Эштэван да Гама

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эштэ́ван да Га́ма (парт.: Estêvão da Gama; каля 1505 — 1576) — партугальскі мараплавец і ваенны дзеяч, губернатар Партугальскай Індыі ў 15401542 гадах.

Другі сын вялікага мараплаўца Васка да Гамы і Катарыны ды Атаіды. Названы быў, верагодна, у гонар дзеда па бацькаўскай лініі, партугальскага рыцара Эштэвана да Гамы (1430—1497)

У 1524 годзе, калі яго бацька адправіўся ў Індыю, віцэ-каралём якой ён быў прызначаны, Эштэван суправаджаў яго на пасадзе камандуючага флотам. Затым, ужо ў 1529 годзе, атрымаў прызначэнне ў крэпасць Сан-Жоржы-да-Міна (цяпер Эльміна) у якасці губернатара партугальскай калоніі на Залатым Беразе. Там ён правёў некалькі гадоў, а пасля гэтага замяніў свайго брата Паўлу на пасадзе губернатара Малакі.

У 1540 годзе памёр губернатар Партугальскай Індыі Гарсія ды Наронья, і на яго месца кароль прызначыў Эштэвана да Гаму, які да таго часу меў вялікі вопыт як у адміністрацыйных справах, так і ў ваенных. Пад кіраўніцтвам новага губернатара ў Гоа была падрыхтавана флатылія для рэйду ў Чырвонае мора. 31 снежня 1540 года армада Эштэвана да Гамы выйшла з Гоа і 27 студзеня 1541 года дасягнула Адэна. Партугальцам удалося правесці некалькі паспяховых марскіх баёў і прасунуцца да самага Суэца, аднак спроба штурму турэцкай марской базы не прынесла поспеху. На зваротным шляху, у порце Масаўа, быў высаджаны на сушу атрад з 400 воінаў і 130 рабоў пад камандаваннем малодшага брата губернатара, Крыштована да Гамы, які павінен быў накіравацца на дапамогу імператару Эфіопіі. Крыштован да Гама загінуў у гэтым паходзе ў 1542 годзе, але ў цэлым місія яго атрада ўвянчалася поспехам.

У 1542 годзе Эштэван да Гама, перадаўшы паўнамоцтвы Мартыну Афонсу ды Соза, вярнуўся ў Партугалію, дзе стаў губернатарам Лісабона.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]