Перайсці да зместу

Эканоміка КНДР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пхеньян — сталіца і эканамічны цэнтр КНДР

Эканоміка КНДР планавая, дзяржаўная, з перакосам у бок цяжкай, у тым ліку ваеннай, прамысловасці. Знешнія эканамічныя сувязі мінімальныя і заключаюцца хіба што ў экспарце адзення, морапрадуктаў, карысных выкапняў; атрыманні гуманітарнай дапамогі, прыцягненні інвестыцый у свабодныя эканамічныя зоны.

Агульная характарыстыка. Гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля раздзялення паўвострава ключавыя прадпрыемствы засталіся ў Паўночнай Карэі. Гэта не перашкодзіла КНДР ушчэнт прайграць паўднёваму суперніку эканамічнае спаборніцтва: у 1980-х Рэспубліка Карэя абышла КНДР па агульным аб’ёме ВУП, у 2018 ВУП на душу насельніцтва ў Паўночнай Карэі складае 1800 $, у Паўднёвай — 41 500 $.

Народная гаспадарка, што будавалася пры дапамозе СССР і Кітая, напачатку паспяховая, з 1970-х трапіла ў перыяд стагнацыі, які працягваецца па гэты дзень. Не апошнюю ролю мае тое, што эканоміка краіны будавалася як аўтаркія. Канчаткова паўночнакарэйскую гаспадарку дабілі распад сацыялістычнага блока і прыродныя катастрофы — усё гэта разам прыйшлося на 1990-я. Краіна сутыкнулася з праблемай голаду, што ў 1994—1998 забраў жыцці ад 240,000 да 420,000 чалавек.[1] У ХХІ ст. прывід голаду аддаліўся, аднак міса рысу застаецца для большасці карэйцаў раскошай. Асноўны прадукт харчавання — кукуруза.[2] Паводле даследавання, праведзенага Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацый і Сусветнай харчовай праграмай ААН у красавіку 2019 года, каля 10 млн жыхароў КНДР пакутавалі ад недахопу харчавання[3][4].

Завод у Хамхыне

Дагэтуль назіраецца перакос у бок цяжкай (у прыватнасці, ваеннай) прамысловасці. Эканоміка планавага тыпу з дзяржаўнай формай уласнасці, сельская гаспадарка калектыўная. Дзяржава не бярэ са сваіх грамадзян падаткаў, адукацыя і медыцына бясплатныя. У 1950-х — 1980-х ажыццяўляліся пяцігадовыя планы паводле савецкага ўзору, у 1986 быў прыняты сямігадовы план, у 1993 прызнаны беспаспяховым. З таго часу ўрад не публікуе ніякіх планаў. У 1998, 2002 былі зроблены спробы рэформаў — фармальна легалізавана прыватнае прадпрымальніцтва, якое, аднак, дагэтуль магчыма на самым нізкім узроўні. У ХХІ стагоддзі даследчыкі краіны адзначаюць фарміраванне вялікага ценявога прыватнага сектару гаспадаркі (у значнай ступені за кошт кантрабанды з Кітая), на што ўлады «заплюшчваюць вочы». У 2010-х даволі паспяхова ствараецца сістэма свабодных эканамічных зон (СЭЗ), што мае на мэце прыцягненне інвестыцый і тэхналогій. Усяго іх 14, але асноўных дзве: Разон на мяжы з Кітаем і Расіяй і Прамысловы рэгіён Кэсон на мяжы з Паўднёвай Карэяй. У апошнім у 2014 працавала 52 000 паўночнакарэйскіх рабочых і было створана прадукцыі на $ 2,3 млрд.[5]

Прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Прамысловасць складае 47 % ВУП (2017), у ёй занята каля 30 % працаздольнага насельніцтва. У здабыўной прамысловасці ключавымі галінамі з’яўляюцца вугальная і здабыча жалезных руд, а таксама руд каляровых металаў. Перспектыўнымі на нафту лічацца шэльф Японскага мора і раён на поўдзень ад Пхеньяна. Цікава адзначыць, што карэйская нафтавая выведка карыстаецца старым румынскім свідравальным абсталяваннем. Здабыўная прамысловасць — адзіная галіна гаспадаркі, у якой КНДР пераўзыходзіць Рэспубліку Карэю.

Энергетычная інфраструктура Паўночнай Карэі састарэла і знаходзіца ў дрэнным стане. У электраэнергетыцы палову вытворчасці даюць вугальныя ЦЭС, палова прыходзіцца на ГЭС. Аўтазавод «Сынній» (Перамога) у Такчоне выпускае грузавікі. Развітая чорная (Чханджын) і каляровая металургія. Маюцца прадпрыемствы хімічнай (Вонсан) і лясной прамысловасці. Сёння важную ролю ў атрыманні замежнай валюты грае тэкстыльная галіна: чвэрць карэйскага экспарту — адзенне.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]
Праца на рысавым полі (1989)

Вельмі высокая доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (22,5 %). Дасягнуўшы неблагога ўзроўню да пачатку 1980-х, пачынаючы з 1990-х сельская гаспадарка адчувае хранічны недахоп угнаенняў, расце знос тэхнікі. Вырошчваюцца кукуруза, рыс, соя, бульба, цукровыя буракі, тытунь; разбіты плантацыі жэньшэню. Важная роля рыбалоўства і аквакультуры (яшчэ адна чвэрць экспарту — морапрадукты).

Савецкі дызель M62 на вакзале Пхеньяна

Асноўны транспарт — чыгуначны, на які прыходзіцца 86 % перавезеных грузаў і 80 % пасажыраў. У краіне больш за 7400 км чыгункі з еўрапейскай (1435 мм) каляінай, большай часткай электрыфікаванай. Развіццё чыгуначнага транспарту стрымліваецца недахопам электраэнергіі. Да гэтага часу выкарыстоўваюцца лакаматывы на паравой цязе. Падпісаны праект хуткаснай чыгункі Кэсон — Пхеньян — Сыныйджу. Аўтамабільны транспарт у вельмі сумным стане — менш за 1000 км аўтадарог заасфальтаваныя, ды і тыя ўсе ў латках.

Турызм трымаецца на двух кітах: арганізаваных экскурсіях у «самую зачыненую краіну свету» і гарналыжным адпачынку (на курортах кшталту Масінёна)[6]. У ХХІ наведвальнасць КНДР значна ўзрасла, урад паставіў задачу давесці колькасць замежных турыстаў у краіну да 1 млн чалавек.

Знешні гандаль

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны гандлёвы партнёр — Кітай, на які прыходзіцца 84 % знешняга гандлю, на другім месцы — Індыя.

Зноскі