Энцыклапедыя Юнлэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Разварот Юнлэ дадянь. Тэкст запісаны падвойнымі слупкамі па 28 іерогліфаў у кожным.

Энцыклапедыя гадоў кіравання пад дэвізам Юнлэ (кіт.: 永樂大典, Юнлэ дадзянь) — найбольшая[1] неэлектронная энцыклапедыя у гісторыі чалавецтва. Створана па загадзе кітайскага імператара Юнлэ ў 1403—1408 гадах, уключала змест усіх кніг, што былі ў імператарскай бібліятэцы, у тым ліку кананічныя, гістарычныя, філасофскія, мастацкія творы. Выканана ў даведкавым жанры лэйшу, разнастайны матэрыял размяшчаўся не па тэматычных катэгорыях (як звычайна ў лэйшу), а ў парадку іерогліфаў слоўніка Хуну чжэн'юнь: кожны раздзел уяўляў сабою зборнік вытрымак, часам цэлых раздзелаў ці трактатаў на адну агульную тэму, пазначаную іерогліфам-назвай раздзела[2].

Да складання энцыклапедыі было прыцягнута некалькі тысяч навукоўцаў з акадэміі Ханьлінь. Энцыклапедыя налічвала 22 877 цзюаней (не лічачы 60 цзюаней зместу), якія дзяліліся на 11 095 тамоў-цэ. Сумарны аб'ём збору па ацэнках кітаязнаўцаў — каля 510 000 старонак і 300 000 000 іерогліфаў[3]. У наш час захавалася не больш чым 797 цзюаней (4% выточнага тэксту), перавыдадзеных у рамках міжнароднага праекта.

Гісторыя стварэння і захавання[правіць | правіць зыходнік]

Вокладка тома, што ўключае цзюані 2535—2536.

У 1403 годзе імператар Юнлэ утварыў камісію з 147 навукоўцаў на чале з Се Цзынем (кіт.: 解縉, 1347—1415) для складання збору ўсіх вядомых на той час сачыненняў па ўсіх тэмах. Пачатковы варыянт энцыклапедыі быў складзены праз 17 месяцаў і прадстаўлены імператару пад назвай «Вялікі літаратурны збор». Аднак амаль адразу быў аддадзены загад пра перапрацоўку выдання, і складзена новая камісія. На чале яе, нароўні з Се Цзынем, усталі Яа Гуансяа і Лю Цзічы, а таксама былі ўключаны 28 вядомых навукоўцаў і больш за 3000 каліграфаў і радавых навукоўцаў з усіх канцоў Кітая. Яны працавалі з матэрыяламі Імператарскай бібліятэкі і адабралі каля 8000 твораў, створаных у перыяд са старажытнасці да падзення дынастыі Юань. Матэрыял энцыклапедыі размяшчаўся не па тэматычных рубрыках, а ў парадку іерогліфаў-рыфм слоўніка «Слушныя рыфмы гадоў Хун'у» (Хунху чжэн'юнь, 1375). Усе працы вяліся ў Нанкіне[2].

Складанне энцыклапедыі пераследавала палітычныя мэты: імператар прыйшоў да ўлады ў выніку грамадзянскай вайны 1399—1403 гадоў і сутыкнуўся з рэзкай апазіцыяй канфуцыянскіх вучоных-чыноўнікаў. Буйным літаратурным праектам ён паспрабаваў прыцягнуць на службу новыя кадры і змякчыць апазіцыю[4].

Канчатковы збор, адзін змест якога займаў 60 цзюаней, быў прадстаўлены гасудару ў 1408 годзе, атрымаў ухвалу і сучасную назву; імператар напісаў да энцыклапедыі прадмову[2]. Збор спачатку захоўваўся ў Нанкіне, а ў 1421 годзе быў перавезены ў Пекін, і змешчаны ў сховішча Вэньлоу. У 1557 годзе ў імператарскім палацы адбыўся пажар, пасля чаго з энцыклапедыі знялі копію, што захоўвалася ў гістарычным архіве Хуаншычэн (які меў каменны будынак). Копія была зроблена ў 1562—1567 гадах сіламі 108 каліграфаў (была ўсталявана норма выпрацоўкі — 3 старонкі ў дзень). Кожны том копіі забяспечваўся ярлыком «паўторна запісана». Звесткі пра трэці камплект энцыклапедыі, пашыраныя ў заходняй літаратуры, памылковыя[5].

Арыгінал энцыклапедыі, мабыць, быў згублены ўжо пад канец кіравання дынастыі Мін, ніякіх слядоў арыгінала не было вядома ўжо ў XVII стагоддзі. У кіраванне імператара Юнчжэна копія, з якой ужо была згублена дзясятая частка тамоў, была перададзена ў акадэмію Ханьлінь[5][4]. Паколькі да XVIII стагоддзя вялікая частка сачыненняў, уключаных у Юнлэ дадзянь, была ўжо згублена, энцыклапедыяй сталі шырока карыстацца філолагі і выдаўцы эпохі Цяньлун. У час складання Сыку цюаньшу па ініцыятыве Чжу Юня было распачата сістэматычнае выбіранне з энцыклапедыі розных сачыненняў, але далёка не ўсё было ўключана. Страты Юнлэ дадзянь працягваліся: да 1875 года заставаліся каля 5000 тамоў (менш за палову), з-за паўстанняў і войн да 1893 года было ўлічана не намнога больш чым 600 тамоў. Знішчэнне завяршылася ў час паўстанні іхэтуаняў[4]. Частка тамоў была вывезена ў Еўропу, ЗША і Японію. Мяркуючы па каталогах 1926 і 1933 гадоў, захаваліся 349 тамоў (663 цзюані), з якіх у Кітаі засталося 285. Кітайскія даследчыкі заснавалі міжнародны праект і да 2009 года выявілі, сабралі і перавыдалі 797 цзюаней мінскай энцыклапедыі[5].

Тамы Юнлэ дадзянь за межамі Кітая[правіць | правіць зыходнік]

У бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта і Акадэміі навук захоўваліся 11 тамоў Юнлэ дадзянь (25 цзюаней), 10 з якіх паступілі ў 1912 годзе з Пекінскай духоўнай місіі ў Азіяцкі музей Акадэміі навук, а адзін — у 1935 годзе з Далёкаўсходняга аддзялення АН СССР[6][7]. Тамы зусім разрозненыя (з выключэннем двух): 16, 28, 49, 95, 231, 232, у астатніх згублены наклейкі з нумарам тома і ў аднаго — вокладка[8]. Адмысловае іх даследаванне распачаў у канцы 1930-х гадоў У. М. Казін, які адзначыў што захаванасць ва ўсіх тамоў цудоўная, туш не збялела, не пацярпелі тамы і ад паводкі 23 верасня 1924 года[9]. У 1958 годзе рашэннем савецкага кіраўніцтва ўсе гэтыя матэрыялы былі вернуты Кітайскай Народнай Рэспубліцы[10].

Найбуйнейшыя калекцыі тамоў Юнлэ дадянь захоўваюцца ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША (40 тамоў), у розных бібліятэках Вялікабрытаніі — 51 том, у розных бібліятэках Германіі — 5 тамоў, некаторая колькасць тамоў у Японіі. У Тайванскай нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца 62 тамы энцыклапедыі. Сумарна захавалася не больш за 4 % яе першапачатковага аб'ёму.

Апісанне тамоў[правіць | правіць зыходнік]

Прыклад пабудовы тэксту. Вялікімі іерогліфамі прыведзена назва рубрыкі Кочжай. Чырвонай тушшу выведзены імёны ўласныя і знакі прыпынку.

Фармат тома Юнлэ дадзянь вялікі для кітайскай кніжнай традыцыі: 50 × 29,5 см, таму тамы складаліся ў цвёрдую кардонную вокладку, абклееную жоўтым шоўкам, што рабіла іх падобнымі на еўрапейскія. На карэньчыку ляпіўся цэтлік (27 × 6,5 см), на якім пісаўся загаловак кнігі і нумара першага і апошняга цюаня ў дадзеным томе. Нумарацыя цзюаней — агульная для ўсяго сачынення. Тамы перапісваліся на шчыльнай тоўстай белай паперы, якая выкарыстоўвалася для малярства, а не друкарства. Лісты сшываліся папяровымі жгутамі, прапушчанымі праз адтуліны на палях ліста каля карэньчыка. Рамкі, лінейкі і слупкі на лісце палінеены чырвонай тушшу, чырвонай тушшу выкананы загалоўкі і знакі прыпынку, а таксама імёны аўтараў. Памер тэксту на лісце — 35 × 23 см. Зверху пакінуты палі па 9 см, унізе — па 5,5 см. Кожная старонка палінеена на 8 слупкоў, водступ тэксту ад верхняй рамкі — 2,5 см[11].

Шрыфтоў два — буйны: адным радком у слупку па 14 іерогліфаў, і дробны — двайны радок у слупку па 28 іерогліфаў. Адзін буйны знак займае месца чатырох дробных. Буйным шрыфтам напісаны загалоўныя знакі і выразы, іншыя тэксты — дробным. Увесь тэкст забяспечаны знакамі прыпынку, а таксама паказальнікамі тонаў для знакаў, што маюць некалькі чытанняў. У адным томе ўтрымваюцца найчасцей 2 цзюані, але бывала, што 1 ці 3. Пад канец кожнага тома ёсць нешта падобнае да нахзаца, шырынёй 16—18 см. Там паказваліся імёны галоўных карэктараў перапіскі і імёны тых, хто ставіў знакі прыпынку[12].

Тамы захоўваліся ў футлярах па 10, усяго іх было 1100, але ніводзін з футляраў не ўцалеў. Сярэдняя таўшчыня аднаго тома ў вокладцы — 16 см[13].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Юнлэ дадзянь не мае ўласнага тэксту, у яго склад увайшлі ўсе творы кітайскай літаратуры, што былі ў мінскай імператарскай бібліятэцы, у тым ліку страчаныя на цяперашні час сунскія і юаньскія творы[14]. Тамы падзелены па загалоўных іерогліфах, пад кожным з іх маглі размяшчацца артыкулы наступных відаў:

  1. Слоўнікавае вызначэнне — вельмі кароткае, сустракаецца ва ўсіх выпадках без выключэння;
  2. Узоры напісання знака рознымі почыркамі;
  3. Агульная прадмова — развага пра паняцце, што абазначаецца дадзеным іерогліфам;
  4. Фразеалогія — назвы і выразы, у склад якіх уваходзіў дадзены знак;
  5. Вершы і проза — паэтычныя і празаічныя прыклады выкарыстання дадзенага знака;
  6. Энцыклапедычны артыкул — самая разнастайная катэгорыя. Сюды маглі ўваходзіць дынастыйныя гісторыі, цэлыя біяграфіі, раздзелы класічных кніг, будыйскія і даоскія трактаты — цалкам, геаграфічныя артыкулы[15].

Прынцып размеркавання тэкстаў па артыкулах наступны:

  1. Канфуцыянскія класікі з каментарыямі, творы заснавальнікаў даасізму і некаторыя іншыя сачыненні часткамі размяркоўваліся па раздзелах і змяшчаліся пад апошнім са знакаў загалоўка;
  2. Гістарычныя хронікі падзяляліся, летапісныя раздзелы (бэньцзі) ішлі пад загалоўкам дынастыі, біяграфіі — пад іерогліфамі адпаведных прозвішчаў, агляды і юрыдычныя раздзелы — пад знакамі адпаведных інстытутаў, і г.д.;
  3. Адміністрацыйныя адзінкі ўключалі часткі з геаграфічных сачыненняў пад імем уласным кожнай з іх без намінальнай прыстаўкі (чжоу, сянь і інш.). Артыкулы пра азёры, рэкі, грабніцы знакамітасцей, пабудовы ішлі пад імем агульным кожнага з іх;
  4. Слоўнікі размяркоўваліся па першым раздзеле кожнага артыкула — вызначэнне;
  5. Медыцына — па асноўных катэгорыях хвароб;
  6. Матэматыка — усе матэрыялы па ёй былі апублікаваны пад адзіным знакам «падлік» (кіт.: )
  7. Даоскую і будыйскую літаратуру ўключалі цэлымі трактатамі ці нават раздзеламі канонаў пад адным са знакаў загалоўка;
  8. У прыгожым пісьменстве ўлічвалі не толькі класічную, яе разбівалі часткова па жанрах (тады тэксты ішлі пад знакам адпаведнага жанру), часткова па тэмах, і тады тэкст мог трапіць у любы раздзел энцыклапедыі.

Зноскі

  1. Юнлэ дадянь в Британской энциклопедии
  2. 2,0 2,1 2,2 Попова, 2009, с. 831
  3. Казин, 2011, с. 171
  4. 4,0 4,1 4,2 Казин, 2011, с. 186
  5. 5,0 5,1 5,2 Попова, 2009, с. 832
  6. Казин, 2011, с. 156,177
  7. Пумпян Г. З. Из истории Отдела литературы стран Азии и Африки БАН // Петербургская библиотечная школа. — 2013. — № 1. — С. 929—944.
  8. Казин, 2011, с. 157
  9. Казин, 2011, с. 158
  10. Рукописи и ксилографы на восточных языках в Научной библиотеке им. М. Горького СПбГУ / Под ред. В. Л. Успенского. — СПб : Филологический факультет СПбГУ, 2014. — С. 94—95. — 175 с. — ISBN 978-5-8465-1450-8.
  11. Казин, 2011, с. 154—155
  12. Казин, 2011, с. 155—156
  13. Казин, 2011, с. 156
  14. Казин, 2011, с. 188
  15. Казин, 2011, с. 187

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Казин В. Н. «Юн-лэ да дянь»: рукопись библиотеки ЛГУ // Труды востоковедов в годы блокады Ленинграда (1941—1944). — М.: Восточная литература, 2011. — В. 1. — С. 151—191. — ISBN 978-5-02-036466-0.
  • Попова И. Ф. Юн-лэ да дянь // Духовная культура Китая: энциклопедия: в 5 т. / Гл. ред. М. Л. Титаренко; Ин-т Дальнего Востока РАН. — М.: Вост. лит., 2009. — Т. 4. Историческая мысль. Политическая и правовая культура / ред. М. Л. Титаренко и др.. — С. 831—832.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]