Перайсці да зместу

Юлія Анатольеўна Свірыдзенка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юлія Анатольеўна Свірыдзенка
укр.: Юлія Анатоліївна Свириденко
першы віцэ-прэм’ер-міністр Украіны[d]
4 лістапада 2021 17 лістапада 2025
Папярэднік Аляксей Мікалаевіч Любчанка[d]
міністр эканомікі Украіны[d]
4 лістапада 2021 17 ліпеня 2025
Папярэднік Аляксей Мікалаевіч Любчанка[d]
Чарнігаўская абластная дзяржаўная адміністрацыя[d]
30 ліпеня 2018 28 лістапада 2018
Прэм’ер-міністр Украіны
17 ліпеня 2025 16 ліпеня 2026
Папярэднік Дзяніс Анатольевіч Шмыгаль
Пераемнік Сяргей Фёдаравіч Карэцкі

Нараджэнне 25 снежня 1985(1985-12-25)[1] (40 гадоў)
Муж Сяргей Ігаравіч Дэрлеменка[d][1]
Грамадзянства
Адукацыя
Месца працы
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юлія Анатоліеўна Свірыдзенка (нар. 25 снежня 1985, Чарнігаў) — украінскі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, Прэм’ер-міністр Украіны (2025—2026). Яна стала другой жанчынай у гісторыі Украіны, якая ўзначаліла ўрад.

Нарадзілася ў сям’і службоўцаў. У 2008 годзе яна з адзнакай скончыла Кіеўскі нацыянальны гандлёва-эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Менеджмент антыманапольнай дзейнасці» і атрымала ступень магістра. Тады ж распачала навучанне ў аспірантуры ў той жа навучальнай установе па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне нацыянальнай гаспадаркай».

Сваю кар’еру пачала ў прыватным сектары, а ў 2011 годзе стала кіраўніком пастаяннага прадстаўніцтва горада Чарнігава ў кітайскім горадзе Усі, што мела на мэце прыцягненне інвестыцый і развіццё двухбаковых эканамічных сувязяў. У наступныя гады яна займала шэраг пасад у органах мясцовага самакіравання і дзяржаўнай улады. У 2018 годзе была выконваючай абавязкі кіраўніка Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

На нацыянальным узроўні яна пачала актыўную дзейнасць у 2019 годзе як намеснік міністра эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі. Пазней узначаліла фонд дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на выпадак беспрацоўя і прадстаўляла Украіну ў Трыстаронняй кантактнай групе па Данбасе. У снежні 2020 года стала намеснікам кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны.

4 лістапада 2021 года яе прызначылі першым віцэ-прэм’ерам і міністарм эканомікі. На гэтай пасадзе яна рэалізавала шэраг ініцыятыў у сферы падтрымкі бізнесу ва ўмовах вайны. Яе намаганнямі была створана праграма рэлакалізацыі прадпрыемстваў з акупаваных і прыфрантавых тэрыторый — да канца 2022 года было перамешчана больш за 770 кампаній, што дазволіла захаваць дзясяткі тысяч працоўных месцаў. Таксама дзейнічалі праграмы працаўладкавання для ўнутрана перамешчаных асоб і падтрымкі наймальнікаў.

З 2022 года ўзначальвала міжведамасную рабочую групу па санкцыйнай палітыцы. Яна выступала за ўзмацненне міжнароднага санкцыйнага ціску на Расію і праводзіла перамовы з прадстаўнікамі заходніх краін. Як лічыцца, менавіта яна стаяла за ініцыятывамі ўвядзення санкцый супраць шэрагу ўкраінскіх палітыкаў, уключаючы Пятра Парашэнку, што выклікала рознагалоссі ў палітычным асяроддзі.

У ліпені 2025 года Уладзімір Зяленскі вылучыў яе на пасаду прэм’ер-міністра. Асноўнымі мэтамі яе прызначэння называлі неабходнасць актывізацыі ўласнай абароннай вытворчасці, у тым ліку вытворчасці беспілотнікаў, эканамічнай дэрэгуляцыі, раскрыцця ўнутранага інвестыцыйнага патэнцыялу краіны і забеспячэння эфектыўнай сацыяльнай палітыкі. 17 ліпеня Вярхоўная Рада падтрымала яе кандыдатуру, і ў краіне быў сфармаваны новы ўрад.

Акрамя палітычнай кар’еры, вядомая сваёй адукаванасцю і ўдзелам у міжнародных праграмах. Яна навучалася ў Германіі і Швецыі, дзе асвойвала стратэгіі эканамічнага росту і практыкі добрага кіравання. Гэта дазволіла ёй адаптаваць перадавыя практыкі да ўкраінскіх рэалій.

У асабістым жыцці яна замужам, пара выхоўвае дачку. Паводле дэкларацый, сям’я валодае жыллём у Кіеве і Чарнігаве.

  1. 1 2 3 4 Свириденко Юлія Анатоліївна // (unspecified title) Праверана 30 верасня 2025.
  2. Catalog of the German National Library Праверана 16 ліпеня 2025.