Эканоміка Францыі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Дэфанс, фінансавы хаб Парыжа

Францыя — буйная высокаразвітая краіна, член Вялікай Сямёркі. У Парыжы размешчана штаб-кватэра АЭСР. Па памерах ВУП па ППЗ (каля 3 трлн даляраў у 2019) Францыя адносіцца да еўрапейскіх лідараў і замыкае сусветную дзясятку. Краіну характарызуюць вельмі высокія значэнні ВУПу на душу насельніцтва (47 000 даляраў) і ІЧР (0,901). Гаспадарка Францыі мае постіндустрыяльную галіновую структуру. На сферу паслуг прыходзіцца 78,8 % ВУП краіны, тут працуе больш за 77 % занятага насельніцтва.[1] У шматгаліновай прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць машынабудаванне і хімічная прамысловасць. Адметная роля Францыі ў авіяракетнай індустрыі (еўрапейскі кансорцыум Airbus, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Тулузе). У спіс Fortune Global 500 у 2015 уваходзіла 31 французская кампанія, што ставіць Францыю вышэй за Германію і Злучанае Каралеўства. У 1999 — 2002 годзе разам з яшчэ 11 еўрапейскімі краінамі перайшла на еўра (старая валюта — французскі франк); з'яўляецца часткай Еўрапейскага адзінага рынку.

У Францыі змяшаная эканоміка з перавагай прыватнага сектара і значным дзяржаўным складнікам у такіх галінах як чыгуначны транспарт, атамная энергетыка, авіябудаўніцтва і тэлекамунікацыі. Пачынаючы з 1990-х роля дзяржавы ў эканоміцы няўхільна зніжаецца. Францыя з'яўляецца адным з найбуйнейшых магнітаў для інвестыцый сярод развітых краін, сама ж уваходзіць у дзясятку сусветных інвестараў. Парыжская фондавая біржа, заснаваная яшчэ Людовікам ХV, (з 2007 года філіял NYSE Euronext group) у Еўропе па масштабах саступае толькі Лонданскай. Французскімі з'яўляюцца найбуйнешае страхавое агенства свету AXA і банкі BNP Paribas ды the Crédit Agricole, што ўваходзяць у сусветную дзясятку. Непадалёк ад Ніцы размяшчаецца тэхнапарк Сафія-Антыпаліс. Сусветны лідар па прыёме замежных турыстаў.

Маюцца значныя эканамічныя праблемы. Узровень беспрацоўя ў 2016 — 2017 складаў каля 10 %, у 2015 каля 15 % насельніцтва жылі за рысай беднасці. Усё гэта час ад часу выліваецца ў вулічныя пратэсты, самымі масавымі з якіх у бягучым дзесяцігоддзі стаў Рух жоўтых камізэлек, што распачаўся ў канцы 2018 пасля чарговага павышэння цаны на бензін.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

АЭС Катэном. Францыя мае найвышэйшы ў свеце % электраэнергіі, выпрацаваны на АЭС

Францыя — адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў электраэнергіі ў Еўропе і свеце. Энергетыка Францыі функцыянуе ва ўмовах вострага недахопу ўласных паліўных рэсурсаў. Аднак наяўнасць буйных запасаў уранавай сыравіны спрыяла развіццю атамнай электраэнергетыкі, па маштабах якой Францыя саступае толькі ЗША. У 2016 годзе ў Францыі працавала 58 ядзерных рэактараў, на якіх ў 2017 годзе было выпрацавана 71,6 % электраэнергіі.[2] Дзякуючы атамнай энергетыцы, Францыя займае апошняе месца ў G7 па выкідах дыяксіду вугляроду. Вуглевадародная электраэнергетыка ў 2016 забяспечвала ўсяго 8,6 % патрэб краіны. На ўзнаўляльныя крыніцы прыходзіцца 19,8 % выпрацаванай электраэнергіі (2016). Большая іх палова (12,2 % у 2014 годзе) прыпадае на невялікія ГЭС у Цэнтральным масіве, Пірэнеях і Альпах. Хуткімі, але павальнейшымі чым у Германіі ці Іспаніі, тэмпамі развіваюцца ветравая і сонечная энергетыка.

У партовых гарадах дзейнічаюць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Французскім нафтавым гігантам і адной з найбуйнейшых ТНК у свеце з'яўляецца кампанія Total.

Металургія, якая некалі адыгрывала вырашальную ролю ў структуры прамысловасці, сёння страціла сваё вызначальнае значэнне. У 2018 Францыя выплавіла 15,4 млн тон сталі — 15 месца ў свеце і 3-е ў ЕС пасля Германіі і Італіі.[3] Выкарыстанне пераважна імпартнай сыравіны абумовіла зрух вытворчасці ў прыморскія раёны. Буйныя металургічныя камбінаты працуюць у партовых цэнтрах Дзюнкерк і Фос (раён Марселя).

Штаб-кватэра Пежо-Сітраэн

Машынабудаванне забяспечвае каля 40 % кошту прадукцыі апрацоўчай прамысловасці. Вядучую ролю ў ім адыгрывае транспартнае машынабудаванне, якое спецыялізуецца на вытворчасці аўтамабіляў (канцэрны «Пежо-Сітраэн» — 6-ы ў свеце і другі ў Еўропе аўтаканцэрн і «Рэно»), авіяцыйнай («Аэробус») і ракетнай («Аэраспэйс») тэхнікі, у меншай ступені — суднаў (ваенных і спецыялізаваных). Найбуйнейшыя цэнтры размешчаны ў Ліёнскай і Парыжскай агламерацыі. У 2010-х Францыя штогод вырабляе каля 2 млн аўтамабіляў (2,2 млн і 10-е месца ў свеце ў 2018, у 1990-х французскі аўтапрам быў чацвёртым у свеце) Па вытворчасці прадукцыі авіяракетнай прамысловасці (цэнтры Тулуза, Бардо, Буржэ) Францыя лідзіруе ў Еўропе. Развіта вытворчасць электронікі і электратэхнікі.

І ўсё ж такі найбольш развітай і маштабнай галіной недарэмна лічыцца хімічная прамысловасць. Францыя — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў хімічнай і нафтахімічнай прадукцыі, у тым ліку каўстычнай соды, сінтэтычнага каўчуку, пластмас, мінеральных угнаенняў, фармацэўтычных тавараў (самы значны вытворца — кампанія Sanofi). Кампанія «Мішлен» уваходзіць у Топ-3 сусветных вытворцаў шын. Вялікай папулярнасцю на сусветным рынку карыстаюцца французская парфумерыя і касметыка. На апошняй спецялізуецца кампанія L'Oreal, якая па маштабах вытворчасці не мае роўных у свеце.

Выпускаюцца спажывецкія тавары і тавары раскошы (канцэрны «Луі Вітон» і Kering S.A.(«Гучы», «Іў Сен Ларан», «Брыёні» ды інш.)). «Данон» — найбуйнейшы харчовы канцэрн, сусветны лідар у вырабе мінеральнай вады.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Францыя — найбуйнейшы ў Еўропе вытворца сельскагаспадарчай прадукцыі (20 % ад усёй вытворчасці ў ЕС). Гэтаму спрыяюць выдатныя агракліматычныя рэсурсы, прымяненне сучасных тэхналогій ды аграрная палітыка ЕС. Па экспарце прадукцыі сельскай гаспадаркі займае першае месца ў ЕС і трэцяе ў свеце. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае прыкладна 2 % ВУП, на долю аграпрамысловага комплексу — больш за 4 %. У 2007 сельская гаспадарка Францыі атрымала 8 млрд еўра еўрапейскіх субсідый, у агарарным жа комплексе было створана прадукцыі на 33 млрд еўра. У структуры сельскай гаспадаркі Францыі суадносіны раслінаводства і жывѐлагадоўлі прыкладна роўныя.

У раслінаводстве вядучай з’яўляецца збожжавая гаспадарка. Занальны характар размяшчэння ўласцівы для пасеваў пшаніцы, кукурузы і ячменю. Значныя пасевы бульбы і цукровых буракоў, па вытворчасці якіх Францыя — сусветны лідар. Асноўны раѐн іх вытворчасці — Паўночна-Французская нізіна, тут жа размяшчаецца і большасць цукровых заводаў. Паўсюдна развіта агародніцтва і пладаводства. Францыі належыць 2-е месца ў Еўропе і 4-е ў свеце па вытворчасці вінаграду.[4] Галоўны раён вінаградарства — Лангедок. Асноўная частка ўраджаю выкарыстоўваецца ў вінаробстве. Экспартныя марачныя віны вырабляюцца ў раёне Бардо, у Шампані, даліне ракі Луары. Самі ж французы аддаюць перавагу ружовым вінам. Заморскія тэрыторыі (Марцініка, Рэюньён) слаўныя зборам цукровага трыснёга і вытворчасцю рому з яго.

Галоўная галіна жывѐлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывѐлы мяса-малочнага кірунку. Развіты птушкагадоўля, свінагадоўля і конегадоўля. Францыя ўваходзіць у групу сусветных лідараў па пагалоўі буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі, вытворчасці малака, яек, мяса.

Рыбныя рэсурсы Францыі моцна спустошаны. Бoльшую частка ўлову ў рэках і азёрах складае стронга, якую разводзяць штучна. У Біскайскім заліве вядзецца здабыча сардзін, камбалы і селядцоў, а таксама амараў, крэветак і малюскаў.

Сфера паслуг[правіць | правіць зыходнік]

Банкаўскі сектар[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшае значэнне ў сферы паслуг краіны мае фінансавая дзейнасць. Банкі Францыі яшчэ з сярэдзіны XIX ст. займалі вядучыя пазіцыі не толькі ў эканоміцы краіны, але і ў свеце. Па ўзроўні канцэнтрацыі банкаўскай дзейнасці Францыя ўваходзіць у лік вядучых сусветных дзяржаў. З 50 найбуйнейшых банкаў свету шэсць з’яўляюцца французскімі.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Двухпавярховы цягнік TGV ляціць па віядуку Сіз-Балазон

Адной з найбольш развітых і збалансаваных у свеце з’яўляецца транспартная сістэма Францыі. Найбуйнейшым транспартным вузлом краіны з’яўляецца Парыж. Ад яго ў радыяльным напрамку разыходзяцца найважнейшыя аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, якія злучаюць сталіцу з найбуйнейшымі гарадамі Францыі і сталіцамі іншых еўрапейскіх дзяржаў. У Парыжы знаходзяцца і найбуйнейшыя міжнародныя аэрапорты.

Сустветную вядомасць атрымалі цягнікі TGV (фр.: train à grande vitesse) — сетка хуткасных электрацягнікоў. Першая лінія была адкрыта ў 1981 годзе паміж Парыжам і Ліёнам. Цягнікі рухаюцца з хуткасцю да 320 км/гадз.

Ва ўнутраных пасажыра- і грузаперавозках лідзіруюць аўтамабільны і чыгуначны транспарт. Большасць гарадоў звязаны паміж сабой сеткай высакахуткасных магістралей. Імпарт вялікіх аб’ѐмаў нафты і газу абумовіў развіццѐ разгалінаванай сістэмы трубаправодаў. Марскі і авіятранспарт абслугоўваюць пераважна знешнія сувязі. Галоўныя марскія парты — Гаўр, Бардо, Марсель.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Сад de Marqueyssac, адзін з Выбітных садоў Францыі

Францыя — сусветны лідар па развіцці турызму. Маючы мноства прывабных прыродных ландшафтаў і шмат помнікаў культуры, Францыя ператварыла турызм у адну з найважнейшых галін сваѐй гаспадаркі, якая дае не менш за 9 % ВУП і забяспечвае больш за 2,9 млн працоўных месцаў.[5] Штогод краіну наведваюць больш за 80 млн замежных турыстаў, якія накіроўваюцца на Французскае Міжземнамор’е, Французскія Альпы і ў Парыж — найбуйнейшы цэнтр не толькі замежнага, але і ўнутранага турызму. Галоўны міжземнаморскі турысцка-рэкрэацыйны раён Францыі — Французская Рыўера, або Блакітны бераг (Côte d'Azur) — участак узбярэжжа, які працягнуўся на 115 км ад Тулона на Ментоны ля франка-італьянскай мяжы. «Сталіца» Французскай Рыўеры — курортны горад Ніца, у якім турызм дае працу палове насельніцтва. Яшчэ адным буйным турысцкім раёнам з'яўляецца даліна Луары са шматлікімі сярэднявечнымі і пазнейшага часу замкамі.

Самымі папулярнымі сярод турыстаў аб'ектамі ў ХХІ стагоддзі застаюцца Эйфелева вежа, Версальскі палацава-паркавы комплекс, Нацыянальны музей натуральнай гісторыі, акведук Пон-дзю-Гар, Трыумфальная арка і Сент-Шапель, Мон-Сен-Мішэль. Асобна можна выдзеліць музеі, паміж якіх вылучаецца парыжская тройка — Луўр, Арсэ з імпрэсіяністамі, і Цэнтр Пампіду з сучасным мастацтвам. Выклікае цікавасць праект пад назвай "Выбітныя сады Францыі", які ўключае каля 200 помнікаў ландшафтна-паркавага дызайну.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Францыя экспартуе транспартныя сродкі, прадукцыю харчовай прамысловасці, фармацэўтыку і касметыку, турыстычныя і IT-паслугі; імпартуе нафту і іншае паліва ды сыравіну, камп'ютарную тэхніку і смартфоны, аўтамабілі,трапічную садавіну, IT-паслугі. Асноўныя гандлёвыя партнёры — дзяржавы ЕС (Германія (15 % экспарту, 18 % імпарту), Бельгія (8 % і 10 %) Іспанія (7 % і 7 %), Італія); а таксама Вялікабрытанія, ЗША, Кітай.[6]

Зноскі