Эканоміка Бангладэш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бангладэш — краіна з нізкім узроўнем даходу нацыянальнай эканомікі і слаба развітым рынкам. Аднак у ХХІ стагоддзі прыцягненне замежнага капіталу з выкарыстаннем таннай працоўнай сілы дазволіла стварыць магутную швейную і тэкстыльную прамысловасць, а Бангладэш увайшла у лік буйнейшых у свеце экспарцёраў тэкстылю і адзення. Аснову сельскай гаспадаркі, у якой занята амаль палова насельніцтва, складае вырошванне рысу і джуту. Прызнаючы вялікі патэнцыял краіны, эканамісты адносяць Бангладэш да групы "N-11" (Наступныя 11 эканомік).

Паказчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле класіфікацыі ААН Бангладэш доўгі час уваходзіла ў лік найменш развітых краін свету. У 2000-2010-я гг.. Бангладэш, нягледзячы на карупцыю, палітычную нестабільнасць і інш., дэманстравала адныя з найвышэйшых тэмпаў росту ВУП у свеце (у 2015-2017 — у сярэднім 7 % штогод)[1]. Тым не менш, 24% насельніцтва краіны ўсё яшчэ жыве ніжэй міжнароднай рысы беднасці на менш чым $ 1,25 у дзень(у 2007 такіх было нашмат больш — 42 %). Аб'ём ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці ў 2017 склаў 687 млрд дол. (у 2015 — 600 млрд.) на душу насельніцтва — 4600 дол. ЗША.

Залатавалютныя запасы — 5,5 млрд дол (2007). Дзяржаўны доўг — 80 млрд дол (2016). Інфляцыя ў 2017 на ўзроўні 5,7 %. Узровень беспрацоўя невысокі — 4 % у 2015-2016.[2]

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Рабочыя на рысавым полі — амаль палова насельніцтва Бангладэш занята ў сельскай гаспадарцы

Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка з рысавым ухілам, у якой занята каля 43 % насельніцтва. Збор зерневых (рыс, пшаніца) у пачатку 2000-х не перавышаў 20 млн т. і не задавальняў ўнутраных патрэб краіны, таму харчовы дэфіцыт пакрываўся за кошт імпарту. У апошнія гады сельская гаспадарка дасягнула значных поспехаў: аднаго рысу збіраецца больш за 50 млн тон штогод, а яшчэ Бангладэш уваходзіць у першую дзясятку краін па зборы бульбы — 8 млн тон у 2018, па гэтым паказчыку бангладэшскія аграрыі апярэдзілі беларускіх! Галоўныя тэхнічныя культуры: джут, па вырошванні якога Бангладэш з'яўляецца сусветным лідарам, а таксама чай. Сельская гаспаарка краіны падвяргаецца шматлікім пагрозам: напрыклад, у 2017 частка ўраджаю рысу была страчана ў выніку рэкорднае паводкі, яшчэ частку з'елі 700 тыс. бежанцаў з М'янмы. Па прычыне аграрнай перанаселенасці адною з найвялікшых праблем краіны з'яўляецца беззямелле. Беззямельныя сяляне часта перасяляюцца ў гарады, асабліва Даку, дзе цяжка знайсці працу і жытло. Іншыя незаконна перабіраюцца ў Індыю.

Энергетыка[правіць | правіць зыходнік]

У Бангладэш вядзецца здабыча прыроднага газу (запасы ацэньваюцца ад 360 да 657 млрд куб.м.), нафты. У 2018 годзе быў адрыты тэрмінал і пачаўся экспарт звадкаванага прыроднага газу. Гідраэнергетычныя рэсурсы выкарыстоўваюцца практычна поўнасцю. У 2017 пачалося будаўніцтва АЭС «Рупур» у 160 км на захад ад Дакі. Праектная магутнасць АЭС — 2400 МВт, адкрыццё плануецца ў 2023 годзе, будоўлю вядзе расійскі «Атамбудэкспарт».

Лёгкая прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

У 2000-10-х у Бангладэш адбылася індустрыялізацыя са швейным ухілам. Удзельная вага прамысловасці, у якой занята 20 % насельніцтва, у канцы 2010-х складае 29% ВУП (у 2005 — усяго 12%). Яе аснова — тэкстыльныя, швейныя, джутавыя і гарбарныя прадпрыемствы. Падмуркам для выбуховага росту прамысловасці стала палітыка заахвочвання прыватнага капіталу (праводзіцца з пачатку 1990-х), у тым ліку замежнага, які ўжо заняў трывалыя пазіцыі ў тытунёвай, фармацэўтычнай, хімічнай, гарбарнай прамысловасці, а таксама ў энергетыку і газаздабычу. Асабліва спрыяльныя ўмовы для замежных капіталаўкладанняў створаныя ў свабодных экспартных зонах, колькасць якіх павялічваецца з кожным годам. На канец 2007 іх было дзевяць.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Аб'ёмы экспарту ў 2016 склалі 39,4 млрд дол., імпарту — 49,4 млрд дол. На паслугі прыходзіцца каля 10 % знешняга гандлю, у экспарце пераважаюць ІТ-паслугі, у імпарце — транспартныя[3]. Асноўныя экспартныя тавары Бангладэш — прадукцыя лёгкай прамысловасці (тканіны, швейныя вырабы і трыкатаж, джут і вырабы з яго, абутак, 85% экспарту), а таксама марожаныя морапрадукты, кераміка, чай, медыкаменты. У наменклатуры імпарту пераважаюць прадукты харчавання, бавоўна, энерганосьбіты, машыны і абсталяванне, сыравіна і розныя спажывецкія тавары. Найбуйнейшыя імпарцёры бангладэшскай прадукцыі — ЗША, Вялікабрытанія, Германія і Францыя, а асноўныя пастаўшчыкі тавараў у Бангладэш — Кітай, Індыя, Сінгапур, Японія.

Гандлёвы абарот з Беларуссю ў 2016 склаў 155 млн долараў. 97 % беларускага экспарту прыйшлося на калійныя ўгнаенні. Падпісаныя пагадненні аб пастаўцы тэхнікі "Амкадор" на 50 млн долараў. [4]

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны марскі порт і гандлёва-прамысловы цэнтр са свабоднай экспартнай зонай — Чытагонг (4 млн. чал.). Становішча ў нізоўях буйнейшых рэк рэгіёна дорыць Бангладэш больш за 8000 км унутраных водных шляхоў, таму рачны транспарт тут мае вялікае значэнне.

Зноскі