Юлія Анатольеўна Марчанка (Юніцкая)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юлія Марчанка
Поўнае імя Юлія Анатольеўна Марчанка
Дата нараджэння 23 ліпеня 1991(1991-07-23) (32 гады)
Краіна  Беларусь
Муж Пётр Пятровіч Марчанка
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі вакалістка, хормайстар, палітычны вязень
Жанр Народная музыка, фэнтэзі фолк, Музыка Сярэдневякоўя
Калектыў Irdorath

Юлія Анатольеўна Марчанка (Юніцкая) (нар. 23 ліпеня 1991) — беларуская вакалістка і харавая дырыжорка, супрацоўнічала з гуртом Irdorath. Палітычная зняволеная, абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Юлія скончыла Акадэмію музыкі, дзе вывучала харавое дырыжаванне. Працавала ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 2 ім. Аладава ў Мінску, дзе кіравала хорам хлопчыкаў і юнакоў «Ветразь». Акрамя музыкі, захаплялася вулічнымі тэатрамі, хадзіла на хадулях, займалася фаер-шоу — глытала агонь[2].

За два месяцы да затрымання, у чэрвені 2021, Юлія пабралася шлюбам са сваім хлопцам Пятром Марчанкам. Пасля затрымання дома ў Пятра і Юліі засталіся два пацукі і два каты.

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Юлія Марчанка была затрымана ўвечары 2 жніўня 2021 на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання дня народзінаў Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята. Агулам было затрымана 16 чалавек, дзесяць з іх пазней атрымалі суткі арышту і штрафы ў межах адміністрацыйных спраў аб непадпарадкаванні міліцыі. Шэсць чалавек, у тым ліку Юлія і Пётр Марчанкі, былі затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па сведчанні адной з прысутных на святкаванні, Аляксандры Грахоўскай, затрыманне было падобна на спецаперацыю: прысутныя сабраліся на лецішчы, дзе збіраліся адзначыць дзень народзінаў Надзеі, але перад пачаткам святкавання заўважылі людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія беглі з розных бакоў і стралялі. «Было так шмат выстралаў, што не зразумела, чаму пакуль усе жывыя» — сведчыла Аляксандра пазней. Для запісу затрымання выкарыстоўваўся дрон, здымкі з якога пасля былі паказаны МУС у тлумачальным відэа па затрыманні. Прысутных паклалі на зямлю, адабралі тэлефоны, пазней жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сама Аляксандра праз два дні атрымала штраф у межах адміністрацыйнай справы за тое, што не адчыніла зламаную брамку, якая не была зачынена (таксама за гэта ж былі асуджаны яшчэ дзевяць чалавек)[3].

10 жніўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Юлія Марчанка і іншыя затрыманыя на святкаванні музыкі былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[4].

28 верасня 2021 сімвалічнай «хроснай» Юліі і Пятра Марчанак стала дэпутатка Бундэстагу Філіз Полат  (англ.) [5][6].

Амаль пяць месяцаў, якія ішло следства, Марчанка правяла пад арыштам у СІЗА на Валадарскага ў Мінску.

24 снежня 2021 у судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Юліі і Пятра Марчанкак, па адной справе з імі таксама судзілі іншага ўдзельніка гурта Irdorath Антона Шніпа. Як і па справе Калачоў (за 10 дзён да гэтага, 14 снежня, Надзея і Уладзімір Калач былі асуджаны на два гады калоніі) справа Марчанак спачатку ўключала ў сябе, у тым ліку, і «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці», але праз адсутнасць доказаў дзяржабвінаваўца адмовіўся падтрымаць гэта абвінавачванне. У выніку музыкаў абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. Падставай нібыта стаў удзел музыкаў у маршах пратэсту 16 жніўня і 25 кастрычніка 2020 года. 28 снежня 2021 суддзя Анастасія Ачалава вынесла прысуд тром музыкам, дзе пагадзілася з пазіцыяй абвінавачвання і прызначыла ўсім траім падсудным, Пятру і Юліі Марчанкам, а таксама Антону Шніпу па паўтары гады ў калоніі агульнага рэжыму[7].

У канцы студзеня 2022 была пераведзена з СІЗА-1 у гомельскі СІЗА-3, 10 красавіка была этапавана ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]