Юравіцкае ўзвышша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юравічы (Калінкавіцкі раён)

Ю́равіцкае ўзвышша — краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся. Размешчана ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, на левабярэжжы ракі Прыпяць.

Абсалютныя адзнакі 150—170 м, цягнецца з захаду на ўсход на 6 км, з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад да 8 км.

Юравіцкае ўзвышша сфарміравалася ў час мазырскай (валынскай) фазы адступання дняпроўскага ледавіка, калі было часткай Мазырскай грады. У канцы паазерскага зледзянення аддзялілася ад грады ў выніку прарыву яе водамі р. Прыпяць. Мае аднолькавую будову з градой. Складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў з праслоямі пяскоў, перакрытых маламагутным чахлом з лёсападобных суглінкаў. Тоўшча дыслацыравана.

Узвышша — самы буйны і марфалагічна выразны краявы масіў на міжрэччы Прыпяці і Дняпра. Рэльеф градавы і ўзгорысты з адноснымі перавышэннямі 10—20 м. Узгоркі арыентаваны з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Трапляюцца суфазійныя западзіны. Заходні схіл павернуты да Прыпяці, стромкі, кароткі, парэзаны ярамі, для ўсходняга — характэрныя кароткія лагчыны. На ўсходзе і поўначы ўзвышша паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну.

Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, месцамі слабаэрадзірававыя сугліністыя, добра асвоеныя пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Большая частка пад ворывам.

На паўднёва-заходняй ускраіне Юравіцкага ўзвышша выяўлена познапалеалітычная стаянка чалавека (26—22 тыс. гадоў назад).

Літаратура