Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч
Дата нараджэння 2 жніўня 1911(1911-08-02) ці 27 ліпеня 1911(1911-07-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лістапада 2003(2003-11-24) (92 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці філолаг
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук (1963)
Навуковае званне
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія СССР Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»
Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР

Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (2 жніўня або 27 ліпеня 1911, в. Ухлё, Сенненскі павет, Магілёўская губерня — 24 лістапада 2003, Мінск) — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1963), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1969[1]).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 2 жніўня або 27 ліпеня 1911 года ў в. Ухлё Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер — Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). Пасведчанне аб нараджэнні было згублена ў час Вялікай Айчыннай вайны. Дзень 2 жніўня падаецца паводле словаў самой Ю. Ф. Мацкевіч, а 27 ліпеня — умоўная дата ў адноўленых дакументах.

Скончыла Магілёўскі педагагічны тэхнікум (1931), працавала настаўніцай пачатковай школы ў вёсцы Гулькі Клімавіцкага раёна (19311933). Скончыла падрыхтоўчыя курсы ў Магілёве (19331934), факультэт мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута (19341938). Па рэкамендацыі лінгвіста праф. К. І. Гурскага вучылася ў аспірантуры Інстытута мовы і літаратуры АН БССР пад кіраўніцтвам праф. Е. С. Істрынай, спецыялізавалася па гісторыі беларускай мовы. Кандыдат філалагічных навук (1946).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Смалявічах і была сувязной партызанскай брыгады «Смерць фашызму».

З 1945 года працавала ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Узначальвала сектар[2] дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства (19501986[3]) і фактычна ачольвала ўсю дыялекталагічную работу ў Беларусі. У 1986—1991 гадах вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута мовазнаўства.

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар больш як 100 навуковых прац у галіне мовазнаўства. Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Літоўскі статут 1529 г. як помнік беларускай літаратурнай мовы XV — пачатку XVI стагоддзя» (1946), манаграфія і доктарская дысертацыя «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1963).

Удзельнічала ў складанні «Руска-беларускага слоўніка» пад рэд. К. Крапівы (1953). Разам з Р. І. Аванесавым выпусціла працу «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (19681969). Сумесна з іншымі аўтарамі падрыхтавала «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Мікратапанімія Беларусі» (1974).

Удзельнічала і кіравала стварэннем прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (19791986, 5 тамоў), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (19931998, 5 тамоў; збор матэрыялаў адбываўся з 1971).

Кіравала і ўдзельнічала ў зборы беларускіх матэрыялаў для «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (з 1960).

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957 (у сааўт.);
  • Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове. Мн., 1959;
  • Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964 (у сааўт.);
  • Мікратапанімія Беларусі. Мн., 1974 (у сааўт.)

Узнагароды і прэміі[правіць | правіць зыходнік]

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за ўдзел у выпуску комплексу прац «Беларуская лінгвістычная геаграфія», у ліку якіх быў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах. Узнагароджана ордэнам Дружбы народаў (1981), медалямі.

Зноскі

  1. Першая з ліку супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства.
  2. З 1986 — аддзел.
  3. У 19501952 гадах выконвала абавязкі загадчыка.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ф. Д. Клімчук. Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч — класік беларускай лінгвістычнай навукі // Жывое наша слова: Дыялектал. зб.: (Да 90-годдзя чл.-кар. НАН Беларусі Ю. Ф. Мацкевіч). НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа / Рэд. Л. П. Кунцэвіч, І. Я. Яшкін. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — 352 с. ISBN 985-08-0472-6. — С. 5—22.
  • Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 472. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]