Перайсці да зместу

Этымалогія эсперанта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Этымалогія эсперанта — гэта навука пра паходжанне і развіццё словаў і іх формаў, значэнняў і ўжывання ў планавай штучнай мовы эсперанта з 1887 года. З-за таго, што мова штучная, вывучэнне каранёў у эсперанта ў некаторых аспектах адрозніваецца ад этымалагічных даследаванняў у этнічных мовах. Магчыма вызначыць наступныя перспектывы:

  • Этымалогія з’яўлення кораня даследуе базу моў-крыніц кораня ў эсперанта, высвятляе, чаму ён мае сваю спецыфічную форму; такім чынам, яе аб’ект даследаванняў — пераход этналінгвістычнай формы ў міжэтнічную форму міжнароднай мовы.
  • Этымалогія да з’яўлення кораня вывучае гісторыю знойдзенай лінгвістычнай базы ў яе мінулым; з гэтай нагоды яна абапіраецца на класічныя этымалогіі этнічных моў-крыніц.
  • Этымалогія пасля з’яўлення кораня асвятляе змены формы і значэння каранёў пасля іх увядзення ў эсперанта да іх сённяшняй формы і ўжывання.

Этымалогія з’яўлення кораня

[правіць | правіць зыходнік]

Тыповым для гэтага аддзела этымалогіі эсперанта з’яўляецца, напрыклад, пытанне аб тым, чаму тое ці іншае слова атрымала існуючую ў эсперанта форму, калі яна адрозніваецца ад форм у мовах-крыніцах. Этымалогія з’яўлення кораня грае ў эсперанта большую ролю, чым у этымалогіі этнічных моў, таму што яна выяўляе мадэлі паслядоўнага і планава-свядомага прыняцця ў мову форм слоў, пазычаных у розных мовах-крыніцах. Яна, такім чынам, з’яўляецца каштоўным матэрыялам для вывучэння гісторыі стварэння тэрміналогіі і можа разглядацца як дапаможная навука ў сучаснай тэрміналогіі. Таму, напрыклад, даследаванне пра ўвядзенне ў эсперанта слоў, запазычаных з якой-небудзь мовы, дае ўзор мадэлі, як магчыма пазычаць таксама іншыя словы з гэтай мовы-крыніцы.

Этымалогія да з’яўлення кораня

[правіць | правіць зыходнік]

Гэтая частка этымалогіі эсперанта не адрозніваецца ад этымалогіі нацыянальных моў. У той час як (тыпова эсперанцкая) этымалогія з’яўлення кораня даследуе, што эсперанцкае слова hundo было запазычана з нямецкай мовы (Hund) з падтрымкай англійскай (hound, як у слове greyhound) і іншых германскіх моў (напрыклад, нідэрландскае слова hond), этымалогія да з’яўлення кораня накіроўваецца па шляху нямецкага слова Hund у яго мінулае.

Этымалогія пасля з’яўлення кораня

[правіць | правіць зыходнік]

Гэтая частка этымалогіі эсперанта мае невялікі памер, таму што мова за свой адносна малы час існавання пасля 1887 года змянілася адносна мала.

Universala Vortaro мае пяць моў, якія адлюстроўваюць паходжанне слоў, а менавіта англійскую, французскую, нямецкую, польскую і рускую, але яны не з’яўляюцца адзінымі ці нават найбольш значнымі мовамі-крыніцамі эсперанта. Павінны быць дададзены яшчэ прынамсі італьянская, (навуковая) лацінская, старажытнагрэчаская, ідыш, формы прота-эсперанта, валапюк і шмат якія іншыя мовы.