Эканоміка Рэспублікі Конга

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вежа Набемба, Бразавіль. Пабудаваная ў канцы 1990-х на грошы, запазычаныя ў французскай кампаніі Elf Aquitaine, 106-метравая вежа сімвалізуе нафтавы дабрабыт Конга.

Рэспубліка Конга — дастаткова багатая па афрыканскіх мерках краіна. Сакрэт дабрабыту ў даволі значных запасах нафты пры невялікай колькасці насельніцтва. У 2019 стала 14-м удзельнікам нафтавага картэлю АПЕК. Гаспадарка Рэспублікі Конга ўяўляе сабой сумесь натуральнай сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, саматужнай прамымсловасці, нафтавага сектару і сферы паслуг, што ўключае і забюракратызаваны дзяржапарат. У сельскай гаспадарцы занята 35 % працаздольнага насельніцтва, у прамысловасці — 20 %, у сферы паслуг — 44 % (2005). Дзякуючы экспарту нафты, ВУП на душу насельніцтва складае вельмі нават зайздросныя ў трапічнай Афрыцы $ 7300 (2018, па ППЗ). Залежнасць эканомікі ад цэн на нафту на сусветным рынку прыводзіць да гушкання эканамічнага росту/рэцэсій. Так 1980-я і 2000-я сталі часамі поспехаў, калі штогадовы рост ВУП дасягаў 5 %. Апошняе падзенне цаны на чорнае золата прывяло да рэцэсіі ў 2016–2017 гг.. За гэтыя два гады ВУП краіны скараціўся сумарна на 5 %. На інвестыцыйную прывабнасць Рэспублікі адмоўна ўплываюць унутраныя канфлікты: грамадзянская вайна 1997, канфлікт улады з апазіцыяй 2015-2017.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Аснову эканомікі складае нафтаздабыўная прамысловасць, якая пацясніла з першай пазіцыі лясную. Запасы нафты ў Рэспубліцы на 2016 ацэньваюцца ў 1,6 млрд барэляў, здабыча ў тым жа годзе складала 260 тысяч барэляў у суткі.[1] Акрамя нафты, рэспубліка валодае значнымі запасамі разнастайнай мінеральнай сыравіны (золата, жалезнай руды, фасфарытаў), збольшага не кранутымі. У канцы ХХ ст. пачалася распрацоўка прыроднага газу і алмазаў.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

У раслінаводстве выкарыстоўваецца ўсяго 1,5 % зямлі, што звязана са складанымі прыроднымі ўмовамі. У ХХІ стагоддзі сельская гаспадарка прыйшла ў поўны заняпад і амаль суцэльна залежыць ад дзяржаўных субсідый. Галоўнай харчовай культурай з'яўляецца касава. У 2009 годзе Рэспубліка Конга здала ў арэнду 200 000 гектараў сваёй зямлі паўднёваафрыканскім белым фермерам, пакрыўджаным зямельнымі рэформамі на радзіме.[2]

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

60 % экспарту краіны складае сырая нафта, вялікія аб'ёмы экспарту прыходзяцца на драўніну і алмазы. Асноўны пакупнік кангалезскай прадукцыі — Кітай. Імпарт — прадукцыя машынабудавання, лекі, прадукты харчавання; галоўныя партнёры — Кітай, Францыя, Ангола.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Аэрапорт Мая-Мая, Бразавіль

Транспартная сістэма, створаная каланіяльнымі ўладамі ў 1920-х–1930-х, эксплуатуецца па сёння практычна без мадэрнізацыі. Аднак у 2010-я ў транспарт, як і паўсюль у Афрыцы, пачалі прыходзіць кітайскія інвестыцыі. У Рэспубліцы каля 1000 км заасфальтаваных дарог (згодна з іншымі крыніцамі – больш за 3 000)[3], 500 км чыгункі Акіян–Конга з вузкай каляінай (1067 мм). Маецца больш за 1000 км воднага шляху па рэках Убангі і Конга. Паміж Бразавілем і Кіншасай курсуе паром. Ніжэй за Бразавіль рака становіцца бурнай і ажно да акіяна суднаходства спыняецца. Найбуйнейшы порт — Порт-Нуар. Два галоўныя аэрапорты — Мая-Мая ў Бразавілі і Понт-Нуар.

Зноскі