Юліус Эвола
| Юліус Эвола | |
|---|---|
| італ.: Giulio Cesare Andrea Evola | |
| | |
| Імя пры нараджэнні | італ.: Giulio Cesare Andrea Evola |
| Род дзейнасці | паэт, пісьменнік, мастак, філосаф, альпініст |
| Дата нараджэння | 19 мая 1898[1][2][…] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 11 чэрвеня 1974[1][3][…] (76 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Веравызнанне | неапаганства[d] |
| Месца працы | |
| Альма-матар | |
| Бітвы/войны | |
| Сайт | fondazionejuliusevola.com |
Джу́ліё Чэ́зарэ Андрэ́а Э́вала (італ.: Giulio Cesare Andrea Еvola, 19 мая 1898 — 11 чэрвеня 1974), больш вядомы як Юліус Э́вала, або Эвола (Julius Еvola) — італьянскі філосаф, мастак-дадаіст, паэт-авангардыст, эзатэрык.
Вымаўленне прозвішча
[правіць | правіць зыходнік]Прозвішча Еvola італьянцы вымаўляюць з націскам на першы склад, а ўсё прозвішча вымаўляецца як «Э́-во-ля»[4]. У расійскім ужытку з пачатку 1990-х замацавалася памылковая форма «Эво́ла» з націскам на другі склад, адтуль памылка перадалася чытачам Беларусі і Украіны. У еўрапейскіх мовах прозвішча гучыць, як і ў арыгінальным італьянскім вымаўленні, з націскам на першы склад.
Жыццяпіс
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку жыццёвага шляху вядомасць здабыў як мастак-дадаіст[5], быў адным з ідэолагаў еўрапейскага мастацкага руху дадаістаў.
Аддаліўшыся ад дадаізму, зведаў асабісты крызіс, выбрацца з яго дапамаглі штудыі нямецкай філасофіі, для гэтага вывучыў нямецкую мову.
Пераадолеўшы крызіс, у зусім новай ролі Ю. Эвала выступіў, выдаўшы кнігу «Паганскі імперыялізм» (1928). Кніга была поўная максімалісцкіх сцвярджэнняў, якія пазней аўтар вытлумачваў у больш памяркоўным стылі. Крытычна ён пазней ставіўся і да самой назвы, бо ў кнізе няма гаворкі пра імперыялізм экспансіянісцкага тыпу, але апісваецца «Імперыя» як іерархічная сацыяльная выбудова. «Паганскі імперыялізм» быў больш прыхільна сустрэты ў Нямеччыне, чым у роднай Эвалу Італіі.


Тыя ж ідэі больш разгорнута Ю. Эвала выклаў у грунтоўнай двухтамовай кнізе «Паўстанне супраць цяперашняга свету» (1934)[6]. У кнізе багата выкарыстоўваецца фактура з міфалогіі і гісторыі Еўропы. Гэтая кніга па сёння з’яўляецца «настольнай» для сучасных еўрапейскіх традыцыяналістаў. Шырокія экскурсы ў міфалогію, у духу Дж. Фрэзэра, суправаджаюцца ацэнкай іх у рэчышчы Р. Генона, іншага ідэолага еўрапейскага традыцыяналізму.
У пасляваенны час Ю. Эвала адну за адной выдае падобныя зместам кнігі «Арыентацыі» (1950)[7] ды «Людзі і руіны» (1953), у якіх прапануе сваё асэнсаванне пасляваеннага свету. Крыху пазней да іх дадаецца кніга «Верхам на тыгры» (1961)[8]. Па словах Эвалы, гэтыя кнігі былі скіраваныя найперш на сучасную яму моладзь.
Падсумоўвае пройдзены жыццёвы шлях Эвала ў аўтабіяграфічнай кнізе «Шлях цынобры» (1963).
Раненне
[правіць | правіць зыходнік]У сваёй аўтабіяграфіі Эвала расказвае і пра здарэнне, якое паўплывала на ўсё яго пасляваеннае жыццё: у 1945 годзе ў аўстрыйскай Вене Эвала трапляе пад артабстрэл саюзнікаў, атрымлівае раненне, у выніку якога да канца жыцця яго ніжнія канечнасці былі паралізаваныя.
Лячэбнай рэабілітацыяй, апроч як у першыя гады пасля ранення, Эвала займацца не хацеў, бо бачыў у сваёй асабістай немачы метафару палітычнай і духоўнай немачы ўсёй Еўропы ў пасляваенны час. Такая пазіцыя кантрастуе з тым, што ў даваенны час Эвала быў актыўным турыстам і альпіністам.
Даследаванні эзатэрызму
[правіць | правіць зыходнік]Ю. Эвала вядомы таксама і як аўтар кніг на эзатэрычныя тэмы: «Герметычная традыцыя» (1931), «Міф крыві» (1937), «Дактрына абуджэння: нарысы пра будыйскую аскезу» (1943), «Ёга магутнасці» (1949)[9], «Метафізіка пола» (1958)[10], «Даасізм» (1972) і інш.
У адрозненне ад іншай Эвалавай пісанай спадчыны, гэтыя кнігі перакладаюцца і выдаюцца радзей.
Эвала і фашызм
[правіць | правіць зыходнік]Эвала ніколі не ўваходзіў у італьянскую фашысцкую партыю Б. Мусаліні. Ён крытыкаваў біялагічны расізм і гэтую крытыку паслядоўна выклаў у пасляваеннай кнізе «Крытыка фашызму справа» (1964)[11].
У красавіку-снежні 1951 года быў арыштаваны і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з фашысцкім рэжымам і ў інспірацыі пасляваенных неафашысцкіх суполак, але суд яго апраўдаў і вызваліў. У сваёй абарончай прамове ў судзе Эвала абвяшчаў, што яго светапогляд ніяк не фашызм, а традыцыяналізм.
Забароны ў Рэспубліцы Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Мінска ад 21 чэрвеня 2017 г. у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключаныя «размешчаныя на інфармацыйных рэсурсах сеткі Інтэрнэт электронныя копіі (тэкставыя файлы) друкаваных выданняў» — кніг Ю. Эвалы «Людзі і руіны», «Метафізіка вайны», «Паганскі імперыялізм».
Тэкст гэтага судовага рашэння не датычыцца саміх друкаваных выданняў, а толькі іх электронных копій, таму і ў РСЭМ яны пазначаныя не як «Кніжныя выданні», а як «Інфармацыйная прадукцыя». З гэтай прычыны, напрыклад, кнігі «Людзі і руіны» ды «Метафізіка вайны» вольна прадаюцца на беларускім сайце Ozon.by[12].
Зноскі
- ↑ а б Julius Evola
- ↑ Giulio or Julius Evola // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Julius Evola // Vegetti Catalog of Fantastic Literature
- ↑ Pronunciations for Evola in Italian.
- ↑ Julius Evola - 15 artworks(нявызн.). WikiArt. Visual Art Encyclopedia.
- ↑ Юлиус Эвола. Восстание против современного мира (руск.). Электронная библиотека RoyalLib.com.
- ↑ Юлиус Эвола. Ориентации (руск.). Электронная библиотека RoyalLib.com.
- ↑ Юлиус Эвола. Оседлать тигра (руск.). Электронная библиотека RoyalLib.com.
- ↑ Юлиус Эвола. Йога могущества (руск.). Электронная библиотека RoyalLib.com.
- ↑ Юлиус Эвола. Метафизика пола (руск.). Электронная библиотека RoyalLib.com.
- ↑ Юлиус Эвола. Фашизм: критика справа (руск.). Электронная библиотека RoyalLib.com.
- ↑ Юлиус Эвола(недаступная спасылка). Ozon.by. Праверана 30 жніўня 2025.