Эшалон (авіяцыя)
Эшалон — гэта ўмоўная вышыня, разлічаная пры стандартным ціску і адлеглая ад іншых вышынь на велічыню ўстаноўленых інтэрвалаў (вертыкальных водступаў). Асноўнае паняцце ў вертыкальным эшаланаванні.
Эшалон паказваюць ва ўстаноўленай (вызначанай) вышыні ў сотнях футаў, напрыклад, эшалон 350 (35000 футаў). У Беларусі эшалоны, назвы якіх адпавядаюць ліку ў сотнях футаў (напрыклад, FL100 азначае 10000 футаў), дзейнічаюць з 2004 года. Да гэтага ў абыходзе былі метрычныя эшалоны, напрыклад эшалон 10600 метраў.
Адрозненне эшалона ад вышыні
[правіць | правіць зыходнік]Вышыня эшалона зусім неабавязкова супадае з рэальнай вышынёй летака. Вышынямеры ў самалётах — па сутнасці, калябраваныя барометры, то бок вышыню яны вылічваюць па розніцы ціску на зямлі і ў паветры. Для вылічэння сапраўднай вышыні спатрэбілася б пастаянна ўносіць у прылады дадзеныя аб атмасферным ціску ў кожным пункце маршруту, ўлічваць вышыню гэтых пунктаў над узроўнем мора.
Таму прынята карыстацца стандартным ціскам. Калі на ўсіх летаках будзе ўсталявана аднолькавае значэнне ціску на альтыметры, то і паказанні вышыні на прыладзе ў загаданым пункце паветранай прасторы будуць аднолькавымі. Таму з пэўнага моманту пры наборы вышыні (вышыня пераходу) і да пэўнага моманту пры зніжэнні (эшалон пераходу) вышыня летака разлічваецца па стандартнаму ціску.
Значэнне стандартнага ціску (QNE) — 760 мм рт. сл. (1013,2 гектапаскаля, 29,921 цаля рт. сл.) — аднолькава ва ўсім свеце.
Схемы эшаланавання
[правіць | правіць зыходнік]Схема вертыкальнага эшаланавання можа адрознівацца ў розных краінах. Пры перасячэнні межаў паветраных прастор, у якіх дзейнічаюць розныя схемы, пілоты мяняюць эшалон па ўказанні дыспетчара (альбо да ўваходу ў новую зону, альбо пасля, гэта залежыць ад кірунку палёту).
Асноўныя падыходы — паўколавая і квадрантная сістэма. Яны ўлічваюць кірунак палёту летака і на падставе яго курса (магнітнага ці сапраўднага, у залежнасці ад канкрэтнай схемы), экіпажу даецца дазвол на заняцце пэўнага эшалона.
Пры паўколавай схеме эшалоны чаргуюцца. То бок, напрыклад, у Беларусі, да ўводу ў выкарыстанне правілаў эшаланавання ІКАО, эшалон 3300 м прызначаўся летакам, якія рухаюцца з захаду на ўсход (сапраўдны напрамкавы вугал ад 0 да 179°). Наступны эшалон 3600 м прызначаўся пры палёце з усходу на захад (ад 180 да 359°). Наступны 3900 м — зноў на ўсход і г. д. Цяпер дзейнічаюць правілы эшаланавання ІКАО з такім самым чаргаваннем, але адлік вышыні вядзецца ў футавай сістэме: цотныя эшалоны 40, 60, 80 і г. д. ( 4000, 6000 і 8000 футаў адпаведна) на захад, няцотныя на ўсход. Пры квадрантнай схеме першы эшалон размешчаны ў I квадранце (0-89°, магнітны напрамкавы вугал), другі — у II квадранце (90-179°), трэці — у III квадранце (180-269°), чацвёрты — у IV квадранце (270-359°), пяты — у I квадранце і гэтак далей.
Пераход да палёту на эшалоне
[правіць | правіць зыходнік]Пры ўзлёце і пасадцы ў Беларусі на вышынямеры самалёта ўсталяваны атмасферны ціск аэрадрома (QFE), калі самалёт знаходзіцца на ўзлётна-пасадачнай паласе, вышынямер паказвае вышыню 0. У большасці іншых краін, вышынямер усталяваны на ціск, прыведзены да ўзроўню мора (QNH), то бок вышынямер паказвае вышыню над узроўнем мора. Аднак у любым разе неўзабаве пасля ўзлёту экіпаж ўсталёўвае стандартны ціск (QNE) — 760 мм рт. сл. Вышыня, пры перасячэнні якой усталёўваецца стандартны ціск, называецца вышынёй пераходу. У Беларусі вышыня пераходу роўная 900 м.
Пры зніжэнні, значэнне ціску на вышынямеры ўсталёўваецца пры перасячэнні эшалона пераходу. Пры гэтым можа ўсталёўвацца ціск на ўзроўні аэрадрома (QFE) ці ціск, прыведзены да ўзроўню мора (QNH). Эшалон пераходу згодна авіяцыйных правілаў Беларусі складае 1500м (FL50).
Гарызантальны палёт ніжэйшы за эшалон пераходу і вышэйшы за вышыню пераходу (пераходны слой) забаронены. У гэтым дыяпазоне магчыма толькі зніжэнне або набор вышыні.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Эшалон пераходу — умоўная вышыня палёту летака, на якой пераўсталёўваецца значэнне стандартнага ціску на ціск аэрадрома.
- Эшаланаванне — вертыкальнае, гарызантальнае (падоўжнае, бакавое) размеркаванне летакоў у паветранай прасторы на ўстаноўленыя інтэрвалы з мэтай прадухілення збліжэння летакоў і магчымых аварыйных сітуацый.