Шматгадовыятравяністыя расліны, апушчаныя ў ваду. Сцёблы доўгія, галінастыя. Лісце падоўжнае, празрыстае, сабранае пераважна ў кальчакі. Жаночыя кветкі адзіночныя, дробныя, на доўгіх кветаножках. Мужчынскія кветкі амаль сядзячыя. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Расліна на спецыяльных парастках у вегетатыўны перыяд утварае пупышкі і маладое лісце і апускаецца на дно вадаёма, дзе знаходзіцца да пачатку наступнага вегетатыўнага перыяду.
Радзімай эладэі канадскай з'яўляецца Паўночная Амерыка. У сярэдзіне 19 стагоддзя расліна была занесена ў Еўропу, адкуль пашырылася ў Азію, Аўстралію і Афрыку. Хутка размнажаючыся вегетатыўна, расліна запаўняе вадаёмы і перашкаджае суднаходству і рыбалоўству, за што атрымала назвы «вадзяная чума» і «вадзяная зараза».
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 81. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18. Кн. 1).