Перайсці да зместу

Этымалагічны слоўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Этымалагічны слоўнік — тып лінгвістычнага слоўніка, у якім даюцца звесткі пра паходжанне слоў адной мовы або некалькіх роднасных моў адначасова[1][2].

Тыпы этымалагічных слоўнікаў

[правіць | правіць зыходнік]

Адрозніваюць два тыпы этымалагічных слоўнікаў: навуковыя (поўныя) і папулярныя (кароткія, школьныя)[2].

Навуковы слоўнік характарызуецца максімальна шырокім рэестрам, дакладным аналізам розных пунктаў гледжання на этымалогію пэўнага слова, наяўнасцю бібліяграфіі. У ім фіксуецца першаснае значэнне слова, узнаўляецца яго архаічная форма, паказваецца, як утварылася слова, якая прыкмета ляжыць у яго аснове і г. д. Кожны артыкул будуецца як разгляд этымалогіі аднаго слова (каранёвага або вытворнага)[2].

Папулярны слоўнік мае абмежаваны рэестр, вызначаецца агульнадаступным выкладам слоўнікавых артыкулаў, адсутнасцю бібліяграфічных спасылак[2].

Беларускія этымалагічныя слоўнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню была пададзена беларуская лексіка на шырокім славянскім фоне ў «Этымалагічным слоўніку славянскіх моў» Ф. Міклашыча (Вена, 1886). Яна займае значнае месца і ў іншых слоўніках славянскіх моў: «Славянскі этымалагічны слоўнік» Э. Бернекера (1908—1913); а таксама фундаментальных слоўніках, работа над якімі вядзецца ў МасквеЭтымалагічны слоўнік славянскіх моў: праславянскі лексічны фонд», 1974—2002, выпускі 1—29, выданне працягваецца), КракавеСлоўнік праславянскі», тамы 1—8, 1974—1984, 2001, выданне працягваецца), у БрнеЭтымалагічны слоўнік славянскіх моў», сшыткі 1—2, 1973—1980)[1].

Значны лексічны матэрыял беларускіх гаворак упершыню ўведзены ў этымалагічныя даследаванні ў працы «Караняслоў рускай мовы, параўнаны з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі» (1842) беларуса па паходжанні Ф. С. Шымкевіча[1].

Спробы этымалагізацыі беларускай лексікі ёсць у «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча (1870). Шырэй пададзена беларуская лексіка ў «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» М. Фасмера (тамы 1—3, 1950—1958; рускае перавыданне з дадаткамі, тамы 1—4, 1964—1973, перавыданне 1986—1987, 1996) і ў «Этымалагічным слоўніку польскай мовы» Ф. Слаўскага (тамы 1—5, 1952—1982, выданне працягваецца), «Этымалагічным слоўніку ўкраінскай мовы» (тамы 1—4, 1982—2002, выданне працягваецца)[1].

Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (тамы 1–14, 1978–2017, выданне працягваецца[2]). Выданне мае на мэце выявіць словаўтваральныя і семантычныя архаізмы і інавацыі, у тым ліку тэрытарыяльна абмежаваныя запазычанні і калькі з іншых моў, мясцовыя наватворы, асаблівае значэнне надаецца арэальнай характарыстыцы слоў[1].

У кожным з тамоў каля 3 тысяч слоўнікавых артыкулаў з навуковай бібліяграфіяй па прыведзеных словах, у якой улічана манаграфічная і часопісная айчынная і замежная літаратура. Аб’ектам разгляду ў этымалагічным слоўніку могуць быць і фразеалагізмы. Напрыклад, у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава (1981) растлумачана паходжанне каля 450 устойлівых словазлучэнняў сучаснай беларускай мовы[1].

  1. а б в г д е Г. А. Цыхун, І. К. Германовіч. Этымалагічны слоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
  2. а б в г д Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.