Эўгленавыя водарасці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эўгленавыя водарасці

Эўглена зялёная (Euglena viridis)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Euglenoidea Bütschli, 1884


Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  43804
NCBI  3035
EOL  4842

Эўгленавыя водарасці (Euglenoidea, Euglenophyta, Euglenida) — клас (або аддзел) водарасцей.

Пашыраны на ўсім зямным шары. Трапляюцца ў розных вадаёмах, пераважна ў невялікіх прэсных, насычаных арганічнымі рэчывамі. Некаторыя віды могуць утвараць на паверхні вады плеўку ад зялёнага да цагельна-чырвонага колеру. Сумяшчаюць прыкметы раслін і жывёл, таму заолагі адносяць іх да прасцейшых.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Аднаклетачныя жгуцікавыя мікраскапічныя рухомыя арганізмы, радзей прымацаваныя і каланіяльныя. Памеры ад 4 да 500 мкм. Пры перамяшчэнні большасць верціцца вакол падоўжанай восі, бязжгуцікавыя формы рухаюцца чэрвепадобна, асобныя нерухомыя.

Клеткі часцей выцягнутыя, верацёнападобныя, у большасці асіметрычныя, у некаторых амаль радыяльныя. Маюць перыпласт — тонкі, мяккі або шчыльны, пакрыты штрыхамі, кропкамі, бугаркамі, радзей гладкі вонкавы слой эктаплазмы, які замяняе абалонку. У некаторых відаў (напрыклад, з родаў страмбамонас (Strombomonas), трахеламонас (Trachelomonas)) паверх перыпласту ўтвараюцца слізістыя або цвёрдыя абгорткі, інкруставаныя солямі жалеза і марганцу — «домікі». На пярэднім канцы клеткі ёсць лейкападобнае паглыбленне, якое пераходзіць у глотку з рэзервуарам на канцы, куды трапляе змесціва пульсуючых вакуоляў. У некаторых відаў глотка фукцыянуе як рот прасцейшых жывёл.

Большасць відаў мае 2 няроўных па даўжыні гетэрадынамічных жгуцікі, адзін з іх бывае рэдукаваны і не выходзіць з глоткі (ёсць формы і з двума амаль роўнымі, або з некалькімі жгуцкамі). Жгуцікі выходзяць вонкі праз адтуліну на пярэднім канцы цела. Яна вядзе ў вузкі канал, які пераходзіць у паглыбленне грушападобнай формы — жгуцікавы рэзервуар.

У фотатрофных відаў у цытаплазме каля асновы жгуцікаў ёсць святлоадчувальны орган — аранжава-чырвонае вочка, або стыгма. Ядро буйное, звычайна ў цэнтры клеткі.

Хларапласты зялёныя, рознай формы, прысценныя, з пірэноідамі або без іх, утрымліваюць пігменты: хларафілы a і b, караціны, ксантафілы, у некаторых відаў — чырвоны пігмент астаксанцін. Многія віды не маюць хларапластаў. Прадукты асіміляцыі — вуглявод парамілон і алей.

Здольныя да міксатрофнага жыўлення. Бясколерныя віды жывяцца асма- і фагатрофна.

Размнажэнне вегетатыўнае (падоўжаным дзяленнем у рухомым, радзей у пальмелападобным стане), зрэдку палавое. Храмасомы кандэнсіраваныя на працягу ўсяго жыццёвага цыкла, пры дзяленні ядра ядзерка не разбураецца. Некаторыя пры неспрыяльных умовах утвараюць цысты.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяляецца 1—6 парадкаў, каля 40 родаў, каля 1000 відаў, з якіх 250 бясколерныя. Пашыраны ўсюды, на Беларусі каля 110 відаў (з родаў астазія (Astasia), бікаэка (Bicoeca), калацыум (Colacium), крыптаглена (Cryptoglena), лепацынкліс (Lepocinclis), страмбамонас (Strombomonas), трахеламонас (Trachelomonas), урцэолус (Urceolus), факус (Phacus), эўглена (Euglena)).

Эўгленавыя распаўсюджаны па ўсім свеце. Абсалютная большасць іх — насельнікі прэсных кантынентальных вадаёмаў. Найбольш шматлікія яны ў мелкаводных стаячых вадаёмах лясной і лесастэпавай зон, дзе шмат расліннасці, добра праграваецца вада і ўтрымліваецца вялікая колькасць арганічных рэчываў. Часта гэтыя водарасці дамінуюць у рыбаводных сажалках, на рысавых палях, вадаёмах, дзе адбываецца ачыстка сцёкавых вод. Размнажаючыся ў масавай колькасці яны могуць служыць прычынай зялёнага і чырвонага «цвіцення» вады. У шэльфавых зонах мораў і акіянаў пераважаюць гетэратрофныя эўгленіды.

Значэнне ў прыродзе[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікі працэсаў самаачышчэння вады, індыкатары забруджанасці вадаёмаў арганічнымі рэчывамі, аб'екты лабараторных даследаванняў.

Паходжанне і эвалюцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пытанне аб паходжанні эўгленідаў вывучаецца да нашага часу. Звестак аб іх выкапнёвых формах вельмі мала, і яны не зусім пэўныя. Апошнія дадзеныя паказваюць падабенства будовы эўгленідаў з кінетапластыдамі і пацвярджаюць паходжанне фотасінтэзуючых відаў ад бясколерных гетэратрофных форм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]