Эрытрэйская Каталіцкая Царква

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Эрытрэйская каталіцкая царква — адна з усходнекаталіцкіх цэркваў, якія прытрымліваюцца эфіопскага абраду, што ўзыходзіць да Александрыйскай літургічнай традыцыі. Самая маладая з усходнекаталіцкіх цэркваў, утворана ў 2015 годзе шляхам вылучэння з Эфіопскай каталіцкай царквы. Прыхільнікі пражываюць, галоўным чынам у Эрытрэі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XIX стагоддзя Эрытрэя перайшла пад кантроль італьянцаў. Пасля гэтага тут рэзка актывізавалася каталіцкая місія, у выніку чаго ў Эрытрэі з'явілася істотная колькасць каталікоў эфіопскага абраду.

Пасля заканчэння другой сусветнай вайны Эрытрэя была далучана да Эфіопіі. У 1961 годзе былі заснаваны пастаянныя структуры Эфіопскай каталіцкай царквы. Была створана мітраполія ў Адыс-Абебе, якой падпарадкоўвалася суфраганная дыяцэзія ў Асмэры (суч. сталіца Эрытрэі)[1]. У 1993 годзе Эрытрэя зноў стала незалежнай, пасля чаго былі заснаваны яшчэ дзве дыяцэзіі ў гэтай краіне — Кэрэнская і Барэнтуская. У 2012 годзе ўтворана Сэгэнэйтыйская дыяцэзія.

19 студзеня 2015 года чатыры дыяцэзіі, якія размешчаны на тэрыторыі Эрытрэі, былі вылучаны ў асобную мітраполію, утварыўшы, такім чынам, новую Эрытрэйскую ўсходнекаталіцкую царкву[2].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Царква складаецца з чатырох дыяцэзій — Асмэрскай архідыяцэзіі-мітраполіі і суфраганных ёй Кэрэнскай, Барэнтускай і Сэгэнэйтыйскай дыяцэзій [3]. Галоўны сабор Эрытрэйскай царквы — сабор Св. Іосіфа ў Асмэры. З моманту стварэння царкву ўзначальвае біскуп Менгестэаб Тэсфамарыям.

Агульная колькасць вернікаў каля 150 тысяч, што складае прыкладна 3 % насельніцтва краіны[4]. Характэрнай асаблівасцю каталіцтва ў Эрытрэі з'яўляецца тое, што ўсе веруючыя каталікі належаць да юрысдыкцыі ўсходняга абраду, царкоўных структур лацінскага абраду ў Эрытрэі няма[3].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]