Іосіф Ляпкоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Юзаф Ляпкоўскі)
Іосіф Ляпкоўскі
Герб
Архіепіскап смаленскі
1771 — 1778
Царква Уніяцкая царква
Папярэднік Іраклій Лісанскі
Пераемнік пасада скасавана

Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 1726 ці каля 1726
Смерць 2 верасня 1778(1778-09-02)
Пахаванне Манастыр базыльян, Орша
Дынастыя Ляпкоўскія[d]
Бацька Караль Ляпкоўскі
Маці Гелена

Іосіф Ляпкоўскі (Юзаф, свецкае імя Ян; ? — 2 верасня 1778) — дзеяч уніяцкай царквы Вялікага Княства Літоўскага, староста пеліканскі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з шляхецкай каталіцкай сям’і герба «Дамброва» з Візнаўскай зямлі. У спадчыну ад бацькі Караля атрымаў разам з братам Міхалам, ротмістрам аршанскім, маёнткі ў Аршанскім павеце. Сваю частку спадчыны запісаў базыльянскаму манастыру ў Оршы, які заснаваў у 1758 годзе.

Уступіў у базыльянскі ордэн і стаў ігуменам заснаванага манастыра. Дзякуючы падтрымцы уніяцкага архіепіскапа смаленскага Іраклія Лісанскага ў 1767 годзе атрымаў ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага пасаду смаленскага каад’ютара і архімандрыта Ануфрыеўскага манастыра ў Мсціслаўскім ваяводстве.

Ад імя Лісанскага пачаў у нунцыятуры ў Варшаве судовы працэс з полацкім архіепіскапам Ясонам Смагаржэўскім, які захапіў частку Смаленскай уніяцкай архіепархіі (17 дэканатаў у Мсціслаўскім ваяводстве).

Пасля смерці Лісанскага ў 1771 годзе Ляпкоўскі быў прызначаны смаленскім архіепіскапам, застаўшыся ануфрыеўскім архімандрытам.

У Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, не жадаючы стаць падданым Расійскай імперыі, пачаў рабіць захады для пераезду ў іншы базыльянскі манастыр, аднак папскі нунцый Я. Гарампі пераканаў яго застацца. Са згоды магілёўскага губернатара Ляпкоўскаму былі падпарадкаваны таксама Гомельскі і Рагачоўскі дэканаты, якія раней падпарадкоўваліся уніяцкай мітрапаліцкай дыяцэзіі і адышлі ў склад Расіі. Пасля гэтыя дэканаты былі падпарадкаваны імператрыцай Кацярынай II Смагаржэўскаму, але Ляпкоўскі здолеў захаваць над імі ўладу як яго вікарый.

У 1774 годзе дзякуючы ініцыятыве Смагаржэўскага створана Мсціслаўская суфраганія Смаленскай архіепархіі, на сядзібу епіскапа-сфрагана прызначаны Ануфрыеўскі манастыр. У якасці суфрагана быў прапанаваны пляменнік Ляпкоўскага — Іраклій Лісоўскі, які ў 1778 годзе прызначаны адміністратарам Ануфрыеўскай архімандрыі. У 1775 годзе атрымаў ад Панятоўскага ордэн Святога Станіслава.

У хуткім часе Ляпкоўскі памёр як апошні уніяцкі смаленскі архіепіскап. Пахаваны ў Аршанскім базыльянскім манастыры.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Іосіф Ляпкоўскі на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»