Перайсці да зместу

Эфіопа-эрытрэйская вайна

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эфіопа-эрытрэйская вайна
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйскі пагранічны канфлікт
Карта спрэчных тэрыторый на мяжы Эрытрэі і Эфіопіі, дзе ў асноўным адбываліся баявыя дзеянні.
Карта спрэчных тэрыторый на мяжы Эрытрэі і Эфіопіі, дзе ў асноўным адбываліся баявыя дзеянні.
Дата 6 мая 199818 чэрвеня 2000
Месца поўнач Эфіопіі (штаты Тыграй і Афар  (англ.)) і 1/4 тэрыторыі Эрытрэі[1],
апасродкавана: судана-эрытрэйская граніца, Самалі, эфіопскія рэгіёны Аромія і Агадэн
Прычына Праблема дэмаркацыі  (руск.) граніцы; перашкоды для эфіопскага транзіту праз эрытрэйскія парты; гвалтоўнае высяленне эфіопаў з Эрытрэі; мілітарызацыя эрытрэйскага грамадства; недавер эфіопскага грамадства да этнічных тыграі ва ўрадзе.
Вынік
Праціўнікі
Эфіопія
Эрытрэя Эрытрэя
Камандуючыя
Негаса Гідада  (англ.)
Мелес Зенаўі
Цадкан Гебрэтэнсэй
Негаса Гідада  (англ.)
Расія Якім Янакаў
Расія Уладзімір Няфёдаў (лета 1998)
Эрытрэя Ісаяс Афеворкі
Эрытрэя Себхат Эфрэм
Эрытрэя Філіпас Вальдэяханэс
Расія Уладзімір Няфёдаў (1998/9?—2000)
Сілы бакоў
300 000[2]350 000[3] вайскоўцаў
Расія (з альбо без (?) Беларусь Украіна) 100[4]—500[5] ваенных саветнікаў і наймітаў
Эрытрэя 200 000300 000 вайскоўцаў[2][6]
Украіна 40[7]—300[5] ваенных саветнікаў і наймітаў
Расія Балгарыя ?
Страты
ад 34 000 да 60 000 забітых па афіцыйнай інфармацыі ад 16 550 да 19 000 загінулых па афіцыйнай інфармацыі

Эфіопа-эрытрэйская вайна — узброены канфлікт паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй у 1998—2000 гадах за кантроль над спрэчнымі памежнымі тэрыторыямі. Падзеі пачаліся з уварвання эрытрэйскай арміі на эфіопскую тэрыторыю, чаму папярэднічаў інцыдэнт у пагранічным пасёлку. Баі з пераменным поспехам вяліся пераважна ў памежжы. У іх прынялі актыўны ўдзел найміты і ваенспецы з былых савецкіх рэспублік, у асноўным расіяне і ўкраінцы.

Яшчэ на першым этапе вайны сфармаваліся тры фронты: заходні — сектар Бадмэ, участак паміж рэкамі Мэрэб і Сетыт, цэнтральны — раён Цэрона—Заламбеса—Алітэна, усходні — раён Бурэ. Усе яны апынуліся падзеленымі ў сувязі са складаным горным і пустынным рэльефам тэатра ваенных дзеянняў. Асабліва вялікі разрыў (некалькі сотняў кіламетраў) утварыўся паміж цэнтральным і усходнім франтамі, дзе пралягае пустыня Данакіль[8].

У выніку супрацьстаяння бакі заключылі мірнае пагадненне і адклалі вырашэнне спрэчкі на нявызначаны тэрмін для разгляду справы ў міжнародным арбітражы, які абавязаў краіны падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну. Тэрытарыяльнае пытанне было канчаткова закрыта толькі са зменай улады ў Эфіопіі і перадачы праблемных участкаў эрытрэйцам.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1950-х гадоў па рашэнні Генасамблеі ААН былая італьянская калонія  (італ.) Эрытрэя была ўключана на федэратыўных пачатках  (англ.) у склад Эфіопскай імперыі. У 1962 годзе федэрацыя скасавана. Ва ўмовах панавання народа амхара пачалася цэнтралізацыя. Мелі месца прыгнёт іншых этнічных груп і насаджэнне амхарскай мовы[9][10][11]. Нават пераход улады ад манарха да марксісцка-ленінскай групоўкі афіцэраў «Дэрг» у 1974 годзе не змяніў сітуацыі з вяршэнствам прадстаўнікоў амхара. У 1991 годзе, пасля шматгадовай грамадзянскай вайны?!, краінай пачала кіраваць кааліцыя «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў»[12].

У першыя ж гады новая ўлада ўзялася за ўрэгуляванне канфлікту з паўстанцкім рухам «Народны фронт вызвалення Эрытрэі  (англ.)». Яшчэ да звяржэння манархіі яго дзейнасць на поўначы імперыі прывяла да крызіснай сітуацыі, выкліканай у верасні 1961 года пачаткам вайны за незалежнасць. Вайна спрыяла росту сепаратысцкіх настрояў сярод насельніцтва іншых абласцей Эфіопіі, незадаволенасці ў арміі (вайскоўцы былі стомлены барацьбой з партызанскім рухам эрытрэйцаў) і значнаму пагаршэнню эканамічнага становішча. Эрытрэйская праблема таксама негатыўна адбівалася на міжнародныя ўзаемаадносіны краіны[13][11].

Па пагадненню сепаратыстаў з урадам у красавіку 1993 года ў Эрытрэі быў праведзены рэферэндум  (англ.), па выніках якога краіна афіцыйна была абвешчана незалежнай[14]. Прадстаўнiкi народнасці тыграі, складаючы аснову кіруючых эфіопскіх колаў[12], апынуліся ў новай дзяржаве этнічнай большасцю[15].

Некаторы час адносіны паміж краінамі былі дружалюбнымі, аднак хутка гэта змянілася[16][17]. Першыя праблемы пачаліся з-за дэпартацыі ўраджэнцаў Эфіопіі з эрытрэйскай тэрыторыі. Яшчэ ў 1991 годзе каля 30 000 жонак і дзяцей эфіопскіх вайскоўцаў, дыслакаваных у Эрытрэі, былі перавезены эрытрэйскімі войскамі праз мяжу і пакінуты на тэрыторыі суседзяў. Пры гэтым эрытрэйцы паведамілі эфіопскім чыноўнікам чакаць прыбыцця яшчэ 150 000 чалавек. Многія з дэпартаваных былі людзьмі, якія хоць і не нарадзіліся ў Эрытрэі, але доўгі час пражылі і прапрацавалі там[18]. За першы год краіну пакінулі 120 000 чалавек[19].

Эрытрэйскі лідар Ісаяс Афеворкі, улічваючы адсутнасць у сваёй краіне каштоўных выкапняў, вырашыў развіваць дзяржаву за кошт выгаднага геаграфічнага становішча на Чырвоным моры, стаўшы транзітным вузлом і вытворцам гатовай экспартнай прадукцыі, як у свой час зрабілі Сінгапур і Ганконг. Падобнага можна было дамагчыся праз эканамічную эксплуатацыю Эфіопіі, ператварэнню суседа ў прыдатак для выкачкі сыравіны і працоўнай сілы, маніпуляванне павышэннем цэн на транзіт грузаў праз свае парты. Гэта сустрэла супраціў эфіопскага ўрада[16]. У двухбаковых адносінах пачаліся істотныя ўскладненні, звязаныя з павышэннем мытных пошлін Эрытрэі для эфіопскіх бізнесменаў і гандляроў, адсутнасці адэкватнага механізму рэгулявання ўзаемных эканамічных пытанняў, дзейсных мер з абодвух бакоў супраць кантрабанды і нелегальнага гандлю, наяўнасці мноства мясцовых рознатыповых падаткаў, дыскрымінацыйнай сістэмы ліцэнзавання ў абедзвюх дзяржавах[20].

Супярэчнасці дайшлі і да тэрытарыяльных пытанняў, у тым ліку вакол горада Заламбеса, раёнаў Проб (Ыроб), Бада і так званага «трохвугольніка Ірга» — міжрэччы Тэкэзэ  (англ.) і Мэрэба  (англ.) (Гаша)[21]. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці эрытрэйскія картографы выдалі карту краіны, дзе дзяржаўная граніца адрознівалася ад адміністрацыйнай, прынятай пры манархіі. Эрытрэйцы спаслаліся на старыя пагадненні паміж Каралеўствам Італія і Эфіопскай імперыяй[22].

Першыя памежныя канфлікты зафіксаваны яшчэ ў 1991 годзе, але яны тычыліся спрэчак эфіопскіх і эрытрэйскіх фермераў наконт зямлі. Паводле мясцовай традыцыі, з падобнага кшталту праблемамі жыхары павінны былі звяртацца да старэйшын, аднак з пачатку 1990-х гадоў спрэчкі сталі вырашацца на ўзроўні дзяржаўных чыноўнікаў. У перыяд з лістапада 1993 года па сакавік 1996 года эрытрэйскія і эфіопскія чыноўнікі правялі не менш за шэсць сустрэч для вырашэння фермерскіх спрэчак, але іх намаганні аказаліся неэфектыўнымі[19].

У лістападзе 1997 года, пасля ліпеньскага здарэння ў раёне Ады-Муруг, сфарміравана двухбаковая камісія па дэмаркацыі  (руск.) і ўдакладненні мяжы. Яна рэгулярна праводзіла пасяджэнні па чарзе ў сталіцах абедзвюх дзяржаў — Адыс-Абебе і Асмэры[23]. Спецыялісты звярнуліся да італа-эфіопскіх дагавораў. Вакол іх узніклі складанасці, звязаныя з тлумачэннем тэкстаў дакументаў[24] і легітымнасці каланіяльных пагадненняў у сучасным міжнародным праве[25][26]. Падчас правядзення дэмаркацыі высветліліся і іншыя спрэчныя моманты: многія населеныя пункты нават не мелі выразнага геаграфічнага месцазнаходжання. Так, напрыклад, пасёлак Бадмэ  (англ.) на старых картах адсутнічаў, а яго з’яўленне датуецца 1960-мі гадамі. У розных крыніцах населены пункт праходзіць пад рознымі назвамі. Аналагічная блытаніна адбылася з Бурэ і Заламбесай[27].

Нягледзячы на афіцыйныя спробы вырашыць усё мірным шляхам, кіруючыя колы імкнуліся да эскалацыі. Прэм’ер-міністр Эфіопіі Мелес Зенаўі, будучы прадстаўніком народа тыграі і знаёмым Ісаяса з часоў барацьбы супраць «Дэрг», хацеў пазбавіцца ад абвінавачванняў у супрацоўніцтве з эрытрэйцамі. Каб змяніць грамадскую думку пра сябе, палітыку патрэбны былі важкія контраргументы, напрыклад, прамы канфлікт з Эрытрэяй. Поспех будучай вайны меркавалася дасягнуць за кошт дэмаграфічнай і ваеннай перавагі над Асмэрай. У сваю чаргу Ісаяс і члены яго ўрада, большасць з якіх аддалі многія гады свайго жыцця на справу здабыцця незалежнасці, пачалі мілітарызацыю грамадства. Сам прэзідэнт лічыў, што «войны неабходны, каб маладое пакаленне, не паспеўшае зведаць нягоды барацьбы за незалежнасць, не расслаблялася і не забывала ахвяры, прынесеныя на алтар айчыны іх бацькоў». У гэтай сувязі знешнепалітычны і ўнутраны курс дзяржавы грунтаваўся на ваеннай ідэалогіі, што прыводзіла да пагаршэння адносін з суседзямі[28].

За кошт вайны афіцыйная Асмэра меркавала кансалідаваць нацыю, раз’яднаную пытаннямі ідэнтычнасці. Жыхары цэнтральнага нагор’я размаўлялі на тыграйскай мове, вызнавалі хрысціянства і займаліся земляробствам. У нізінах на захад, поўнач і ўсход ад нагор’я жылі мусульмане-жывёлагадоўцы, якія размаўлялі на розных мовах. Менавіта апошнія былі апорай для руху за незалежнасць, у той час як у першых сепаратысты вялікай падтрымкай не карысталіся[29].

Кампанія 1998 года

[правіць | правіць зыходнік]

Ваенныя дзеянні пачаліся са здарэння ў Бадмэ на поўначы эфіопскага штата Тыграй 6 мая 1998 года[30][31]. Дакладна невядома, што там адбылося. У літаратуры сустракаюцца некалькі варыянтаў апісання падзеі. Аднак ва ўсіх іх адзначаецца, што з прычыны да канца нявысветленых абставінаў эфіопамі быў забіты эрытрэец[32][33][21]. У той жа дзень Асмэра абвясціла частковую мабілізацыю[34]. Пазней Мелес Зенаўі параўнаў гэты інцыдэнт з забойствам Франц Фердынанда ў Сараева[31].

Інцыдэнту ў Бадмэ спачатку не надалі вялікай увагі, бо сутычкі паміж эфіопамі і эрытрэйцамі ў памежжы фіксаваліся неадразова. Аднак 12 мая злучэнні рэгулярнай эрытрэйскай арміі (тры пяхотныя брыгады пры падтрымцы 13 танкаў) занялі пасёлак. Спробы супрацьстаяць уварванню аказаліся марнымі, таму эфіопскія паліцыянты і апалчэнцы былі вымушаны адступіць. У ходзе ўзброеных сутыкненняў былі разбураны сем будынкаў — некалькі школ, бальніца і іншыя грамадскія ўстановы[23]. У адказ на наступленне суседзяў эфіопская артылерыя пачала абстрэл пазіцый праціўніка. Акрамя гэтага камандаванне УС Эфіопіі не рабіла ніякіх актыўных дзеянняў супраць уварвання[34].

12 мая на дзесяць дзён наступала зацішша. Пасля баі ўспыхнулі з большай інтэнсіўнасцю. План Эрытрэі на гэтым этапе канфлікту складаўся ў тым, каб захапіць усе спрэчныя раёны ўздоўж мяжы да таго, як праціўнік зможа мабілізаваць свае сілы. Афіцыйная Асмэра меркавала скончыць вайну да пачатку чэрвеня, бо лічыла Эфіопію няздольнай весці працяглыя баявыя дзеянні. У найгоршым выпадку эрытрэйцы чакалі, што праціўнік перадасць пытанне ў міжнародны трыбунал[31].

Да канца месяца інтэнсіўнасць канфлікту была даволі нізкай. Агнявы кантакт бакоў у пераважнай большасці выпадкаў абмяжоўваўся ўжываннем стралковай зброі[23]. Нечакана 31 мая сілы эрытрэйскай арміі, скарыстаўшыся малалікасцю воражых фарміванняў у зоне баявых дзеянняў[35], перайшлі ў наступленне на цэнтральным участку граніцы, захапіўшы горад Заламбеса  (англ.), а таксама размешчаныя каля яго пасёлкі Алітэна і Айга. 3 чэрвеня зафіксаваны першы абмен артылерыйска-мінамётным агнём і залпамі рэактыўных сістэм[23].

Праз два дні раніцай пара эфіопскіх МіГ-23 разбамбіла аэрапорт Асмэры (выкарыстоўваўся і як грамадзянскі, і як ваенны). У выніку ўдару пашкоджанні атрымалі лайнер авіякампаніі Aero Zambia і два ангары. Адна бомба ўпала за межамі авіябазы, блізу аўтобуснага прыпынку, у выніку чаго загінуў адзін чалавек і яшчэ пяцёра атрымалі раненні. У другой палове дня эрытрэйская авіацыя  (англ.) атакавала Мэкэле. Пад авіаўдар трапілі адміністратыўныя будынкі, аэрадром[23] і пачатковая школа, дзе загінулі 53 грамадзянскія асобы[36]. На заўтра ў адказ эфіопы зноў атакавалі аэрапорт Асмэры[37][38][39]. Шчыльным агнём СПА эрытрэйцы падбілі адзін МіГ-21, паланіўшы пілота. На наступны дзень паветраны налёт здзейснены яшчэ раз[23].

6 чэрвеня эфіопы перайшлі ў контрнаступленне. Ім удалося вярнуць Заламбесу, аднак ужо на наступны дзень, у выніку контратакі эрытрэйскай пяхотнай брыгады пры падтрымцы РСЗА БМ-21 «Град» і самалётаў Aermacchi MB-339  (італ.), горад зноў трапіў пад кантроль праціўніка. Увесь наступны тыдзень эфіопскія войскі беспаспяхова спрабавалі адбіць Заламбесу. Актывізаваліся дзеянні бакоў у сектары Бадмэ. 11 чэрвеня бамбілі Адыграт  (англ.). Упершыню баявыя сутыкненні мелі месца на крайнім усходнім участку мяжы ў раёне пагранічнага пераходнага пункта Бурэ. 17 чэрвеня тут эфіопы блакавалі і знішчылі брыгаду спецыяльнага прызначэння УС Эрытрэі[40][23].

У канцы месяца наступіла зацішша. Эфіопскія і эрытрэйскія вайскоўцы пачалі акопвацца[41]. 26 чэрвеня была прынята Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 1177  (англ.). Дакумент запатрабаваў ад Асмэры і Адыс-Абебы неадкладнага спынення агню[42].

Арганізацыя афрыканскага адзінства, ЗША і Руанда скарысталіся момантам, каб дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт мірным шляхам[21]. Амерыканцы і руандыйцы прадставілі праект мірнага пагаднення, дзе прадугледжваўся адвод воінскіх фарміраванняў двух бакоў на першапачатковыя пазіцыі. Эрытрэя адмовілася прыняць прапанову і замест гэтага запатрабавала дэмілітарызацыі  (руск.) ўсіх спрэчных раёнаў[43][44], у той час як у Эфіопіі праект падтрымалі, пра што заявіў прэм’ер-міністр Мелес Зенаўі[23].

З ліпеня па лістапад у рэгіёне надыходзіць сезон дажджоў, які робіць непраходнай і без таго слабую дарожную сетку. У гэты перыяд праціўнікі засяродзіліся на пераўзбраенні, узмацненні і падрыхтоўцы сваіх баявых часцей[45][46].

Прыцягненне замежнікаў

[правіць | правіць зыходнік]

Першы раўнд вайны выявіў негатоўнасць варагуючых дзяржаў да поўнамаштабных баявых дзеянняў, асабліва ў паветры. Эфіопы, нягледзячы на колькасную і якасную перавагу сваіх ВПС, адчувалі недахоп падрыхтаваных пілотаў, тэхнікаў і збройнікаў, запасных частак і былі абмежаваны ў выбары аэрадромаў базавання, якія мелі неабходную інфраструктуру. Летам праз прадстаўніка кампаніі «Росвооружение» палкоўніка Уладзіміра Няфёдава ўлады краіны звярнуліся да Расіі з заяўкай аб закупцы адсутнай матэрыяльнай часткі і паслуг неабходных спецыялістаў, у тым ліку пілотаў-інструктараў[23].

Бакам канфлікту спатрэбіліся спецыялісты па эксплуатацыі армейскай авіяцыі. Можна было звярнуцца да заходніх спецыялістаў, але паслугі расіян былі куды танней. Так, напрыклад, згодна з французскім наймітам Бобам Дэнарам, калі брытанец браў за сваю работу чатыры тысячы долараў, то спецыялісты з Расіі былі згодны на дзве. Гэта было выклікана тым, што пасля 1991 года ў былых савецкіх рэспубліках мноства вайсковых кадраў былі выкінуты з арміі або знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы[47].

Неўзабаве чартарным рэйсам транспартнік Іл-76 даставіў на галоўную базу ВПС Эфіопіі ў Дэбры-Зэйт 80 спецыялістаў, камплекты бартавых РЛС, узбраенне, абсталяванне сувязі і іншую маёмасць, неабходную для правядзення аднаўленчага рамонту МіГ-21 і МіГ-23[23].

Генеральны Штаб Эфіопіі ўзначальваў генерал Анатоль Касьяненка, былы начштаба Уральскай ваеннай акругі  (руск.), штаб ВПС курыраваў генерал Іван Фралоў, ягоны памочнік генерал Дзмітрый Яфіменка адказваў за бамбардзіровачную авіяцыю, а за боегатоўнасць сістэм супрацьпаветранай абароны — палкоўнік Яўген Абухоў, былы камандзір часці СПА з падмаскоўнай Кубінцы. Усіх гэтых людзей завербаваў у свой час генерал Якім Янакаў, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва замежнымі сіламі[7].

Тым часам эрытрэйцы заручыліся ваенна-тэхнічнай падтрымкай Украіны. Ужо летам быў арганізаваны паветраны мост Кіеў — Асмэра. Група эрытрэйскіх пілотаў прайшла паскораны курс перавучвання на новую тэхніку ва ўкраінскіх навучальных цэнтрах. Для абслугоўвання эрытрэйскіх ВПС у краіну прыбылі ўкраінскія і балгарскія тэхнікі. Украінцы таксама выступілі ў ролі пілотаў-інструктараў. Адначасова яны займаліся перавозам узбраення і ваеннай тэхнікай, якая пастаўлялася ў Эрытрэю трэцімі дзяржавамі[23].

На баку Эфіопіі таксама мелася некаторая колькасць украінцаў, як і расіян на баку Эрытрэі, а сярод людзей Янакава былі і беларусы[7].

Кампанія 1999 года

[правіць | правіць зыходнік]
Вонкавыя выявы
Фотаздымкі Норберта Шылера, раён Цароны, сакавік 1999 года.

У лютым 1999 года Эфіопія і Эрытрэя, не дасягнуўшы прагрэсу ў перамовах, аднавілі баявыя дзеянні[48]. Да гэтага моманту завяршылася падрыхтоўка лётных і тэхнічных кадраў замежнымі ваенспецамі[49].

На досвітку 2 лютага артылерыя эрытрэйцаў арганізавала масіраваны абстрэл пазіцый эфіопаў у раёне Заламбесы. Раніцай 4 лютага пачалася артпадрыхтоўка эрытрэйцаў на фронце Бадмэ—Шэрара. На наступны дзень пара эрытрэйскіх MB.339 нанесла ўдар па буйным складзе ГЗМ у Адыграце. Праз дзень, 7 лютага, яны паўтарылі налёт на горад: сем чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці[23].

У гэты час, 6 лютага, эрытрэйскія войскі перайшлі ў агульнае наступленне ў сектары Бадмэ. Эфіопы адбілі ўдар праціўніка. У контратацы дзвюх сваіх элітных брыгад, якія складаліся з былых партызан НФВТ, эфіопскім вайскоўцам удалося ўзяць пасёлак Гэза-Герласэ — адзін з ключавых пунктаў усёй эрытрэйскай абароны ў гэтым сектары. Адчайныя контратакі праціўніка былі беспаспяховымі. Акрамя таго, у выніку камбінаванага ўдару артылерыі і баявых верталётаў была знішчана РЛС эрытрэйскай сістэмы СПА ў Ады-Квала. Ужо 8 лютага эфіопы нанеслі ўдары ў сектарах Бадмэ—Шэрара і Заламбеса і захапілі дзве ўмацаваныя пазіцыі эрытрэйцаў у раёнах Канін і Каніта. Потым вайскоўцы паспяхова адбілі ўсе контратакі. 10 лютага пачался аператыўная паўза. 14-га чысла трэцяя атака пры магутнай падтрымцы цяжкай артылерыі была праведзена на ўсходнім фронце ў напрамку на Асэб. Гэтыя аперацыі каштавалі велізарных страт, але яны прымусілі эрытрэйскае камандаванне накіраваць падмацаванне ў цэнтр і на ўсход, а не заходні фронт[50][46]. 23 лютага баі аднавіліся. Эрытрэйцы адступілі на свае першапачатковыя пазіцыі, якія займалі 6 мая 1998 года[23].

Абстаноўка імкліва змянялася кожныя суткі. Паспяхова пачаўшы наступленне, эфіопскія войскі затым спыніліся і вымушаны былі правесці перагрупоўку сіл. У гэты час у паветры фіксіраваліся сутыкненні авіацыі варожых бакоў. 21-га чысла эрытрэйцы, выкарыстоўваючы пару МіГ-29, арганізавалі засаду і ледзь не збілі эфіопскі Су-27. 25-га Су-27, які выконваў планавае дзяжурства ў паветры, быў выведзены на перахоп парай МіГ-29. Адзін самалёт ВПС Эрытрэі быў збіты. На наступны дзень адбыўся чарговы бой, дзе эрытрэйцы зноў панеслі страты[51].

Да гэтага часу Эрытрэя мела ваенную перавагу, бо яе войскі былі акапаны на добра абароненых пазіцыях. Аднак Эфіопія атрымала разведзвесткі са спадарожнікаў ЗША і заваявала панаванне ў паветры, что дазволіла ёй прарваць абарону праціўніка. У канцы месяца міжнародная супольнасць актывізавала намаганні для прымярэння, але яны не дамагліся поспеху[46].

Развіваючы поспех, 16 сакавіка эфіопскія войскі паспрабавалі прарвацца ў раёне Цсароны і Заламбесы, але былі спынены. Яны правялі танкавую атаку на фронце ў 4 км праз мінныя палі ўздоўж павароту ракі Мэрэб. Эрытрэйцы сканцэнтравалі на гэтым участку агонь усёй наяўнай у гэтым сектары цяжкай артылерыі[52]. За чатыры дні эфіопы прарвалі варожую абарону на ўсю яго глыбіню і вымусілі праціўніка адысці на тылавую мяжу. Пасля гэтага інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася да ўзроўню баёў мясцовага значэння. Поспеху наступлення ў значнай ступені спрыялі верталёты. 20 сакавіка была зафіксавана чарговая сутычка самалётнай авіяцыі[23].

16 мая пасля зацішша адбылося сутыкненне ў раёне Белесы[53]. 24 мая[52] эрытрэйскія войскі сіламі да чатырох пяхотных брыгад з фарміраваннямі ўзмацнення нанеслі ўдар па пазіцыях эфіопаў на заходнім участку фронту, уздоўж левага берага р. Мэрэб, але поспеху не мелі. Баі працягваліся: ВПС Эфіопіі паспяхова наносілі ўдары па войсках эрытрэйцаў. Апошняя ўспышка баёў у заходнім сектары фронту прыйшлася на канец месяца. Тады Асмэра адмовілася ад далейшых спробаў прарваць абарону праціўніка. У гэты ж перыяд эфіопская авіяцыя двойчы паспяхова бамбіла партовы комплекс і аэрапорт Асэба[23].

З пачаткам новага буйнога зацішша бакі заняліся ўмацаваннем сваіх пазіцый[54].

У другой палове 1999 года аднавіліся спробы мірнага ўрэгулявання. Пацярпеўшы паразу ў Бадмэ, Ісаяс Афеворкі быў вымушаны прыняць амерыкана-руандыйскі праект пагаднення аб урэгуляванні канфлікту. Аднак цяпер дагавор адмаўлялася падпісваць Эфіопія, бо Мелес Зенаўі не хацеў выводзіць войскі з раёна, узятага з вялізнымі стратамі[55]. Пачаліся перамовы пры пасярэдніцтве алжырскага прэзідэнта Абдэля Азіза Бутэфлікі[21]. На апошнім раўндзе перамоваў у перыяд з 29 красавіка па 4 мая 2000 года эрытрэйцы сталі вылучаць новыя ўмовы і такім чынам сарвалі падпісанне пагаднення аб спыненні агню[23].

Амерыканскія ўлады ў рамках так званай «чоўнавай дыпламатыі» распачалі спробы заахвоціць бакі да прымірэння (план амерыканцаў складаўся ў тым, каб зблізіць іх на антысуданскай аснове). Пачынаючы з лета 1999 года памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Энтані Лэйк  (англ.) курсіраваў паміж сталіцамі Эрытрэі і Эфіопіі, каб хоць неяк падштурхнуць іх да хутчэйшага вырашэння канфлікту[5].

Аднак стварэнне антысуданскай кааліцыі абярнулася правалам: Афеворкі пачаў збліжацца з лівійскім лідарам Муамарам Кадафі, што выклікала расчараванне прэзідэнта ЗША Біла Клінтана[5], а Зенаўі аднавіў адносіны з рэжымам Амара аль-Башыра ў Судане. У той перыяд яго ўрад садзейнічаў баевікам «Эрытрэйскага ісламскага джыхада  (англ.)». Арганізацыя праводзіла напады на судана-эрытрэйскай граніцы, а таксама аказвала падтрымку эрытрэйскім апазіцыйным арганізацыям[56][57]. Тым часам Эрытрэя пачала падтрымліваць «Фронт нацыянальнага вызвалення Агадэна»[58] і «Фронт вызвалення Арома»[59]. Апошняя змагалася за незалежнасць Ароміі ад Эфіопіі і грунтавалася ў раёнах Самалі, кантраляваных прыхільнікамі забітага прэзідэнта краіны Махамеда Фараха Айдыда  (англ.)[60]. У адказ Эфіопія падтрымала апалчэнні, якія выступалі супраць Айдыда[56].

Кампанія 2000 года

[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ер-міністр Мелес заявіў, што Эфіопія не можа далей адцягваць свае рэсурсы на вайну, бо дзяржава сутыкнулася з засухай. Ваенны савет Эфіопіі паставіў задачу вярнуць усе акупаваныя раёны і знішчыць як мага больш эрытрэйскіх войск, перш чым міжнародная супольнасць прымусіць спыніць баявыя дзеянні. Паводле некаторых звесткак, эфіопы таксама мелі намер узяць Асмэру і зрынуць дзеючы рэжым, уступіўшы ў кантакт з апазіцыйным Альянсам эрытрэйскіх нацыянальных сіл, які планавалі прывесці да ўлады[61].

12 мая эфіопская армія нанесла першы ўдар на заходнім участку фронту ў раёне Бадмэ. Гэта было нечакана для эрытрэйцаў, якія чакалі галоўнага ўдару пад Заламбесай (на найкарацейшай адлегласці да Асмэры), дзе іх камандаванне засяродзіла большую частку сіл. На тактычным узроўні эфіопам таксама ўдалося перайграць праціўніка: у адрозненне ад кампаніі мінулага года, калі наступленне пачалося з масіраванай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі, а затым чатыры дзесяткі танкаў літаральна прапрасавалі траншэі, на гэты раз удар наносіўся на флангах, утойліва, без прымянення цяжкага ўзбраення. Поспех быў прадвызначаны дзеяннямі абыходзячых атрадаў, якія ў ноч напярэдадні аперацыі высунуліся ўглыб абарончай пазіцыі УС Эрытрэі, выкарыстоўваючы для транспарціроўкі групавых сістэм зброі і боепрыпасаў сотні клуначных жывёл. Раніцай камбінаваным ударам з фронту, флангаў і тылу эфіопы ізалявалі дывізіі першага эшалона эрытрэйцаў і на працягу наступных двух сутак па частках знішчылі іх[23][61].

Перадавая лінія абароны эрытрэйцаў была рассечана, за два дні баёў ачагі супраціву былі цалкам знішчаны. Было відавочна, што фронт рассыпаўся. Вайскоўцы вымушана пачалі агульнае адходзіць на поўнач, праследуемыя варожай бранятэхнікай і авіяцыяй[62].

Эрытрэйцы сталі адступаць у трох кірунках: на захад, у бок Шылала, Дукамбія; на паўночны захад, у бок Барэнту; на паўночны ўсход, у бок Май-Дыма, Арэса. Праціўнік не даваў ім адарвацца і перагрупаваць свае сілы, не даючы замацавацца на прамежкавых рубяжах. 17 мая эфіопскія войскі ўварваліся ў Барэнту (буйны палітыка-адміністрацыйны цэнтр Заходняй, нізіннай часткі Эрытрэі), падчас чаго зрабілі перагрупоўку і перанакіравалі галоўныя сілы. Прасоўваючыся па шашы, іх часці занялі Май-Дыма і стварылі рэальную пагрозу захопу іншага буйнога цэнтра — горада Мэндэфэра ў цэнтральнай частцы Эрытрэі і адсячэння ўсёй групоўкі праціўніка на цэнтральным участку фронту[23]. Падцягнуўшы рэзервы, эфіопы працягнулі рух у заходнім і ўсходнім напрамках. 26 мая на захадзе імі быў захоплены буйны горад Тэсэнэй  (англ.)[63].

Паводле італьянскага часопіса Analisi Difesa, у планаванні майскага наступлення 2000 года ўдзельнічалі замежнікі. Аперацыю рыхтавалі васемнаццаць расійскіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў вышэйшага каманднага звяна, у тым ліку тры ад ВПС і адзін ад СПА[64].

На фронце для Эрытрэі склалася цяжкое становішча, а таму Асмэра пагадзілася сесці за стол перамоваў, якія аднавіліся 29 мая. Пры гэтым баявыя дзеянні працягнуліся, эрытрэйцы 5 чэрвеня адбілі Тэсэнэй і за некалькі дзён баёў зноў занялі шэраг раёнаў на захадзе. На працягу дзесяці дзён, атрымаўшы падмацаванне, эфіопы вярнулі ўсе гэтыя тэрыторыі. На цэнтральным фронце працягваліся баі ў раёне Ады-Кэіх і Сенафе. На ўсходзе, дзе эрытрэйская армія пакінула Бурэ, эфіопскія часці пачынаючы з 3 чэрвеня правялі тры масіраваных наступлення сіламі да двух дывізій з мэтай прарыву да порта Асэб. Першыя два былі адбіты, падчас трэцяга намеціўся поспех, аднак прыйшоў загад спыніць аперацыю[65].

18 чэрвеня бакі спынілі баявыя дзеянні і дамовіліся аб усёабдымным мірным пагадненні, якое яны падпісалі 12 снежня ў Алжыры. У дакуменце прапісана, што краіны павінны вырашыць тэрытарыяльную спрэчку праз міжнародны суд[66]. Пры гэтым абедзве краіны захавалі вялікія кантынгенты ўздоўж мяжы. Нават пасля завяршэння вайны некаторы час каля двухсот тысяч салдат з кожнага боку працягвалі знаходзіцца ў акопах ўсяго ў 50 метрах адзін ад аднаго[61].

Ахвяры і шкода

[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам вайны былі перапынены авіярэйсы і тэлефонная сувязь паміж дзвюма краінамі, зачынены ўсе памежныя пераходы[34]. Да падзей 1998—2000 гадоў Асмэра і Адыс-Абеба эканамічна залежалі адзін ад аднаго, бо Эфіопія выступала галоўным гандлёвым партнёрам Эрытрэі, а большая частка яе знешняга гандлю залежала ад эрытрэйскіх дарог і партоў. Разрыў гэтых сувязяў пацягнуў значныя складанасці, бо абедзве краіны і без таго былі аслаблены ў выніку каланіялізму, грамадзянскай вайны і засухі. Назіраліся сур’ёзныя праблемы з недахопам харчавання[67].

Па афіцыйнай інфармацыі, УС Эрытрэі страцілі забітымі ад 16 550 да 19 000 чалавек[68][69][70], а УС Эфіопіі — ад 34 000[68] да 60 000[68]. Між тым, падпольная палітычная апазіцыйная група «Голас дэмакратычнага шляху эфіопскага адзінства» называла лічбу ў 123 000 загінулых эфіопскіх камбатантаў[71][68][72], у той час як колькасць загінулых эрытрэйцаў ацэньвалася ў 150 000 чалавек[73]. Згодна з большасцю міжнародных справаздач, агульныя ваенныя страты з абодвух бакоў склалі каля 70 000 чалавек[74]. Называліся лічбы ў 100[75] і нават 300[2] тысяч загінуўшых.

Баявыя дзеянні прывялі да масавага бежанства з зоны канфлікту, прымусовых дэпартацый і дыскрымінацыі. Да канца мая 2000 года Эфіопія выцесніла з захопленых тэрыторый 650 000 эрытрэйцаў (паводле CNN[1]), а Эрытрэя — 70 000 эфіопаў (паводле Human Rights Watch[76]). Ураджэнцы краіны праціўніка пацярпелі ад ганенняў, іх звальнялі і канфіскоўвалі маёмасць[77][78]. У некаторых выпадках яны сталі ахвярамі катаванняў і згвалтаванняў[79].

Наступныя падзеі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вайны ў памежжы быў размешчаны міратворчы кантынгент ААН. Місія мела на мэце пераадоленне наступстваў эфіопа-эрытрэйскага ўзброенага канфлікту і нармалізацыю ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў. У складзе міжнародных сіл налічвалася 4 200 чалавек, у тым ліку 3 900 вайскоўцаў, 90 штабных афіцэраў і 210 ваенных назіральнікаў. Разгортванне пачалося ў верасні 2000 года і было завершана ў студзені 2001 года. Згортванне місіі адбылося ў 2008 годзе[21].

У гэты час міждзяржаўны канфлікт з фазы адкрытага супрацьстаяння перайшоў у закрыты. Бакі перанеслі акцэнт з хуткага ўрэгулявання на доўгатэрміновае рэгуляванне. Выкананне пытання аб заканчэнні тэрытарыяльнай спрэчкі зацягвалася. Для яе вырашэння была створана спецыяльная камісія. Яе рашэнні па пагранічным пытанні насілі прамежкавы характар. Вынікі яе работы потым удакладняліся падчас дэмаркацыі мяжы, для якой міратворцы правялі аэрафотаздымкі[80]. У 2002 годзе[81] Міжнародны арбітраж абавязаў бакі падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну, але пасёлак Бадмэ, сімвал вайны, пакінуць за эрытрэйцамі[82]. У 20032005 гадах працэс урэгулявання натыкнуўся на шэраг праблем. Прычынай таму было нежаданне эфіопаў прызнаваць участак Бадмэ за суседзямі і скандалы вакол несанкцыяваных паездак міратворцаў на мяжу, у той час як Зенаўі спрабаваў зацягнуць працэс дэмаркацыі, знаходзячыся пад ціскам апазіцыі, якая была незадаволена дзейнасцю памежнай камісіі. У 2005 годзе эрытрэйскі ўрад заявіў, што будзе вымушаны аднавіць баявыя дзеянні, калі місія ААН праваліцца. У снежні таго ж года «блакітныя каскі» заклікалі бакі вывесці войскі з памежжа. Эфіопія выканала патрабаванні міратворцаў у студзені 2006 года[83].

У 2005 годзе камісія па прэтэнзіях, створаная ў рамках мірнага пагаднення, заявіла, што ўрэгуляванне такіх спрэчак з ужываннем сілы не можа лічыцца самаабаронай. Паколькі ўзброенага нападу на Эрытрэю не было, яе напад на Эфіопію нельга было апраўдаць як законную самаабарону ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Паводле заявы камісіі, афіцыйная Асмэра абавязана пакрыць суседняй краіне прычыненую шкоду[84].

Сітуацыя на мяжы тым часам працягвала заставацца напружанай. Час ад часу адбываліся памежныя сутычкі, пераважна з выкарыстаннем стралковай зброі[85]. У студзені 2010 года адбыўся бой ля Заламбесы[86][87]. У красавіку 2011 года лідар Эфіопіі Мелес Зенаўі адкрыта заявіў, што яго ўрад будзе працягваць падтрымліваць напады баевікоў, якія змагаюцца за звяржэння кіраўніка Эрытрэі Ісаяса Афеворкі[88]. У чэрвені 2016 года бакі сутыкнуліся ў баях за Царону[85].

У красавіку 2018 года прэм’ер-міністрам Эфіопіі стаў Абій Ахмед Алі. Ён узяў курс на прымірэнне і паабяцаў краіне дэмакратычныя рэформы. 5 чэрвеня кіруючая кааліцыя «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў» абвясціла, што неўзабаве прыступіць да дэмаркацыі межаў у адпаведнасці з алжырскім пагадненнем. 9 ліпеня ў Асмэры прэм’ер Эфіопіі Абій Ахмед Алі і прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеворкі падпісалі мірнае пагадненне, паводле якога спрэчныя тэрыторыі пераходзілі эрытрэйцам. Краіны дамовіліся аб аднаўленні дыпламатычных адносін, авіязносін і руху аўтатранспарту, наладжванні гандлёвых сувязей і тэлефоннай сувязі. Падпісанне дакумента азнаменавала заканчэнне стану вайны паміж дзяржавамі. Праз некалькі дзён прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеворкі наведаў з візітам Эфіопію, на працягу паўтара месяца абедзве краіны адкрылі пасольствы і прызначылі паслоў. У верасні Абій Ахмед Алі заявіў, што Адыс-Абеба і Асмэра неўзабаве адвядуць войскі ад мяжы. У пачатку верасня адкрыліся памежныя пераходы[81][89].

У 2019 годзе Абій Ахмед Алі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за свае намаганні ў дасягненні міру і міжнароднага супрацоўніцтва і, у прыватнасці, за «рашучую ініцыятыву па ўрэгуляванні памежнага канфлікту з суседняй Эрытрэяй»[90].

Зброевыя пастаўкі

[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам аператыўнай паўзы летам 1998 года Эфіопія і Эрытрэя заняліся закупкай новага ўзбраення і тэхнікі, на што яны выдаткавалі некалькі сотняў мільёнаў долараў[91]. Асмэры ў фінансавым забеспячэнні ваенных закупак вельмі дапамагла Лівія і іншыя арабскія краіны. Трэція краіны паставілі ў «гарачую кропку» наступнае[23][92]:

Узброеным сілам Эрытрэі
Краіна Прадукцыя
 Расія 6 знішчальнікаў МіГ-29 (кантракт 1998 г. на суму 150 млн дол., пастаўка ў 1998—1999 гг.), 4 верталёта Мі-17 (кантракт 1998 г., пастаўка ў 1998—1999 гг.) і 200 ПЗРК «Ігла  (руск.)» (кантракт 1999 г., пастаўка ў тым жа годзе)
 Грузія 8 штурмавікоў Су-25 (кантракт 1999 г., пастаўка ў тым жа годзе)
 Малдова 6 знішчальнікаў МіГ-21 (кантракт 1999 г., пастаўка ў тым жа годзе)
 Украіна вялікая партыя стралковай зброі (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
 Румынія рэактыўныя сістэмы залпавага агню (на суму 50 млн дол., пастаўка ў 1998—1999 гг.)
 Балгарыя боепрыпасы да рэактыўных сістэм залпавага агню (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
 Італія ваенныя верталёты (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
Узброеным сілам Эфіопіі
Краіна Прадукцыя
 Расія 8 самалётаў Су-27 (кантракт 1998 г. на суму звыш 150 млн дол., пастаўка ў 1998—1999 гг. дзве партыі па чатыры машыны), 2 баявыя верталёты Мі-24Д/Мі-35 (кантракт 1998 г. на суму 30 млн дол., пастаўка ў тым жа годзе праз прадпрыемства «Промэкспорт»), 10 152-мм САУ 2С3 «Акацыя»  (руск.) (кантракт 1999 г.; пастаўка ў тым жа годзе), бранятанкавая тэхніка на суму 200 млн дол. (кантракт 1999 г.; пастаўка ў тым жа годзе).
 Румынія 10 знішчальнікаў МіГ-21 (кантракт 1998 г., пастаўка ў 1998—1999 гг.; мадэрнізацыя ў варыянт МіГ-21-2000 з удзелам ізраільцян)
 ЗША 4 ваенна-транспартныя самалёты C-130B Hercules (кантракт 1995 г., пастаўка ў 1998 г.)
 Беларусь 40 танкаў Т-55 (пастаўка ў 1998 г.)
 Балгарыя 140 танкаў Т-55 (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
Францыя абсталяванне сувязі (пастаўка ў 1998 г.)
 Кітай сістэмы ствольнай і рэактыўнай артылерыі (пастаўка ў 1998 г.)
 Казахстан 106 артылерыйскіх гармат (пастаўка ў 2000 г.)[93]
  1. а б "Eritrean, Ethiopian exchange of POWs begins". CNN. 23 December 2000. Архівавана з арыгінала 16 April 2009.
  2. а б в Former U.S. Ambassador: Eritrea and Ethiopia Unlikely To Resume War(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 7 лістапада 2022.
  3. Pike, John. Ethiopia - Army.
  4. Коновалов 2014, p. 56.
  5. а б в г Алексей Андреев. АФРИКАНСКИЙ РОГ: ЗАТИШЬЕ ПЕРЕД БУРЕЙ // Независимая газета : газета. — 29 марта 2000.
  6. Pike, John. Ethiopia / Eritrea War.
  7. а б в Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
  8. Коновалов 2014, p. 53.
  9. Пискунова 2006, p. 149.
  10. Ethiopia: land of slavery & brutality (PDF). League of Nations. 1935. pp. 2–5. Архівавана з арыгінала (PDF) 6 кастрычніка 2021. Праверана 6 лістапада 2022. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2021. Праверана 6 лістапада 2022.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2021. Праверана 6 лістапада 2022.
  11. а б Plaut 2024, A troubled history.
  12. а б Михаил Магид. Гражданская война в Эфиопии может взорвать Африку // Ведомости : газета. — 26 января 2021.
  13. Цыпкин Г. В., Ягья В. С. История Эфиопии в новое и новейшее время.— М., Наука: Главная редакция восточной литературы, 1989.— 405 с.: ил. — с. 200.
  14. Eritrea. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2009. Праверана 25 жніўня 2006.
  15. Пискунова 2006, pp. 149–151.
  16. а б Пискунова 2006, p. 150.
  17. Иванович 2009, p. 40.
  18. Perlez, Jane (1991-07-22). "Ethiopia Troops Battle to Survive Misery of Peace". The New York Times [амерыканская англійская]. ISSN 0362-4331. Праверана 2022-06-06.
  19. а б Plaut 2024, A troubled history: From the euphoria of liberation to a cooling of relations.
  20. Коновалов 2014, p. 49.
  21. а б в г д Елгазин 2010.
  22. Пискунова 2006, p. 151.
  23. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Жирохов 2004.
  24. Mussie, Tesfagiorgis G. (2010). "Eritrean colonial boundaries". Eritrea. Africa in Focus (illustrated ed.). ABC-CLIO. pp. 53–54. ISBN 978-1-59884-231-9.
  25. Shapland, Greg (1997). Rivers of discord: international water disputes in the Middle East. C. Hurst & Co. p. 71. ISBN 1-85065-214-7.
  26. Degefu, Gebre Tsadik (2003). The Nile: Historical, Legal and Developmental Perspectives (illustrated ed.). Trafford Publishing. pp. 94–99. ISBN 1-4120-0056-4.
  27. Пискунова 2006, p. 152.
  28. Пискунова 2006, pp. 151–152.
  29. Plaut 2024, A troubled history: Nationalism.
  30. Hans van der Splinter. Border conflict with Ethiopia. eritrea.be. Праверана 29 March 2017.
  31. а б в Plaut 2024, The conflict and its aftermath: Phase one: May – June 1998.
  32. Connell, Dan. Eritrea/Ethiopia War Looms. Foreign Policy in Focus (2 кастрычніка 2005).
  33. Пётр Суханов. Незатухающая междоусобная война // Независимая газета : газета. — 7 июля 2000.
  34. а б в Коновалов 2014, p. 52.
  35. Коновалов 2014, pp. 52–53.
  36. Vick, Karl (8 June 1998). "SCHOOL ATTACK SHOCKS ETHIOPIANS". Washington Post. ISSN 0190-8286. Праверана 2022-06-06.
  37. Ethiopia's War on Eritrea. Asmara: Sabur Printing Services. 1999.
  38. Lords Hansard text for 30 Nov 1999 (191130-16). publications.parliament.uk. Праверана 30 снежня 2021.
  39. Eritrea Ethiopia Claims Commission. PARTIAL AWARD Central Front - Ethiopia's Claim 2. Архівавана з першакрыніцы 13 July 2014.
  40. Коновалов 2014, pp. 53–54.
  41. Biles, Peter (20 May 2000). "Ethiopia's push north". BBC.
  42. S/RES/1177 (руск.). Организация Объединённых Наций. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2021. Праверана 25 кастрычніка 2021.
  43. IRIN. Ethiopia-Eritrea: New peace efforts amid claims of civilian abuses. ReliefWeb. Праверана 29 March 2017.
  44. HRW World Report 1999: Ethiopia: The Role of the International Community. Архівавана з першакрыніцы 14 November 2008.
  45. Коновалов 2014, p. 54.
  46. а б в Plaut 2024, The conflict and its aftermath: Phase three: May 1999 – May 2000.
  47. Георгий Зотов. Дикие гуси : Откровения легендарного «солдата удачи» Боба Денара // Известия : газета. — 3 ноября 2001.
  48. Visafric (7 February 1999). "Ethiopian Leader admits allegation of Eritrean air strike based 'on wrong information'". www.dehai.org. Праверана 29 March 2017.
  49. Иванович 2009, p. 42.
  50. Коновалов 2014, pp. 59–60.
  51. Иванович 2009, pp. 44–45.
  52. а б Коновалов 2014, p. 61.
  53. Last, Alex (16 March 1999). "World: Africa Hundreds killed in Horn". BBC.
  54. Laeke, Mariam Demassie (23 July 1999). "Touring the Ethiopian front". BBC.
  55. Коновалов 2014, p. 62.
  56. а б BBC NEWS | Special Report | 1999 | 07/99 | Battle in the Horn | The Somali connection. news.bbc.co.uk. Праверана 30 снежня 2021.
  57. Angel Rabasa, et al., Beyond al-Qaeda: Part 2, The Outer Rings of the Terrorist Universe RAND Project AIR FORCE RAND Corporation pp. 82-85 online pp. 44-47 hardcopy
  58. Collective Punishment: War Crimes and Crimes against Humanity in the Ogaden area of Ethiopia’s Somali Region, Human Rights Watch, June 2008
  59. Human Rights Watch World Report 2001: Ethiopia - Human Rights Developments. www.hrw.org. Праверана 30 снежня 2021.
  60. UN & Conflict Monitor, Summer 1999: Africa E-S(недаступная спасылка). www.bradford.ac.uk. Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2022. Праверана 8 лістапада 2022.
  61. а б в Plaut 2024, The conflict and its aftermath: Phase four: May – December 2000.
  62. Коновалов 2014, p. 64.
  63. Коновалов 2014, p. 65.
  64. Analisi Difesa, 2000, Nr 6
  65. Коновалов 2014, pp. 65–66.
  66. "Horn peace deal: Full text". BBC News [брытанская англійская]. 2000-12-11. Архівавана з арыгінала 1 November 2019. Праверана 2021-12-30.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: бот: невядомы статус арыгінальнага URL (спасылка)
  67. Tadesse, Zenbeworke. The Ethiopian-Eritrean Conflict(недаступная спасылка) 109–110. Calx Proclivia. Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2007. Праверана 8 лістапада 2022.
  68. а б в г Shinn 2001, p. 149.
  69. "Eritrea reveals human cost of war". BBC News. 20 June 2001. Праверана 2007-03-12.
  70. Profiling Our Martyrs: Ethiopia-Eritrea Border War (1998-2000) (Part 1)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 19 жніўня 2009.
  71. Claimed on 8 April 2002 by the Voice of the Democratic Path of Ethiopian Unity, an Ethiopian clandestine opposition group operating from Germany. The claim also stated that each family that lost a member in the war would receive $350 in indemnity, but this number has not been verified, although it has been often cited by other groups (see Number of war dead soldiers reportedly 123,000 Архівавана 25 снежня 2007 года. — internet news message; and clandestineradio.com Архівавана 10 лістапада 2014 года. audio button Архівавана 3 сакавіка 2016 года.), and no indemnities have been paid.
  72. "Ethiopia: Number of war dead soldiers reportedly 123,000"(амх.). Wonchif. 2001-04-10.
  73. Banks, Arthur; Muller, Thomas; and Overstreet, William, ed. Political Handbook of the World 2005-6 (A Division of Congressional Quarterly, Inc.: Washington, D.C., 2005), p.366. 156802952-7
  74. * Xan Rice, east Africa correspondent (31 October 2006). "Annan warns of another war between Ethiopia and Eritrea". London: Guardian. Праверана 29 March 2017.
  75. Ethiopia: Nation on verge of war with Eritrea, report says(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2014. Праверана 8 лістапада 2022.
  76. The Horn of Africa War: Mass Expulsions and the Nationality Issue (англ.) (29 студзеня 2003).
  77. Memorandum by the government of Ethiopia, 16 July 1998, Eritrean Aggression against Ethiopia and continued gross violations of the human rights of Ethiopians in Eritrea.
  78. Natalie S. Klein. MASS EXPULSION FROM ETHIOPIA, Report on the Deportation of Eritreans and Ethiopians of Eritrean origin from Ethiopia, June – August, 1998(недаступная спасылка). denden.com. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2021. Праверана 8 лістапада 2022.
  79. Eritrea expels over 800 Ethiopians home – official(недаступная спасылка). Sudan Tribune (29 кастрычніка 2007). Архівавана з першакрыніцы 7 лістапада 2017. Праверана 8 лістапада 2022.
  80. Пискунова 2006, pp. 152–153.
  81. а б Екатерина Мареева. Эфиопия и Эритрея подписали мирный договор после 20 лет конфликта // Коммерсантъ, 17 верасня 2018
  82. Zane, Damian. Ethiopia regrets Badme ruling, BBC, 3 April 2003.
  83. Пискунова 2006, p. 153.
  84. Eritrea broke law in border war (англ.). BBC News (21 снежня 2005). Праверана 21 кастрычніка 2019.
  85. а б Latest Ethiopia-Eritrea Clash is Culmination of Long-festering Tensions(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2016. Праверана 19 чэрвеня 2016.
  86. "Eritrea says 10 Ethiopian troop killed". Television New Zealand. 4 January 2010. Архівавана з арыгінала 6 October 2012. Праверана 14 September 2011.
  87. "Eritrea says it killed 10 Ethiopian troops". Reuters. 3 January 2010. Архівавана з арыгінала 19 January 2010. Праверана 21 September 2011. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2012. Праверана 18 лютага 2023.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2012. Праверана 18 лютага 2023.
  88. BBC News - Eritrea profile - Timeline. BBC News. Архівавана з першакрыніцы 28 October 2014. Праверана 28 October 2014.
  89. Конец войне: Эфиопия и Эритрея подписали мирный договор
  90. Нобелеўская прэмія міру 2019 года. nobleprize.org. The Official Web Site of the Nobel Prize.
  91. Will arms ban slow war?. BBC News. Праверана 30 снежня 2021.
  92. Б. Кузык, Н. Новичков, В. Шварев, М. Кенжетаев, А. Симаков. Россия на мировом рынке оружия. Анализ и перспективы. М, «Военный парад», 2001, с.300 — 301
  93. Коновалов 2014, p. 63.