Эканоміка Шры-Ланкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

У часы брытанскага панавання Шры-Ланка стала вядучым сусветным вытворцам карыцы, натуральнага каўчуку, а сапраўдным брэндам вострава стаў цэйлонскі чай. За гады незалежнасці Шры-Ланка з аграрнай краіны з плантацыйнай гаспадаркай ператварылася ў аграрна-індустрыяльную дзяржаву (прамысловасць дае каля 30,5 % ВУП)[1]. І сёння па ВУП на душу насельніцтва Шры-Ланка апярэджвае Індыю, Пакістан і ў Паўднёвай Азіі саступае толькі Мальдывам. У 2017 годзе рост ВУП працягнуўся (3,5 %), але тэмпы даволі сур'ёзна зменшыліся: у 2016 рост склаў 4,5%, у 2015 годзе — 5%. Значную частку ВУП ствараюць грашовыя пераводы ланкійскіх гастрарбайтараў з краін Персідскага заліва.

Грашовая адзінка — рупія Шры Ланкі. Для краіны характэрна сталая інфляцыя, узровень інфляцыі — каля 7 %. Валютныя рэзервы на кастрычнік 2005 года склалі 2,6 млрд долараў ЗША.

Эканамічная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

У цэлым эканамічная палітыка ўраду, заснаваная на рынкавых прынцыпах, стварае досыць спрыяльныя ўмовы для развіцця краіны. Асноўнымі задачамі ўрада ў галіне эканомікі застаюцца стабілізацыя фінансавага становішча, рэалізацыя праграмы прыватызацыі стратных дзяржпрадпрыемстваў, прыцягненне замежных інвестыцый, ажыццяўленне ключавых сацыяльных праграм. З 2016 краіна выконвае праграму МВФ, што абяцае забяспечыць эканамічны рост, захоўваючы макраэканамічную стабільнасць.

Праблемы[правіць | правіць зыходнік]

Негатыўнае ўздзеянне на эканоміку краіны ў 1983-2009 аказвала грамадзянская вайна. Падчас этнічнага канфлікту амаль 10% тэрыторыі краіны апынуліся выведзенымі з гаспадарчага абарачэння; выдаткі ўрада на ваенныя патрэбы складалі да 25 % дзяржбюджэту. Аднак з 2002 года на фоне прыпынення баявых дзеянняў крокі ўраду спрыялі некатораму прагрэсу ў эканоміцы краіны. Мір на ланкійскай зямлі адкрыў новыя гарызонты перад эканомікай. У 2010, адразу па сканчэнні вайны, Паўночная правінцыя прадэманствавала 25% рост ВУП. Магутны ўдар па эканоміцы краіны нанесла цунамі 26 снежня 2004 года, выкліканае землятрусам паблізу вострава Суматра. Лік загінулых у Шры-Ланцы наблізіўся да 40 тысяч чалавек, эканамічны ўрон склаў 1,3 млрд долараў ЗША. Разбураная амаль уся транспартная і сельскагаспадарчая інфраструктура на ўсходнім, паўднёвым і паўднёва-заходнім узбярэжжах вострава. Была нанесеная сур’ёзная шкода жыллёваму сектару і рыбалоўным гаспадаркам, а таксама турыстычнай індустрыі (120—130 млн долараў ЗША). Да галоўных праблем сённяшняй Шры-Ланкі адносяцца традыцыйна вялікі дзяржаўны доўг, які склаў 75 млрд долараў ЗША (79,4 % ВУП), а таксама раздзьмутыя рэгіянальныя і сацыяльныя бюджэты. Дэфіцыт дзяржбюджэту складае каля 8% ВУП.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Здабыўная прамысловасць Шры-Ланкі базуецца на здабычы графіту, каштоўных камянёў, руд рэдкіх металаў. Вядучыя галіны апрацоўчай прамысловасці — швейная (гатовае адзенне) і харчовая (цукар, гарбата).

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Праца на чайнай плантацыі

У сельскай гаспадарцы асноўнымі культурамі з'яўляюцца рыс і чай, першы — для ўнутранага, другі — на знешні рынак. Шры-Ланка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па вытворчасці і экспарту чаю. Таксама ў экспартных мэтах вырошчваюцца цукровы трыснёг, гевея, кава.

Сфера паслуг[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сканчэння грамадзянскай вайны (2009) імклівы рост дэманструе турысцкі сектар. Шры-Ланка становіцца важным фінансавым і тэлекамунікацыйным рэгіянальным цэнтрам. У 2017 урад паставіў задачу ператварыць востраў да 2025 года ў высокатэхналагічны экспартаарыентаваны хаб у Індыйскім акіяне.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Абарот знешняга гандлю ў 2016 склаў 41,4 млрд долараў ЗША. Аб’ём экспарту павялічыўся да 18 млрд дол., а імпарту да 23 млрд долараў ЗША.[2] Дэфіцыт знешнегандлёвага баланс перавысіў 5 млрд долараў ЗША. Асноўныя артыкулы экспарту тавараў — гатовая вопратка, гарбата, каўчук (паслуг — турызм); імпарту — машыны і абсталяванне, нафта, тэкстыль, пшаніца, цукар, угнаенні, лекі. Галоўныя гандлёвыя партнёры — ЗША, Кітай, Вялікабрытанія, Індыя, Сінгапур, Германія, Японія, Малайзія, Тайланд. Прэферэнцыяльны гандлёвы статус з краінамі ЕС дазваляе бязмытна ўвозіць шмат якія ланкійскія тавары на еўрапейскі рынак. Аб’ём прамых замежных інвестыцый у 2005 годзе склаў 110 млн долараў ЗША, галоўнымі фундатарамі застаюцца ЗША, Японія, Індыя і краіны ЕС. Гандлёвы абарот з Беларуссю у 2012—2016 гг.. паменшыўся з 46 да 21 млн долараў[3].

Зноскі