Юкагіры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юкагіры
(адул, вадул)
Агульная колькасць 1603
Рэгіёны пражывання Расія
Мова юкагірская
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы чуванцы

Юкагіры (саманазва адул, вадул — «магутныя») — малы народ, карэнныя насельнікі поўначы Усходняй Сібіры. Жывуць пераважна на поўначы Якуціі, у Магаданскай вобласці і Чукоцкай аўтаноміі Расіі. Агульная колькасць — 1603 чал. (2010 г.).

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

З канца XIX ст., калі пачалося навуковае даследаванне юкагіраў і былі выяўлены іх істотныя адрозненні ў мове і культуры ад суседніх палеаазіяцкіх народаў, было высунута некалькі версій паходжання юкагіраў.

Заснавальнік юкагіразнаўства У. І. Іахельсон лічыў, што юкагіры сфарміраваліся ў Берынгіі або нават у Паўночнай Амерыцы, а потым праз Берынгію перайшлі на ўсход Сібіры. З сярэдзіны XX ст. у савецкай археалогіі было прынята атаясняць юкагіраў з найстаражытнейшым насельніцтвам Сібіры, якое займалася паляваннем на паўночнага аленя, а тэрыторыю іх рассялення пашыралі ад Байкала на поўдні да Таймыра на поўначы. Да пачатку нашага стагоддзя[крыніца?] продкі юкагіраў нібы засялілі ўзбярэжжа Ахоцкага мора. Памяншэнне населеных імі тэрыторый звязвалі з наступам тунгускіх і цюркскіх народаў. Прыкладна ў той жа перыяд з’явіліся навуковыя працы лінгвістаў, што сцвярджалі блізкасць юкагірскай мовы да моў уграў і нават далучалі юкагірскую мову да ўральскай сям’і моў[1]. Хаця гэтыя працы абапіраліся на вельмі абмежаваную слоўнікавую базу, іх выкарыстоўвалі як пацверджанне архаічнага паходжання юкагіраў, іх сувязі з народамі Заходняй Сібіры.

У 1967 г. была вылучана Ымыяхтахская археалагічная культура позняга неаліту[2]. Яна існавала на працягу 2 тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Якуціі. Помнікі гэтай культуры знаходзяць на значных палярных тэрыторыях ад Таймыра да Ахоцкага мора. Паколькі для яе былі характэрны некаторыя рысы, знойдзеныя ў пазнейшыя часы ў культуры юкагіраў, то яна звычайна называецца як найбольш верагодная праюкагірская.

Генетычныя даследаванні[3] паказалі блізкасць юкагіраў да іншых народаў усходу Еўразіі. Было выяўлена, што частка юкагіраў ніжняй плыні Калымы паходзіць ад продкавай лініі, узрост якой дасягае 8150 гадоў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да XVII ст., калі юкагіры сутыкнуліся з рускімі, яны ўсё яшчэ насялялі землі ад Індыгіркі да Анадырскага заліва. Яны падзяляліся на роднасна-тэрытарыяльныя групы — харамоі, янгінцы, яндыры, алюбенцы, шаромбы, кагімэ, амокі, алаі, чуванцы, хадынцы, лаўрынцы, анаўлы. Рускія старажылы да гэтага часу завуць іх амокамі. Прыблізная агульная колькасць у сярэдзіне XVII ст. — 5-9 тыс. чал.

У выніку сутыкненняў з казакамі і золатаздабытчыкамі, эпідэмій да канца XIX ст. юкагіры згубілі большую частку сваіх тэрыторый. Значная іх частка была вымушана далучыцца да суседзяў. Перапіс 1897 г. зафіксаваў толькі 754 юкагіры ў Расійскай імперыі. Нягледзячы на высокую нараджальнасць, палітыка рэпрэсій і калектывізацыі ў міжваенны перыяд прывяла да далейшага скарачэння насельніцтва. Перапіс 1959 г. зафіксаваў 440 юкагіраў. Пазней сітуацыя выправілася, у тым ліку дзякуючы эканамічнай і культурнай падтрымцы з боку ўлад. У 1979 г. у СССР жыў 801 юкагір.

Колькасць юкагіраў у Расіі:

У 1992 г. былі створаныя Савет старэйшын і Фонд адраджэння юкагіраў. У Якуціі дзейнічае нацыянальнае муніцыпальнае падпадзяленне юкагіраў — Алёрынскі суктул, на тэрыторыі якога адноўлена традыцыйная форма кіравання, у тым ліку інстытут правадыроў. Аднак большая частка насельніцтва суктула — эвенкі. Юкагіры ўдзельнічаюць у федэральных і міжнародных праграмах падтрымкі культур малых народаў.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Здаўна юкагіры насялялі таёжныя і тундравыя рэгіёны. Іх асноўнымі заняткамі былі паляванне на аленя, лася, мядзведзя і іншых звяроў, а таксама лоў рыбы. Збіральніцтва мела дапаможны характар. Тундравыя юкагіры займаліся аленегадоўляй, але хатнія алені выкарыстоўваліся звычайна як транспартны сродак. Разводзілі ездавых і паляўнічых сабак. Улетку шырока карысталіся берасцянымі, дзяўбанымі і дашчанымі лодкамі, узімку — лыжамі і нартамі.

У старажытнасці юкагіры будавалі паўзямлянкавыя бервяныя хаціны-чандалы з каркасам з чатырох слупоў і плоскім дахам. Але ў XVII—XIX стст. асноўным жытлам сталі кандэлэ німэ — канічныя буданы з тонкіх бярвёнаў, пакрытыя мохам і дзірваном, а таксама чумы. Тундравыя юкагіры ўцяплялі чумы скурамі аленяў.

Традыцыйная вопратка падобная на вопратку эвенкаў.

Для юкагіраў характэрныя матрылакальныя шлюбы. Жанчыны займаюць у сям’і даволі высокае становішча. Але кіруюць пашыранымі сем’ямі заўсёды мужчыны. Раней сем’і аб’ядноўваліся ў роднасна-тэрытарыяльныя групы-кудэе, на чале якіх стаялі старэйшыны-лігые шарамох, меліся ваенныя правадыры-тэнбеэ шарамох.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Юкагірская мова фактычна з’яўляецца ізалятам. Вучоныя высоўваюць гіпотэзы аб яе сувязі з уральскімі і іранскімі мовамі. У нашы дні захаваліся паўночны ніжнекалымскі і паўднёвы верхнекалымскі дыялекты. Яны настолькі адрозныя, што іх носьбіты не разумеюць адзін аднаго, а ў навуковай літаратуры яны часцяком завуцца самастойнымі мовамі. Агульная колькасць носьбітаў (2010 г.) — 370 чал.[4]

У мінулым юкагіры карысталіся для апасродкаванай перадачы інфармацыі піктаграфіяй. Піктаграмы выціскалі на драўнянай кары, прычым існавалі мужчынская і жаночая формы піктаграфіі[5]. Першы пісьмовы юкагірскі твор на паўночным дыялекце быў апублікаваны ў 1969 г. у Якуцку. У 1987 г. была кадыфікавана юкагірская пісьмовасць на аснове якуцкага кірылічнага алфавіта[6].

Юкагірская мова намінальна лічыцца афіцыйнай у Якуціі, выкладаецца ў некалькіх пачатковых школах на тэрыторыі гэтай рэспублікі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць сучасных юкагіраў — праваслаўныя, але да нашага часу захоўваюцца анімістычныя культы і шаманізм.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]