Эканоміка Вялікабрытаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Банк Англіі, Лондан. Па ягоным узоры працуе большасць цэнтральных банкаў свету

Вялікабрытанія — высокаразвітая постіндустрыяльная краіна, буйны пастаўшчык прамысловай прадукцыі на сусветны рынак і буйны экспарцёр капіталу (пераважна ў развітыя краіны). Па агульным аб'ёме ВУП у Еўропе саступае толькі Германіі. ВУП на душу насельніцтва складае 45 500 долараў (2018). На сферу паслуг прыходзіцца 79 % аб'ёму ВУП.[1] У шматгаліновай прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць сучасныя галіны: складанае і навукаѐмістае машынабудаванне, хімічныя вытворчасці. Сельская гаспадарка адрозніваецца высокім узроўнем прадукцыйнасці працы і выкарыстаннем інтэнсіўных тэхналогій.

Эканоміка краіны рынкавая, з частковым дзяржаўным рэгуляваннем. Ролю міністэрства фінансаў адыгрывае Скарбніца яе Вялікасці (Her Majesty's Treasury). Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў = 100 пенсаў — трэцяя пасля даляра і еўра рэзервовая валюта. Банкі Шатландыі і Паўночнай Ірландыі маюць права выпускаць уласную валюту пры ўмовах яе забеспячэння адпаведнай колькасцю фунтаў. Нягледзячы на развітую эканоміку, паводле дадзеных ААН (2017), ва ўмовах скарачэння сацыяльных выдаткаў каля 14 млн брытанцаў жывуць у беднасці, з іх больш за 1,5 млн — у галечы.[2] Знешняя запазычанасць у 2018 складае 8,5 трлн даляраў — 2-е месца ў свеце пасля ЗША, і найвышэйшы % да ВУП пасля Ісландыі ды Люксембурга.[3]

Сфера паслуг[правіць | правіць зыходнік]

Лонданскі Сіці — адно з фінансавых сэрцаў свету

Вядучую ролю ў брытанскай сферы паслуг займае фінансавая дзейнасць, якая вызначае спецыялізацыю краіны ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Лонданская фондавая біржа — адна з найбуйнейшых і найстарэйшых бірж Еўропы і адзін з найбольш вядомых сусветных рынкаў каштоўных папер. Вялікабрытанія ажыццяўляе 10 % сусветнага экспарту паслуг — банкаўскіх, страхавых, кансультацыйных, ІТ. З кожным годам расце ўдзельная вага "крэатыўнай эканомікі" — рэкламы, дызайну, моды, прэсы і інш. Лондан — адзін з трох "камандных цэнтраў" сусветнай эканомікі разам з Токіа і Нью-Ёркам, а таксама мае самы вялікі валавы прадукт паміж усіх гарадоў Еўропы.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Менавіта ў Вялікабрытаніі распачалася прамысловая рэвалюцыя. Напачатку яна ахапіла тэкстыльную галіну, у ХІХ стагоддзі яе гадаванцамі сталі вугальная прамысловасць, суднабудаванне і чорная металургія. На працягу ХХ стагоддзя, асабліва яго другой паловы, адбываўся паступовы заняпад гэтых традыцыйных галін прамысловасці.

Энергетыка[правіць | правіць зыходнік]

Нафтаперапрацоўчы завод пад Саўтгемптанам

Энергетыка Вялікабрытаніі практычна цалкам грунтуецца на ўласных паліўных рэсурсах. Па запасах першасных крыніц энергіі (нафта, вугаль, прыродны газ) Альбіён займае першае месца ў Еўропе (без Расіі). У 2018 здабывалася 1 млн барэляў нафты штодзень — 2-е месца ў Еўропе пасля Нарвегіі. Больш за 60 % нафты, якая здабываецца з радовішчаў на шэльфе Паўночнага мора, паступае на экспарт. На тэрыторыі краіны знаходзіцца некалькі буйных вугальных басейнаў. Як вынік, дамінуючае становішча ў электраэнергетыцы Вялікабрытаніі займаюць ЦЭС. Здабыча каменнаа вугалю, што дасягнула піку ў гады Першай сустветнай вайны, да пачатку ХХІ стагоддзя значна скарацілася. У 2010-м Вялікабрытнанія здабыла 18 млн тон вугалю, у 2013 — 13 млн тон. У 2015 была закрыта апошняя глыбокая вугальная шахта. У электраэнергетыцы, акрамя ЦЭС, значную ролю граюць АЭС. На 8 брытанскіх АЭС выпрацоўваецца каля 15 % электраэнергіі. Пры гэтым усе яны мусяць быць закрыты да 2030 года. Развіваецца альтэрнатыўная энергетыка — у 2017 14 % электраэнергіі было выраблена на ветраных фермах.

Металургія[правіць | правіць зыходнік]

Металургія, якая некалі адыгрывала вырашальную ролю ў структуры прамысловасці, сёння страціла сваё значэнне. У другой палове 2010-х Вялікабрытанія выплаўляе каля 7,5 млн тон сталі штогод, саступаючы нават Бельгіі і Польшчы. Выкарыстанне пераважна імпартнай сыравіны абумовіла зрух вытворчасці ў прыморскія раёны. Алюмініевая прамысловасць Вялікабрытаніі сканцэнтравана паблізу ГЭС у Шатландыі.

Машынабудаванне[правіць | правіць зыходнік]

Маторы і крылы Аэробусаў вырабляюцца на брытанскіх заводах

Машынабудаванне забяспечвае каля 40 % кошту прадукцыі апрацоўчай прамысловасці. Развітая вытворчасць электронікі і электратэхнікі. Брытанскія фірмы спецыялізуюцца на вытворчасці сродкаў сувязі, турбін, аўтамабільных, авіяцыйных рухавікоў і электрарухавікоў. Другім у свеце вытворцам матораў з'яўляецца кампанія Rolls-Royce. Кампанія BAE Systems займае вядучыя пазіцыі ў абарончай авіябудаўнічай прамысловасці — стварае кампаненты знішчальнікаў Eurofighter Typhoon і F-35, трэніровачныя самалёты Hawk. Каля 29 000 тыс. чалавек занята ў касмічнай індустрыі. Развіта аўтамабілебудаванне: у 2017 было выраблена 1,75 млн аўтамабіляў.[4] Сярод славутых брытанскіх аўтамабільных брэндаў — Aston Martin, Bentley, Caterham Cars, Daimler, Jaguar, Lagonda, Land Rover, Lotus, McLaren, MG, Mini, Morgan і Rolls-Royce.

Іншыя галіны[правіць | правіць зыходнік]

У ліку найбольш развітых галін — хімічная прамысловасць, у тым ліку фармацэўтычная. Кожныя пятыя з найбольш прадаваных лекаў свету былі распрацаваны ў Злучаным Каралеўстве. Найстарэйшая галіна англійскай прамысловасці — тэкстыльная — згубіла ранейшае значэнне. Буйная харчовая (традыцыйная вытворчасць віскі, піва; перапрацоўка імпартнай сельскагаспадарчай сыравіны) прамысловасць; вытворчасць абутку, трыкатажу; вядомы англійскі фарфор.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

У сельскай гаспадарцы занята 1,6 % эканамічна актыўнага насельніцтва, вырабляецца 60 % патрэбных прадуктаў. Дзве траціны галіны прыпадае на жывёлагадоўлю: малочная і мяса-малочная жывёлагадоўля і беконная свінагадоўля; мяса-шарстная авечкагадоўля. Раслінаводства, якое вырабляе пераважна кармы, мае абслугоўваючае значэнне. Прыкладна 1/3 ворных угоддзяў занята сеянай травой і столькі ж — збожжавымі культурамі. Вырошчваюць пераважна ячмень, пшаніцу, цукровыя буракі, авёс, бульбу. Традыцыйна важнай галіной застаецца рыбалоўства, хоць яго аб'ёмы скарачаюцца.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Лонданская кальцавая аўтадарога M25 каля аэрапорта Хітроў. M25 — адзін з самых ажыўленых аўташляхоў у свеце

На развіццё транспарту Вялікабрытаніі вызначальны ўплыў аказала яе астраўное становішча. Вядучую ролю ў ім адыгрывае марскі транспарт, які забяспечвае 90 % усіх грузаперавозак як унутры краіны, так і ў гандлі з іншымі краінамі. Найбуйнейшыя марскія парты Вялікабрытаніі — Лондан, Ліверпуль, Саўтгемптан. Міжнародныя пасажырскія перавозкі забяспечваюцца пераважна авіяцыйным транспартам. Найбуйнейшы міжнародны аэрапорт — Хітроў (80 млн пасажыраў у 2018 годзе). Перавозкі грузаў і пасажыраў унутры краіны ажыццяўляюцца аўтамабільным і, у меншай ступені, чыгуначным транспартам. Роля чыгуначнага транспарту ў перавозцы пасажыраў, што змяншалася ўсё ХХ стагоддзе, істотна ўзрасла пасля будаўніцтва Еўратунэля, які злучыў Вялікабрытанію з французскім узбярэжжам мацерыка, а таксама прыватызацыі галіны ў 1994–1997. Сёння на востраве Вялікабрытанія больш за 16 тыс.км. чыгунак, яшчэ каля 300 км — у Паўночнай Ірландыі.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Паслугі складаюць 45 % брытанскага экспарту: ІТ — 21 %, фінансавая дзейнасць і страхаванне — 15 %, турызм і транспарт — па 5 %. У групе экспартных тавараў вылучаюцца аўтамабілі і дэталі самалётаў, лекі, нафта і прадукты нафтаперапрацоўкі, алкагольныя напоі. Імпартуюцца аўтамабілі, тэлефоны і ноўтбукі, золата, прадукты харчавання. На паслугі прыпадае каля 25 % імпарту, пераважаюць ІТ-паслугі. Галоўныя партнёры — Германія, ЗША, Кітай, Францыя, Нідэрланды.[5]

Гандаль з Беларуссю[правіць | правіць зыходнік]

У 2017 гандлёвы абарот Вялікабрытаніі і Беларусі склаў $ 2656 млн з дадатным для Беларусі сальда. Аснову беларускага экспарту (2,4 млрд) складаюць нафтапрадукты, брытанскі імпарт у Беларусь — гэта пераважна рухаваікі, алкагольныя напоі, гербіцыды, лекі.[6]

Зноскі