Эканоміка Антыгуа і Барбуды

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Эканоміка Антыгуа і Барбуды арыентаваная на развіццё турызму, які забяспечвае больш за 70% валютных паступленняў і занятасць 60% працаздольнага насельніцтва. Антыгуа і Барбуда славяцца раскошнымі курортамі, трэцяя частка турыстаў прыходзіцца на ЗША. На пачатку 2000-х папулярнасць астравоў даволі рэзка ўпала, што прывяло да фінансавых цяжкасцяў. Увогуле ж у сферы паслуг занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва і ствараецца 77% ВУП.[1] Памер ВУП – 2,4 млрд. дол. ЗША (2017). У 2005 тэмпы прыросту эканомікі склалі 4 %, у 2015-2017 вагаліся ў межах 2,8-5%.

У сельскай гаспадарцы (2,3% ВУП) пераважае вырошчванне гародніны і садавіны для ўнутранага спажывання, паколькі для экспартных бавоўны, цукровага трыснягу і цытрусавых вытворчасць абмежавана нізкім гадавым узроўнем дажджавых ападкаў і глебавай эрозіяй. Рыбалоўства развіта слаба, у прыватнасці ў сувязі з збядненнем рыбных рэсурсаў і недахопам суднаў.

Прамысловасць (20,2% ВУП) прадстаўленая ў асноўным тэкстыльнай і мэблевай галінамі, а таксама прадпрыемствамі па зборцы асобных відаў электраапаратуры, вытворчасці цукру-сырцу, харчовых прадуктаў, рому, будматэрыялаў. Маецца нафтаперапрацоўчы завод.

У апошні час хутка развіваецца банкаўска-фінансавы сектар. Зарэгістравана больш 70 афшорных банкаў з удзелам замежнага капіталу (буйнейшыя — каралеўскі банк Канады (RBC) і Scotiabank) некалькі траставых і каля 5 тыс. камерцыйных кампаній. Інвестуючы ў эканоміку краіны (фонд нацыянальнага развіцця, дзяржаўныя аблігацыі), або набываючы нерухомую маёмасць, вы даволі лёгка можаце атрымаць грамадзянства Антыгуа і Барбуды. У апошнія гады ў мэтах процідзеяння адмыванню грошай у краіне прынятыя папраўкі да закона аб міжнародных карпарацыях. З 2002 ускладніўся рэжым выдачы антыгуанскіх пашпартоў замежным грамадзянам.

Пад сцягам Антыгуа і Барбуды плавае значная колькасць (каля 1300) суднаў, якія належаць замежным кампаніям У 2003 у краіне быў прыняты закон, які вызваліў уладальнікаў зарэгістраваных там суднаў ад выплаты прамых падаткаў на працягу 50 гадоў.

Знешні доўг – 86,8 % ВУП (2017). Узровень беспрацоўя – каля 11% працаздольнага насельніцтва (2014).

Асноўныя артыкулы экспарту – бавоўна, цытрусавыя, ром, бытавая электратэхніка. Таварная наменклатура імпарту ўключае ў сябе харчаванне, машыны і транспартнае абсталяванне, прадукцыю прамысловага прызначэння, хімікаты і нафта. Галоўныя гандлёвыя партнёры – ЗША, Вялікабрытанія, Канада, усходнекарыбскія краіны, Японія, КНР, Германія.

Зноскі