Эканоміка Егіпта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Егіпет — другая па аб’ёме эканомікі краіна Афрыкі — мае значны патэнцыял для таго каб у ХХІ стагоддзі стаць адной з вядучых эканомік свету. Эканоміка Егіпта, дзе такія сектары, як турызм, сельская гаспадарка, прамысловасць і сфера паслуг, знаходзяцца на амаль адным узроўні, з’яўляецца адной з найбольш разнастайных на Блізкім Усходзе. Значную долю валютных паступленняў у краіну дае збор за праход караблёў па Суэцкім канале. Эканамічная актыўнасць канцэнтруецца ў даліне Ніла і зоне Суэцкага канала.

Агульная характарстыка[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет — адна з найбольш эканамічна развітых краін Афрыкі і Блізкага Усходу з параўнальна магутнай і дыверсіфікаванай эканомікай. Мае другі па памерах ВУП на кантыненце пасля Нігерыі і сярод краін Афрыкі вылучаецца адносна высокім ВУП на душу насельніцтва. Прырост ВУП у 2017 годзе склаў 4,2 % супраць 4,3 % у 2016 годзе. Эканамічна актыўнае насельніцтва — 29,95 млн чалавек. Узровень беспрацоўя, па афіцыйных дадзеных, складае 12,2 % (12,7 % у 2016 годзе).[1] У структуры ВУП на вытворчыя галіны прыпадае 52 % (у тым ліку сельская гаспадарка — 14 %, здабыўная і апрацоўчая прамысловасці — 33 %, будаўніцтва — 5 %), сферу фінансаў і паслуг — 48 % (у тым ліку турызм — 12 %, сацыяльныя паслугі — 16 %). Егіпет валодае развітай банкаўскай сістэмай.

За часам прэзідэнцтва Насэра пераважала дзяржаўная форма ўласнасці, аднак пры Садату і Мубараку Егіпет павярнуўся да рынкавых адносін і сёння ўдзельная вага прыватнага сектару ў ВУП складае каля 75 %. У аграрным сектары амаль усе землі знаходзяцца ў прыватным валоданні.

Праблемы[правіць | правіць зыходнік]

У дакладзе ААН па праблемах «чалавечага развіцця» за 2004 год Егіпет па зводнаму паказчыку «узроўню і якасці жыцця» застаўся на 120 месцы сярод 177 дзяржаў, апынуўшыся ў разрадзе «крытычных краін» з пункта гледжання маёмаснага расслаення грамадства. На эканоміцы негатыўна адбіліся падзеі арабскай вясны — у выніку хваляванняў і палітычнай нестабільнасці знізіўся прыток замежных інвестыцый і паменшылася колькасць турыстаў, што вылілася ў скарачэнні валютных рэзерваў і дэвальвацыі фунта.

Фінансы ў 2005[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет валодае развітай банкаўскай сістэмай. У краіне функцыянуюць 43 банкі. У 2005 годзе дазволена адкрыццё прамых аддзяленняў замежных банкаў з статутным капіталам не менш за 50 млн долараў ЗША. Забяспечаная ўнутраная канвертавальнасць егіпецкага фунту, у лютым 2003 года абвешчаны яго вольны курс у дачыненні долара ЗША. Абменны курс у 2005 годзе — каля 5,75 фунтаў за долар. Узровень інфляцыі ў 2005 годзе склаў 10,2 %. Дэфіцыт дзяржбюджэту — 10,2 млрд долараў (4,7 млрд долараў — 2004 год). Золатавалютныя рэзервы — 22 млрд долараў ЗША (у 2004 годзе — 15 млрд.). Асноўныя крыніцы паступлення валюты ў 2005 годзе: прыбыткі ад турызму — 6,4 млрд долараў, экспарт вуглевадароднай сыравіны — 5,3 млрд долараў, паступленні ад Суэцкага канала — 3,5 млрд долараў, грашовыя пераводы егіпцян якія працуюць за мяжой — 3 млрд долараў. Эканоміка Егіпта шмат у чым залежыць ад замежнай дапамогі, аб’ём якой склаў у 2005 годзе 3 млрд долараў ЗША. Галоўны донар — ЗША (1,835 млрд долараў ЗША). Назапашаны аб’ём прамых замежных інвестыцый (без нафты) — 6,3 млрд долараў ЗША, у нафтагазавы сектар за перыяд з 1981—2005 гады — 16 млрд долараў.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

MCV 600

Галоўнымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца нафтагазаздабыўная і апрацоўчая: харчовая, тэкстыльная, нафтаперапрацоўчая, металургічная і некаторыя галіны машынабудавання.

Здабыўная[правіць | правіць зыходнік]

Запасы нафты — каля 530 млн т. У 2016 было здабыта каля 30 млн тон нафты. Выведаныя запасы газу — 2,2 трлн куб. м. (15-е месца ў свеце), здабыча ў 2016 годзе — 42 млрд куб. м. (у 2004 годзе — 34 млрд куб. м.). Экспартуецца звадкаваны прыродны газ. Нафта і газ здабываюцца на пустынным захадзе, у дэльце Ніла, у Суэцкім заліве. З 2008 года Егіпет ператварыўся ў нета-імпарцёра нафты і рызыкуе стаць нета-імпарцёрам газу, што звязана з ростам эканомікі пры абмежаванасці рэурсаў. Значныя паклады каменнага вугалю маюцца на паўночным усходзе Сіная, штогод здабываецца каля 600 тыс.тон.

Электраэнергетыка[правіць | правіць зыходнік]

З 1964 на дапамогу вуглевадароднаму сектару прыйшла Асуанская ГЭС на Ніле магутнасцю 2100 МВт. Выпрацоўваючы 10 млрд кВт*гадз электрычнасці штогод, паўстагоддзя таму яна забяспечвала палову патрэбаў Егіпта (да таго ж была электрыфікавана сельская мясцовасць), сёння толькі 15 %, астатняе прыходзіцца на ЦЭС. У цяперашні час Егіпет плануе пабудаваць сваю першую атамную электрастанцыю ў горадзе Эль-Дабаа у паўночнай частцы краіны на 25 млрд $ расійскага крэдыту.[2]

Апрацоўчая[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет мае найбольшыя ў Афрыцы нафтаперапрацоўчыя магутнасці, якія ў паўтара разы пераўзыходзяць аб’ёмы здабычы сваёй нафты. Развіта чорная металургія, металургічныя заводы працуюць у Александрыі, Садаце і Суэцы. У 2016 годзе Егіпет заняў 27-е месца ў свеце па выплаўцы сталі (5 млн тон), у пікавым 2013 было атрымана 6,8 млн тон. Сельская гаспадарка забяспечваецца ўласнымі азотнымі ўгнаеннямі, палова вытворчасці прыпадае на завод у горадзе Абу-Кір у ваколіцах Александрыі. У Каіры знаходзяцца прадпрыемствы аўтамабілебудаўнічых кампаній Ghabbour Group (150 тыс. легкавых аўто і матацыклаў у год) і MCV (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы)

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Сельскагаспадарчы ландшафт

Плошча апрацоўваемых зямель — 4 млн га (4 % тэрыторыі Егіпту), усе яны маюць патрэбу ў арашэнні, для чаго выкарыстоўваюцца нільскія воды. Узвядзенне Асуанскай плаціны палепшыла ірыгацыйную сістэму і павялічыла плошчу арашальных зямель. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па два ўраджаі на год. Аднак не абышлося і без праблем. Якасць глебаў стала катастрафічна падаць — спыніліся штогадовыя разлівы Ніла. Таксама вырасла засоленасць глебаў: у 2011 годзе 25 % ворыва былі ў той ці іншай ступені засолены. Уласнай вытворчасцю Егіпет задавальняе не больш 40 % патрэб у харчаванні (тыповая сітуацыя для краін «трэцяга свету»).

У сельскай гаспадарцы дамінуе раслінаводства. Галоўныя збожжавыя культуры — пшаніца, кукуруза і рыс (пры гэтым пшаніцы не хапае, а рыс экспартуецца). Асабліва вялікае развіццё атрымалі садаводства і агародніцтва, якія маюць экспартны кірунак — Еўропа ў зімова-вяснвы перыяд актыўна спажывае егіпецкую саданіну і агародніну. Егіпет — першы ў свеце вытворца фінікаў, другі — фігаў, чацвёрты — цыбулі і суніц, пяты — баклажанаў і дынь. Таксама вырошчваюцца цытрусавыя і вінаград. Егіпет славіцца сваёй доўгавалакністай бавоўнай, зрэшты, аб’ёмы яе збору зменшыліся і экспарт спыніўся. Асноўныя галіны жывёлагадоўлі — развядзенне птушкі і буйвалаў. Егіпет — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці буйвалінага малака.

Сфера паслуг[правіць | правіць зыходнік]

Круізнае судна на Ніле

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Актыўна развіваецца турызм — у 2015 годзе Егіпет, па афіцыйных дадзеных, наведала 9,3 млн замежных турыстаў (у пікавым 2010 годзе — 14,7 млн.). Гэта прынесла Егіпту 6,1 млрд долараў ЗША (у 2010 годзе — 12,5 млрд.). У 2010 у турызме было занята 12 % насельніцтва і створана каля 11 % ВУП. Гасцінічны фонд складалі 155 тыс. нумароў. А вось 2016 аказаўся «чорным» для турызму — Егіпет наведала усяго каля 5,4 млн чалавек. У 2017 колькасць замежных турыстаў вырасла на 155 % і склала 8 млн чал.[3]

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Егіпет мае густую чыгуначную сетку агульнай даўжынёй больш за 30 000 км, якая ахоплівае ўсе заселеныя рэгіёны краіны: даліну і дэльту Ніла, Сінайскі паўвостраў, заходнія аазісы. Суэцкі канал даўжынёй 161 км з’яўляецца найважнейшай транспартнай артэрыяй, на якую прыходзіцца 10 % сусветных марскіх зносін, і дае эканоміцы Егіпта больш за 5 млрд долараў штогод.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Аб’ём знешнегандлёвага абарачэння ў 2016 годзе дасягнуў 125 млрд долараў, экспарт — 39,1 млрд, імпарт — 85,4 млрд, дэфіцыт — 46 млрд.[4] Пакрыццё імпарту экспартам — меней за 50 %. Асноўныя знешнегандлёвыя партнёры — ЗША, Германія, Францыя, Італія, Кітай, ААЭ. У 1995 годзе парламент Егіпта ратыфікаваў членства Егіпта ў СГА.

Зноскі