Альяш Клімовіч
| Альяш Клімовіч | |
|---|---|
| | |
| Род дзейнасці | лідар культу, селянін |
| Дата нараджэння | 21 ліпеня (2 жніўня) 1864 |
| Месца нараджэння |
|
| Дата смерці | не раней за 4 верасня 1940 |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
Альяш Клімовіч або Ільяш Клімовіч[1], сярод паслядоўнікаў прарок Ілья, таксама вядомы як Ілья Грыбоўскі (польск.: Eliasz Klimowicz; 21 ліпеня (2 жніўня) 1864, Грыбоўшчына[d], Гродзенская губерня, Расійская імперыя — не раней за 4 верасня 1940, ГУЛАГ) — дысідэнт праваслаўнай супольнасці на Падляшшы, лідар культу.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў вёсцы Грыбоўшчына ў Гродзенскай губерні, на Падляшшы. Паходзіў з сялянскай беларускай змяшанай сям’і праваслаўных і католікаў. Часцей за ўсё датай нараджэння пазначаецца 21 ліпеня 1864 года паводле юліянскага календара, але хутчэй за ўсё ён нарадзіўся ў 1865 годзе[1]. Бацьку звалі Лаўрэнцій або Ваўжынец, маці была каталічкай, літаратар Аляксей Карпюк піша што яе звалі Юзафіна[1]. Згадваецца, што бацька мог удзельнічаць у паўстанні 1863—1864 гадоў[2]. Ахрышчаны ў вёсцы Востраў Паўночны. Меў старэйшага брата Міхаіла.
Альяш Клімовіч быў у шлюбе двойчы. Пасля службы у расійскім войску, у 1890-х гадах узяў шлюб з першай жонкай Еўдакіяй Іванаўнай. Меў сына Уладзіміра (памёр у 1900, меў 7 гадоў), дачку Веру (нар. 11 лістапада 1898). Першая жонка памерла ў 1901 годзе, маючы 34 гады. Другі раз узяў шлюб з Зоф’яй Эмільянаўнай Пракопчык з суседняй вёскі Лешчаны. Меў сына Вінцэнта[1].
Часта сцвярджаецца, што Клімовіч быў цалкам непісьменны. Але даследчык Юрка Хмялеўскі піша, што гэта не так, Клімовіч дакладна ўмеў чытаць па-руску, навучыўшыся за часамі службы ў расійскім войску. Верагодна, за часамі Польшчы ён амаль не вывучыў польскай мовы, але вядома што мог зрабіць подпіс па-польску[1].
Будаўніцтва царквы
[правіць | правіць зыходнік]
Клімовіч працаваў на сваёй гаспадарцы, якую атрымаў у спадчыну ад бацькі[3]. Ён жыў на хутары, прыкладна за кіламетр ад Старой Грыбоўшчыны[4]. У яго пачаліся відзежы пасля атрымання копіі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай[3]. У «таямнічым сне», які ён бачыў на пачатку XX стагоддзя, адзін стары нібыта сказаў Клімовічу «пачаць будаваць царкву прама тут»[3]. У пошуках тлумачэння сну ў 1906 годзе ён адправіўся ў Кранштат да айца Іаана[2][3]. Той нібыта растлумачыў сон як просьбу Бога да Клімовіча пабудаваць праваслаўную царкву ў сваёй мясцовасці[4]. Ён таксама даў Клімовічу пасведчанне аб тым, што ён будуе праваслаўную царкву на загад Бога, што павінна было палегчыць яму збор грошай і атрыманне дазволу на будаўніцтва[3]. Альяш Клімовіч пачаў будаўніцтва царквы ў 1904 годзе пасля двухгадовага збору сродкаў, але яно не было завершана да пачатку Першай сусветнай вайны. Падчас вайны ён быў у бежанстве ў глыбі Расіі[4]. Стаўшы сведкам бальшавіцкага перавароту і яго наступстваў, Клімовіч пачаў верыць у набліжэнне канца свету.
Каля 1919 года ён вярнуўся ў родную вёску з жонкай і дачкой, гэтая мясцовасць апынулася ў складзе адноўленай Польшчы. Неўзабаве пасля вяртання з бежанства яго жонка і дачка сышлі з дома. Праўдападобнай прычынай было тое, што Альяш прадаў сваю гаспадарку і выкарыстаў грошы на будаўніцтва царквы[4]. Аднак дазвол ад уладаў Польшчы на завяршэнне будаўніцтва царквы ён атрымаў толькі ў 1926 годзе[3].
У міжваенны перыяд многія людзі давяралі яму свае маёнткі і нават будавалі разам з ім царкву. Славу Клімовіча таксама ўзмацнялі людзі, якія збіралі ахвяраванні і сцвярджалі, што царква расце сама сабой. Урэшце, царква Нараджэння Святога Іаана Хрысціцеля ў Старой Грыбоўшчыне, адзіны матэрыяльны аб’ект дзейнасці так званай «грыбоўшчынскай секты», была завершана і асвечана ў 1929 годзе. У той час да Клімовіча пачалі прыходзіць натоўпы пілігрымаў і зацікаўленых з Падляшша, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Заходняга Палесся і Валыні[4]. Вернікі прыязджалі па бласлаўленне да Клімовіча, а не да духавенства[3]. Пра Ілью казалі казалі, што ён «прапаведуе і ісцаляе», сам ён стаў лічыцца ўвасабленнем біблейскага прарока Ільі[4]. Людзі прыходзілі ў царкву па адпушчэнне грахоў і па ацаленне. Пілігрымы разбівалі лагеры ў палях або лясах, вада з калодзежа лічылася імі святой. Вернікі прыносілі ахвяраванні: рулоны белага палатна, абрусы, дываны, вышытыя ручнікі, мяхі збожжа, авечак, курэй, яйкі, кілбасу і таксама грошы. Клімовіч выкарыстаў сродкі, каб упрыгожыць царкву, усталяваць званы і набыць новыя абразы, а таксама стаў вядомым дабрачынцам[3].
Паслядоўнікі Клімовіча мелі таксама другі храм, размешчаны ў мясцовасці Цялушкі.
Канфлікт з праваслаўным духавенствам
[правіць | правіць зыходнік]

Праз занепакоенасць пазіцыямі Ільі, на мяжы 1920-х і 1930-х гадоў праваслаўнае духавенства пачало рэпрэсіі супраць Клімовіча і яго прыхільнікаў, колькасць якіх пастаянна расла. Духавенства абвінавачвала Клімовіча ў распаўсюджванні ерасі і ілжывых тлумачэнняў Бібліі, у той час як прыхільнікі Клімовіча вінавацілі духавенства ў распадзе царкоўнай інстытуцыі, што прывяло да ўзмацнення супрацьстаяння. Гэтыя настроі выліліся ў інцыдэнт, які адбыўся ў царкве ў Трасцянцы 21 верасня 1933 года, на Прачыстую. Калі прыходскі святар адкрыта раскрытыкаваў дзейнасць Ільі і яго прыхільнікаў, яны адразу ж пачалі крычаць супраць прапаведніка. Гэта прывяло да гучных спрэчак і боек, якія перапынілі святочную службу. Інцыдэнт скончыўся тым, што іншыя праваслаўныя вернікі сілай вывелі паслядоўнікаў Ільі з храма[4]. Праваслаўнае духавенства, хоць і было занепакоенае славай і арэолам святасці Ільі, спадзявалася авалодаюць яго маёмасцю[4]. У 1934 годзе царкоўная іерархія прапанавала Ільі далучыцца да яе і атрымаць юрысдыкцыю над храмам. Ажыццяўленнем мары Клімовіча павінна было стаць правядзенне набажэнстваў ва ўласным храме. Ілья Клімовіч прыняў манаскае імя Іаан, апрануў манаскае адзенне і натарыяльна далучыў царкву да праваслаўнай Гродзенскай кансісторыі. Аднак, калі ў ліпені 1934 года падчас урачыстага пострыгу Клімовіча ў манахі натоўп вернікаў заспяваў урачысты гімн «Радуйся, радуйся, Новы Іерусаліме», абураны епіскап Гродзенскі Антоній загадаў выгнаць пілігрымаў з храма. Ён прызначыў іншага манаха для правядзення набажэнстваў, а Ільі, што пратэставаў, пагражалі пераводам у манастыр[3]. Тады Клімовіч зняў манаскае адзенне і прагнаў манахаў, пасланых епіскапам. Прыхільнікі Ільі пачалі патрабаваць ад яго разрыву з праваслаўным духавенствам, каб ён абвясціў сябе кіраўніком супольнасці і пачаў выганяць духавенства з храмаў. Аднак Ілья вырашыў закрыць царкву і дамагацца сваёй маёмасці ў судзе. Пазней, у пачатку 1938 года Клімовіч выйграў судовы працэс за царкву і перадаў яго каталічцы з Саколкі Марыі Сарачынскай, якая перадала яго мітрапалічнай курыі ў Вільні. Канфлікт з духавенствам яшчэ больш умацаваў пазіцыі Ільі сярод яго прыхільнікаў[3]. Неўзабаве паслядоўнікі «прарока» пачалі дзейнічаць незалежна ад духоўных уладаў. Гэта праявілася галоўным чынам у абвяшчэнні адкрыццяў у аколічных мясцовасцях, у тым ліку ў Пухлах і Целушках, дзе была пабудавана драўляная капліца і пачаўся культ аўторкаў. Яны лічылі, што святы дзень трэба перанесці з нядзелі на аўторак з прычыны выгнання ў гэты дзень з царквы святара, дасланага епіскапам, які прыбыў адправіць набажэнства ў адсутнасць Ільі. Паслядоўнікі Клімовіча пачалі прыпісваць сабе біблейскія атрыбуты, называючы сябе архангеламі або апосталамі. Некаторыя з іх казалі пра асабістыя адкрыцці або размовы з самім Богам. У той жа час сам Альяш Клімовіч часта адмяжоўваўся ад такой дзейнасці, хоць пра яго шматлікія цуды і вылячэнні расказвалі іншыя[4]. Найбольш радыкальныя вернікі прыпісвалі Клімовічу ролю Ісуса, які павінен быў вучыць, памерці на крыжы, а потым судзіць жывых і мёртвых[3].


Сам Клімовіч у гэты перыяд лічыў сябе Ісусам, які зноў прыйшоў на зямлю, каб весці вернікаў у Царства Божае, у «Новы Іерусалім»[3] . У канцы 1930-х гадоў каля вёскі Старая Грыбоўшчына ён заснаваў паселішча Вершалін, якое абвясціў цэнтрам свету і якое павінна было стаць яго новай сталіцай. Гэты горад павінен быў стаць «Новым Іерусалімам», дзе праведнікі знойдуць прытулак пасля канца свету, прадказанага прарокам Ільём[4]. Неўзабаве былі ўзведзены тры будынкі і паслядоўнікі Клімовіча пачалі сяліцца ў Вершаліне. Многія з іх адмовіліся ад свайго папярэдняга жыцця, прадалі сваю маёмасць і пакінулі свае сем’і. Яны складалі псалмы і акафісты, якія праслаўлялі Клімовіча, а таксама рэдагавалі ўлёткі з пасланнямі прарока. Аднак, паколькі прадказанні не спраўджваліся, група скарачалася, і нават самыя верныя паслядоўнікі Клімовіча пачалі яго пакідаць[3].
Арышт і смерць
[правіць | правіць зыходнік]У Другую сусветную вайну, па ўваходжанні Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь пасля 17 верасня 1939 года, Альяш Клімовіч быў арыштаваны савецкімі ўладамі 28 кастрычніка 1939 года[6]. Асуджаны 4 верасня 1940 года за «антысавецкую агітацыю» на 5 гадоў лагераў[6]. Памёр у лагеры[5].
Спадчына
[правіць | правіць зыходнік]
Паслядоўнікі Клімовіча не спынілі дзейнасць пасля яго знікнення ў 1939 годзе. Яго паслядоўніцы, вядомыя як «святыя бабы», падтрымлівалі жыццё культу. Набажэнствы для вернікаў адпраўлялі спачатку Павел Валошын, потым Надзея Антанюк і, пазней, Таццяна Кавальчук. На працягу наступных дзесяцігоддзяў групы сяброў культу Клімовіча дзейнічалі ў Цялушках, Трасцянцы, Паўлах, Міхалове, Пеньках і Камені. Сябры групы з Цялушак у 1943 годзе пачалі будаваць для сябе царкву, але будаўніцтва было спынена, калі іх арыштавалі нацысцкія акупацыйныя ўлады[7].
У кнізе «Вершалін. Рэпартаж пра канец свету» (Wierszalin. Reportaż o końcu świata) Уладзімір Паўлючук апісаў свае сустрэчы з некалькімі людзьмі, якія ўсё яшчэ верылі ў нібыта звышнатуральныя здольнасці Клімовіча, ён сустрэў іх падчас наведванняў Старой Грыбоўшчыны і навакольных вёсак у 1970-я гады[8]. Некаторыя паслядоўнікі Клімовіча ўсё яшчэ праводзілі набажэнствы ў Вершаліне. Паўлючук таксама апісаў людзей, якія верылі, што Клімовіч усё яшчэ жывы і выканае сваё прароцтва, вярнуўшыся ў Вершалін або непасрэдна паўплываўшы на савецкіх лідараў у Маскве[9]. Паслядоўнікі Клімовіча хавалі сваіх блізкіх на могілках каля царквы ў Старой Грыбоўшчыне. Некаторых з іх даводзілася хаваць уначы, бо мясцовае духавенства не дазваляла іх пахаванне. Дзве «святыя бабы» Клімовіча таксама пахаваныя там[7].
Апошняя «святая баба» Клімовіча памерла ў пачатку 1990-х гадоў[10]. У 2000-я гады паведамлялася пра двух чалавек, якія былі аднымі з апошніх вернікаў Клімовіча: Барыса Валошына (апошняга жыхара Вершаліна) і жанчыну, якая жыла ў Старой Грыбоўшчыне[2][11]. Згодна з артыкулам National Geographic 2019 года, выявы, карціны і розныя памятныя рэчы, звязаныя з Клімовічам, усё яшчэ можна было сустрэць у дамах мясцовых жыхароў[12].
Радаслаў Брожына, чалавек з Мазовіі, вырашыў пасяліцца ў Старой Грыбоўшчыне, каб вывучаць і папулярызаваць гісторыю Клімовіча і яго культу[7]. У артыкуле для Onet.pl у 2025 годзе Дыяна Ваўжусішына паведаміла, што дагэтуль ёсць людзі, якія лічаць сябе паслядоўнікамі Клімовіча. Некаторыя з іх працягвалі наведваць набажэнствы ў царкве Старой Грыбоўшчыны 2 жніўня, калі ўшаноўваецца памяць прарока Ільі. Ваўжусішына адзначыла, што апошняй жывой паслядоўніцай, якая асабіста сустракалася з Клімовічам, была жанчына старэйшая за 90 гадоў з імем Марыя з вёскі Пухлы[12].
Вёска Вершалін застаецца закінутай па смерці Барыса Валошына[7]. Адміністрацыя мясцовага лясніцтва стварыла там гісторыка-тэматычны парк[13]. Фундаменты недабудаванай царквы Клімовіча ў Вершаліне былі расчышчаны, і ў іх былі ўмураваны круглыя камяні з сімваламі некалькіх монатэістычных рэлігій, што стварыла «Монатэістычную святыню Свету» (Monoteistyczna Świątynia Świata)[7]. Гэткае выкарыстанне руін у Вершаліне сустрэла крытыку з боку мясцовага насельніцтва і СМІ[7][14].
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]Польскі антраполаг і рэлігіязнаўца Уладзімір Паўлючук даследаваў культ у 1967 годзе[15]. Спачатку ён публікаваў вынікі сваіх даследаванняў у навуковых выданнях і газетах, а пазней, у 1974 годзе, сабраў іх у публіцыстычную кнігу пад назвай «Вершалін. Рэпартаж пра канец свету» (Wierszalin: Reportaż o końcu świata)[16]. У 2004 годзе Паўлючук таксама выдаў мастацкі твор «Юда» (Judasz)[17], сюжэт якога засяроджаны на падзеях вакол Клімовіча і Вершаліна[18].
Тэатр «Вершалін» (Teatr Wierszalin) названы ў гонар Клімовіча і яго вёскі[19]. Адзін з яго спектакляў рэжысёра Пятра Тамашука пад назвай «Вершалін. Рэпартаж пра канец свету» ёсць драматычнай адаптацыяй частак кнігі Паўлючука[20].
Ілья Клімовіч ёсць галоўным героем п’есы Тадэвуша Слабадзянака пад назвай «Прарок Ілья» (Prorok Ilja)[21].
Беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк напісаў раман пра Клімовіча і яго культ пад назвай «Вершалінскі рай», які быў апублікаваны ў 1974 годзе[3].
У 1997 годзе выйшаў фільм пра Клімовіча «Гісторыя пра прарока Ілью з Вершаліна» (Historia o proroku Eliaszu z Wierszalina) рэжысёра Кшыштафа Вайцяхоўскага. У фільме ролю Клімовіча выканаў Генрык Таляр[22]. Пра Клімовіча было знята некалькі дакументальных фільмаў, у тым ліку нямецкі: «Рай на зямлі» (Das Paradies auf Erden) Ганса Мадэя[23].
У 2011 годзе выйшаў дакументальны фільм Януша Гаўрылюка «Апошні жыхар сталіцы свету».
У 2025 годзе польскі блэк-метал гурт Patriarkh выпусціў канцэптуальны альбом пад назвай «Пророк Илия» (Prorok Ilja), які падрабязна расказвае гісторыю Клімовіча[24].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д „Prorok” Ilja. Historia prawdziwa (cz. 2) - Czasopis (17 сакавіка 2022). Праверана 12 студзеня 2026.
- ↑ а б в Ilja, prorok z Sokólszczyzny (польск.). Sokółka i powiat sokólski. Informacje, forum, ogłoszenia - iSokolka.eu (6 лютага 2016). Праверана 12 студзеня 2026.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н Roman Pawłowski, Tadeusz Słobodzianek. Żywot proroka Ilji czyli krajobraz po końcu świata.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Sekta grzybowska w świetle wybranych ujęć socjologii i religioznawstwa - Sonca.org - Związek Młodzieży Białoruskiej (польск.). sonca.org. Праверана 12 студзеня 2026.
- ↑ а б „Prorok” Ilja. Historia prawdziwa (cz. 11) - Czasopis (17 студзеня 2023). Праверана 12 студзеня 2026.
- ↑ а б Списки жертв — Климович Илья Лаврентьевич. base.memo.ru. Праверана 12 студзеня 2026.
- ↑ а б в г д е Dzwony zabiły kolejny raz, ale końca świata nie było (польск.). wiadomosci.onet.pl (16 ліпеня 2025). Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Pawluczuk, Włodzimierz (1974). Wierszalin. Reportaż o końcu świata. Wydawnictwo Literackie.
- ↑ Wierszalin reportaż o końcu świata - Włodzimierz Pawluczuk książka | Tezeusz.pl (польск.). tezeusz.pl. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Szymańska-Kuta, Daria (2007). Współczesna kondycja mniejszości religijnych na terenie Podlasia: sprawozdanie ze studenckiego obozu naukowego. Zeszyty Naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego. Studia Religiologica. 40: 245. eISSN 2084-4077. ISSN 0137-2432.
- ↑ Dąbrowski, Kamil. Osada Wierszalin. Zobacz jak wygląda tajemnicza miejsce w sercu Puszczy Knyszyńskiej! (польск.). Podlaskie24 (13 сакавіка 2020). Праверана 18 лютага 2025.
- ↑ а б Węgłowski, Adam. Imperium proroka Ilji na Podlasiu (польск.). National Geographic (7 лістапада 2019). Праверана 18 лютага 2025.
- ↑ Wierszalin(нявызн.). krynki.bialystok.lasy.gov.pl. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Wiadomości - Region: Kontrowersyjna atrakcja turystyczna (польск.). Polskie Radio Białystok - Regionalna Rozgłośnia w Białymstoku. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Ганна Саковіч. Вобраз Альяша Kлiмовiча i яго арганiзацьi ў творах Вершалiнскi рай Аляксея Карпюка i Вершалiн. Рэпартаж аб канцы свету Улaдзiмiрa Паўлючука. bibliotekanauki.pl. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Wierszalin. Reportaż o końcu świata (польск.). Rzeczpospolita. Праверана 28 снежня 2025.
- ↑ Pawluczuk, Włodzimierz (2004). Judasz(польск.). Wydawn. W.A.B. ISBN 978-83-89291-85-1.
- ↑ Wyborcza.pl. wyborcza.pl. Праверана 28 снежня 2025.
- ↑ Wierszalin. Reportaż o końcu świata – Teatr "Wierszalin" w Supraślu. wierszalin.pl. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Danilewicz, Iwona. Prorok Ilja przybył z wizją nowego świata – Teatr Wierszalin w Sejnach(нявызн.). Niebywałe Suwałki (6 кастрычніка 2012). Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ "Prorok Ilja" Tadeusza Słobodzianka okiem Ondreja Spišáka (польск.). Culture.pl. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ FilmPolski.pl (польск.). FilmPolski. Праверана 13 студзеня 2026.
- ↑ Chmielewski, Jerzy. "Prorok" Ilja. Historia prawdziwa (cz. 6) (польск.). czasopis.pl (6 жніўня 2022). Праверана 18 лютага 2025.
- ↑ Filipowski, Robert. Patriarkh „Prorok Ilja”: Zrobi wrażenie na fanach metalu z całego świata [RECENZJA |]. Teraz Muzyka (2 студзеня 2025). Праверана 13 студзеня 2026.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Альяш Клімовіч на Вікісховішчы |