Экатэрарызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Экатэрарызм — тэрмін, які выкарыстоўваюць для апісання тэрарыстычнай дзейнасці радыкальных абаронцаў навакольнага асяроддзя (энвайраменталістаў). Мэтай экатэрарыстаў з’яўляецца спыненне забруджвання навакольнага асяроддзя і навуковага альбо прамысловага выкарыстання жывёл для правядзення эксперыментаў. Першыя акты насілля дзеля захавання дзікай прыроды адносяцца да 1970-х гг[1]. Як правіла, экатэрарысты знішчаюць прамысловыя пабудовы ці навуковыя лабараторыі альбо вызваляюць жывёл і птушак з навукова-даследчых цэнтраў ці ферм. У адрозненне ад іншых форм тэрарызму, экатэрарызм пакуль не прывёў да чалавечых ахвяр, наколькі гэта вядома даследчыкам праблемы, але «зялёныя» радыкалы ўжо пагражалі смерцю некаторым вучоным[2]. З 1980 па 2001 г. у ЗША радыкальныя абаронцы навакольнага асяроддзя (энвайраменталісты) ажыццявілі каля 100 тэрарыстычных актаў з агульнай сумай шкоды ў 42,8 млн долараў[3]

Сярод арганізацый, якія абвінавачваюцца ў экатэрарызме, «Фронт вызвалення жывёл» (Animal Liberation Front)[4], які мае прыхільнікаў у 40 краінах, у тым ліку і ў Расіі. Так, у 2000-х гг. прыхільнікі Фронту ўзломвалі дзверы навукова-даследчых лабараторый у буйных гарадах Расійскай Федэрацыі і выпускалі лабараторных жывёл у бліжэйшых лясах[5].

На тэрыторыі Беларусі актаў тэрарызму ці вандалізму дзеля экалогіі афіцыйна не зарэгістравана.

Можна сустрэць і супрацьлеглую трактоўку тэрміна «экатэрарызм»: «забруджванне навакольнага асяроддзя на тэрыторыі ворага падчас ваенных дзеянняў»[6].

Зноскі