілевічам.

У гэты час пісаў ён галоўным чынам бытавыя жанравыя сцэнкі, пейзажы: «Завіруха», «Перад вакзалам», «Перад майстэрняй». Маляваў партрэты «Каваль», «Сялянін у футравай шапцы». Майстэрскі напісаны «Партрэт бацькі мастака» — свайго сябра Ю. Юргілевіча.

Шэраг яго твораў прысвечаны ўдзельнікам паўстання Кастуся Каліноўскага: «Патруль», «Хаціна ў лесе». Пэндзлю Эдварда Матэя Ромера належыць партрэт народнага літоўскага паэта Антанаса Страздаса  (літ.) (190x101, алей). На палатне паўстае постаць волата. Палац, месцячковыя дамы, нават ветраны млын у параўнанні з ім здаюцца цацачнымі. Паэт бы магутная глыба стаіць на зямлі, сягаючы да неба. Апрануты сціпла, ён стаміўся, зняў галаўны ўбор і навесіў на руку ковенькі, на якую апіраецца, у правай руцэ трымае хусцінку, якой толькі што выцер твар. Непакорныя валасы, шырокі твар, прасветлены лоб, на маршчыністым валявым задуменным твары трывога і надзея. Складваецца ўражанне, што паэт вандруе па вёсках і мястэчках, заклікаючы народ да змагання за лепшую долю.

Два вершнікі, 1872

У 1873 годзе працы Ромера экспанаваліся ў Кракаўскім Таварыстве Сяброў Выяўленчых Мастацтваў  (польск.): «Адпачынак перад карчмой», «Вузкакалейка на Літве», «Чыгуначная станцыя», У парку", «Куліч», «Пад таполямі», «Мяцеліца». На выстаўцы ў Варшаве палотны «Чыгуначная станцыя», «На запусты», «Пасля работы», «Вяртанне» былі куплены Таварыствам Заахвочвання Выяўленчых Мастацтваў  (польск.).

16 сакавіка 1880 года ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай гербу «Окша», дачкой Аляксандра Чахоўскага і Валерыі Ромер, і атрымаў у якасці пасагу Лунна.

Зімовы пейзаж

У 1894 годзе на выстаўке сучаснага мастацтва ў Львове карціна «Мяцеліца-2» атрымала срэбраным медалем.

Ромер выстаўляў свае працы ў Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене, дзе карціна «Мая хата» атрымала прыз і была куплена прафесарам мастацтва з Бруселя І. Дэ Гасам. Апошнімі яго працамі былі пейзажы з хлопчыкам на кані, зімовая карціна «Тры каралі» і нескончаная праца «Ад’езд дыцэзіі жмудскага біскупа». Таксама Ромер пакінуў многа эскізаў.

Ромер пасля цяжкага запалення лёгкіх меў клопаты са здароўем, але не пакідаў маляваць. Апошнія тры гады жыцця з-за хваробы Ромер пражыў у Лунна, працаваў мала. Памёр Эдвард Матэй Ромер 10 лютага 1900 года ў Лунне. Пахаваны ў радавой капліцы ў Троках[3]. Карціны Ромера захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве («Амазонка»), Кракава («На выпасе-2»), у Літоўскім мастацкім музеі  (літ.) ў Вільнюсе (7 работ) і ў музеі Каўнаса.

Касцёл у Лунне, уверсе памятная пліта ў гонар Эдварда Матэя Ромера.

У шлюбе з Юзэфай Чахоўскай меў дзяцей:

  • Эдвард Валерыян Аляксандр (1881—1901).
  • Рэгіна Рахеля Казіміра (нар. 1882), у шлюбе з Міхалам Піусам Ромерам.
  • Юзаф Марыя Ежы (нар. 1883).
  • Ежы Себасцьян (1896—1919).

Зноскі

  1. Ромэры(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2022. Праверана 19 лютага 2012.
  2. Edward Mateusz Jan Römer h. Laski
  3. а б в г Станіслаў Сільвановіч. Гісторыя маёнткаў Лунна, воля і лёсы іх уладальнікаў