Эдуард Іосіфавіч Сянкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эдуард Іосіфавіч Сянкевіч
Нараджэнне 1889
Смерць 2 верасня 1937(1937-09-02)
Месца пахавання
Узнагароды
ордэн Чырвонага Сцяга
Ганаровы супрацоўнік дзяржбяспекі

Эдуард Іосіфавіч Сянкевіч (1889, Ашмяны1937) — дзяржаўны дзеяч, член Цэнтральнага выканаўчага камітэта Літоўска-Беларускай Рэспублікі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька, Іосіф Марцінавіч Сянкевіч — беззямельны селянін, маці — сялянка з Граўжышкоўскай воласці. Гадаваўся ў сваякоў у вёсцы. Да 12 гадоў вучыўся ў прыходскай школе. Затым стаў вучыцца ў майстэрні сталярскай справе, пасля чаго працаваў падмайстрам. Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю.

У час рэвалюцыі 1905 года быў прызначаны ў баявы атрад. Наведваў гурткі, мітынгі. Уступіў у партыю эсэраў, праз год перайшоў у РСДРП. Быў арыштаваны, зняволены на 3 месяцы ў турму. Пасля вызвалення застаўся без работы, вымушаны быў з’ехаць у Вільню, але, не знайшоўшы работу, вярнуўся ў Ашмяны. Калі пачалася імперыялістычная вайна, апынуўся на фронце ў інжынерных часцях, быў цесляром, старшым цесляром.

У 1917 годзе ў час рэвалюцыі быў выбраны дзесятнікам і дэлегатам на з’езд інжчасцей 5-й арміі. На з’ездзе выбраны членам выканаўчага камітэта дарожна-маставой арганізацыі 5-й арміі, затым — камісарам той жа арганізацыі. У 1918 годзе быў накіраваны ў Вільню, дзе працаваў падпольна па заданні камуністычнай партыі. Быў арыштаваны палякамі, вызваліўся з прыходам чырвоных войск. На з’ездзе Саветаў Літвы, якая пазней аб’ядналася з Беларуссю, выбраны членам ЦВК Літбел.

У 1919 годзе, пасля захопу палякамі Вільні, ЦВК накіраваў яго на работу ў г. Панявежыс Ковенскай губерні. Змагаўся на франтах Грамадзянскай вайны, потым трапіў на службу ў Мінскую гарадскую надзвычайную камісію, затым — зноў на фронт камісарам 3-й брыгады 17-й дывізіі. Праз 10 месяцаў пры пераходзе Латвійскага фронту быў арыштаваны і зняволены ў турму (Рэжыца, Рыга), чакаў смяротнага прыгавору. Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору быў абменены і накіраваны ў Маскву ў ЦК РКП для справаздачы. Да 1923 года — у асобым аддзеле Заходняга фронту і Беларусі.

Служыў у органах АДПУ—НКУС, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1927).

У 1937 годзе рэпрэсаваны, загінуў 2 верасня 1937 года, рэабілітаваны пасмяротна.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сянкевіч Эдуард Іосіфавіч (1889—1937) // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2014 год / склад. Г. У. Палубінская.— Ашмяны, 2014. — С. 4—5.
  • У полымі рэвалюцый : з успамінаў Эдуарда Іосіфавіча Сянкевіча, члена Цэнтральнага выканаўчага камітэта Літоўска-Беларускай Рэспублікі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 168—169.