Эфатэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Эфатэ
Vanuatu Efate be.png
17°41′ пд. ш. 168°22′ у. д.HGЯO
АкваторыяКаралавае мора
КраінаFlag of Vanuatu.svg Вануату
Эфатэ (Вануату)
Эфатэ
Эфатэ
Плошча899,5 км²
Насельніцтва 65 734 чал.
Шчыльнасць насельніцтва73,078 чал./км²
Пляж Эракор
Пляж Эракор
Commons-logo.svg Эфатэ на Вікісховішчы

Эфатэ́ (англ.: Efate) — востраў у групе Новыя Гебрыды. Уваходзіць у склад Вануату. На Эфатэ знаходзіцца Порт-Віла, сталіца дзяржавы. Плошча - 899,5 км². Насельніцтва (2009 г.) - 65 734 чал.

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Эфатэ месціцца на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна ў 1738 км ад бліжэйшага мацерыка Аўстралія. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 46 км, з захаду на ўсход — 33 км. Мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся на лініі разлому тэктанічных пліт. Паверхня ўзгорыстая. Найвышэйшы пункт — гара Мак-Дональд (647 м). Частку ўзбярэжжа займаюць пясчаныя пляжы.

Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +20,8°C да +26,4°C. Сезон са снежня да мая суправаджаецца дажджлівым надвор'ем і трапічнымі цыклонамі. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 2405 мм.

На Эфатэ пераважаюць кіслотныя вулканічныя глебы. Захаваліся трапічныя лясы. Фаўна прадстаўлена рознымі відамі птушак, кажанамі, казуркамі, крабамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці (XIII ст. да н. э.) Эфатэ быў населены прадстаўнікамі культуры Лапіта, якіх звычайна атаесамляюць з продкамі палінезійцаў. Аднак археалагічныя раскопкі могілак носьбітаў Лапіта паказалі, што яны нарадзіліся за межамі вострава. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. Эфатэ быў заняты меланезійцамі.

Сувязі з Палінезіяй захоўваліся ў пазнейшы перыяд. У сярэднявеччы знешнія палінезійцы засялілі астравок Філа каля Эфатэ. Меланезійскае насельніцтва жыло пераважна на ўзбярэжжы, займалася земляробствам і рыбалоўствам. У XVI - XVII стст. на паўночным захадзе склаўся магутны саюз правадыроў рода Роі-Мата, які паступова распаўсюдзіў уладу на Эфатэ і суседнія астравы.

Эфатэ быў адкрыты ў 1606 г. іспанскай экспедыцыяй на чале П. Ф. дэ Кіраса. У апошняй чвэрці XIX ст. на востраў прэтэндавалі дзве каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія і Францыя. У 1878 г. востраў стаў часткай нейтральных тэрыторый. Французскія пасяленцы з Новай Каледоніі заснавалі плантацыйныя гаспадаркі ў раёне Порт-Віла. У 1889 г. яны абвясцілі незалежнасць, што прывяло да супрацьстаяння з брытанскімі місіянерамі. У 1906 г. было канчаткова зацверджана сумеснае кіраванне Францыяй і Вялікабрытаніяй.

З 1980 г. Эфатэ ў складзе незалежнай дзяржавы Вануату.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Эфатэ — адна з найбольш эканамічна развітых тэрыторый Вануату. Галоўны гандлёвы і прамысловы цэнтр — Порт-Віла. У сельскай гаспадарцы дамінуе камерцыйнае земляробства — вырошчванне цукровага трыснёгу, бананаў і какава. На ўзбярэжжы створаны рыбалоўныя кааператывы. У мястэчку Фарары некаторы час здабывалі марганец. Эфатэ прыцягвае турыстаў, якія прыбываюць для баўлення часу на мясцовых пляжах і знаёмства з культурнай спадчынай астравіцян.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]