Эканоміка Сінгапура

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гатэль Marina Bay Sands

Сённяшні Сінгапур — сусветны транспартны, гандлёвы, фінансавы, адукацыйны, інавацыйны, тэнналагічны, лагістычны, прамысловы хаб. Гэта трэці вядучы сусветны фінансавы цэнтр, другі па велічыні ў свеце па колькасці казіно і рынку азартных гульняў, і трэці па велічыні ў свеце нафтаперапрацоўчы цэнтр. Сінгапур з'яўляецца лідэрам шматлікіх сацыяльна-эканамічных рэйтынгаў, пачынаючы з трэцяга месца па душавым ВУП. Некалькі гадоў запар Сінгапур прызнаецца самай тэхналагічна падрыхтаванай нацыяй свету.[1] Сусветны банк адзначае, што Сінгапур — адна з найзручнейшых для вядзення бізнесу краін.

Гісторыя эканамічнага развіцця[правіць | правіць зыходнік]

Пасля набыцця незалежнасці ў 1965 годзе пазбаўлены рэсурсаў Сінгапур зрабіў стаўку на кваліфікаваныя кадры, замежныя інвестыцыі, экспарт і зручнасць геаграфічнага становішча — і эканоміка дзяржавы-вострава адразу пайшла ўгoру. Разам з Ганконгам, Тайванем і Паўднёвай Карэяй Сінгапур быў аднесены да ліку Азіяцкіх тыграў, але "горад ільва" здолеў апярэдзіць астатнюю тройку, дэманструючы ў 1965-1995 штогадовы прырост ВУП у 6 %. У ХХI ст., хоць тэмпы росту эканомікі крыху запаволіліся, Сінгапур застаецца верным сабе ў сваім паспяховым развіцці. Нават крызісны 2009 выклікаў рэцэсію ўсяго ў -0,6 %, а ўсе 2010-я ВУП расце на 2-4 % штогод. Змяншэнне тэмпаў росту эканомікі тлумачыцца тым, што Сінгапур увайшоў у групу развітых краін і ў пэўным сэнсе дарос да "эканамічнай столі". Праблема, якая чакае эканоміку вострава — непазбежнае старэнне насельніцтва.

Асаблівасці эканомікі[правіць | правіць зыходнік]

Дынамічная, арыентаваная на экспарт, рынкавая эканоміка Сінгапура надзіва адкрытая і свабодная ад карупцыі. Нізкія падаткі, стабільныя цэны, і неймаверны душавы ВУП — усё гэта прыцягвае глабальных інвестараў, у першую чаргу, да сваіх сектараў высакатэхналагічнай прамысловасці і фінансавых паслуг. Узровень беспрацоўя вельмі нізкі (2,2% у 2017)[2].

Эканоміка моцна залежыць ад сферы паслуг, доля якой у ВУП складае 75,2 % (2017), прамысловасць — 24,8 %.[3] Высакатэхналагічная прамысловасць стварае большую частку сінгапурскага экспарту: гэта найноўшая электроніка, медыцынскае і аптычнае абсталяванне, лекі, нафтапрадукты, прадукцыя хімічнай прамысловасці.Сельская гаспадарка не вядзецца.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Хоць гандлёвыя адносіны Сінгапура прасціраюцца па ўсім свеце, асаблівую ўвагу горад-дзяржава надае сувязям з партёрамі па рэгіёне. У 2015 годзе Сінгапур разам з іншымі членамі АСЕАН стварыў Эканамічную супольнасць АСЕАН. Для Сінгапура характэрны ўстойлівы дадатны гандлёвы баланс (+ 56 млрд долараў у 2016 годзе). Каля 30 % сінгапурскага экспарту прыходзіцца на Кітай, Ганконг і Тайвань. Наступныя партнёры — Малайзія (10,6 %), Інданезія (7,8 %), ЗША (6,7%), Японія і Паўднёвая Карэя (па 4,5 %)[4]. Структура імпарту амаль тая самая, за выняткам таго, што сярод важных партнёраў паўстаюць Саудаўская Аравія, ААЭ, Кувейт і Катар — нафта і газаэкспарцёры. Іх сумарная доля складае 7 %.[5]

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Порт Сінгапура з’яўляецца адным з пяці самых ажыўленых партоў у свеце; аэрапорт Чангі — адзін з самых сучасных аэрапортаў, а нацыянальны перавозчык Singapore Airlines у 2018 прызнаны лепшымі авіялініямі свету.

Зноскі