Юрацішкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гарадскі пасёлак
Юрацішкі
Юрацішкі. Мураваны будынак.jpg
Мураваны будынак
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Гарадскі пасёлак з
Насельніцтва
1 328 чалавек[1] (2017)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+325 1595
Паштовы індэкс
231350
Аўтамабільны код
4
Юрацішкі на карце Беларусі ±
Юрацішкі (Беларусь)
Юрацішкі
Юрацішкі (Гродзенская вобласць)
Юрацішкі

Юрацішкі[2] — гарадскі пасёлак у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. У 16 км да паўночна ўсходу ад Іўя, 174 км ад Гродна, 4 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі. Насельніцтва 1 328 чал. (2017)[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Юрацішкі вядомыя з пачатку XVI стагоддзя як прыватнае ўладанне Гаштольдаў, якое перайшло да іх у якасці пасагу ад князёў Гальшанскіх. Мелі статус мястэчка. Каля 1520 года будучы канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода Альбрэхт (Войцэх) Гаштольд пабудаваў у Юрацішках Мікалаеўскую царкву з прыдзелам Святой Параскевы. 6 чэрвеня 1532 года Гаштольд падараваў царкве 5 пляцаў у саміх Юрацішках, больш 5 валок раллі і сенажаці, права збіраць гандлёвае мыта падчас кірмашоў на дні памяці Свяціцеля Мікалая Цудатворцы (9 мая і 6 снежня па юліянскім календары), а таксама на "Дзесятуху" (дзясятая пятніца пасля Пасхі, прысвечаная памяці Святой Параскевы Пятніцы). Пасля смерці сына Альбрэхта Гаштольда Станіслава ў 1542 годзе Юрацішки перайшлі да вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, які перадаў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. Аднак з дазволу вялікага князя права карыстання мястэчкам захавала ўдава Альбрэхта Гаштольда Сафія, княжна Вярэйская, да сваёй смерці ў 1549 годзе. З гэтага года Юрацішкі становяцца часткай Трабскага староства. У 1580 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторы подараваў Юрацішкі князю Васілю Цяляцеўскаму, уцекачу з Масквы, які быў ваяводам цара Івана Грознага ў Полацку. Пасля смерці князя мястэчка і вёска Сямёнкі перайшлі да яго ўдавы Аўдоцці з роду князёў Сонцавых і іх дачкі Марыі. Пасля шлюбу Марыі з Рыгорам Фёдаравічам Ходкавічам Нямірам Стэфан Баторы па просьбе Аўдоцці Сонцаўны перадаў Юрацішкі ў пажыццёвае карыстанне Рыгору Няміру і яго сыну Яну. Кароль таксама прыняў да ўвагі хадайніцтва кіеўскага кашталяна Паўла Сапегі, пад кіраўніцтвам якога служыў Рыгор Няміра. 7 студзеня 1650 года па просьбе навагрудскага гараднічага Яна Няміры кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір падараваў Юрацішкам права на правядзенне штотыднёвых таргоў па нядзелях. Ян Няміра 23 мая 1663 года з дазволу караля саступіў сваё пажыццёвае права на валоданне Юрацішкамі свайму сыну дзерпцкаму харунжаму Гераніму Няміры. Пасля смерці Гераніма яго жонка Кацярына з роду Багуфалаў з дазволу караля польскага Аўгуста II 15 ліпеня 1698 года перадала Юрацішкі ва ўладанне сына Ераміі, таксама дзерпцкага харунжага. Ерамія 12 кастрычніка 1703 года са згоды таго ж Аўгуста II перадаў Юрацішкі ва ўладанне пінскаму абознаму Міхалу Антону Копцю. Копаць у 1717 годзе дабіўся перадачы Юрацішак з ліку дзяржаўных маёмасцей у земскія, скарыстаўшы тое, што пасля Паўночнай вайны ў мястэчку засталося толькі тры гаспадаркі. Дачка Копця Канстанцыя, якая ўзяла шлюб з Францішкам Касцялкоўскім, атрымала Юрацішкі ў якасці пасагу. Юрацішкі пры Касцялкоўскіх былі часткай маёнтка Бокшышкі, захаваўшы статус мястэчка. За даўгі сыноў Францішка Каэтана, Андрэя і Тадэвуша (быў паслом на Чатырохгадовым сейме) Юрацішкі разам з іх іншымі маёнткамі былі па рашэнні эксдывізарска-таксатарскага суда падзелены паміж іх крэдыторамі. Асноўная частка мястэчка і навакольных зямель дасталася смаленскаму падчашаму Паўлу Радкевічу, які раней меў Юрацішкі ў заставе ад Касцялкоўскіх, і яго сыну Ігнату. Часткі, якія дасталіся іншым крэдыторам, пазней купіў другі сын Паўла Радкевіча трабскі пробашч, канонік інфлянцкі і смаленскі Андрэй Радкевіч. Такім чынам у канцы XVIII стагоддзя Юрацішкі сталі ўладаннем рода Радкевічаў, у руках якіх знаходзіліся да 1939 года[3].

Сядзіба Радкевічаў

У Трынаццацігадовую вайну расійскія войскі спалілі Юрацішкі. У Вялікую Паўночную вайну мястэчка занялі шведы.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Юрацішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні.

З пабудовай чыгункі МаладзечнаЛіда за 4 км ад Юрацішак адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. Станам на 1866 у мястэчку было 23 дамы.

Свята-Мікалаеўская царква ў 1900 годзе

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Юрацішкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства.

У 1939 Юрацішкі ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 сталі цэнтрам раёну1944 — у Маладзечанскай вобласці). У 1957 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. У 1960 Юрацішкаўскі раён расфарміравалі, мястэчка ўвайшло ў склад Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Чыгуначная станцыя, 1916

Чыгуначная станцыя на лініі ЛідаМаладзечна; аўтадарогамі злучаныя з Іўем, Валожынам, Ашмянамі.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Царква Св. Мікалая (1520 год, капітальныя рамонты ў 1845 і 1864 гадах; у 2014 годзе поўнасцю перабудавана пасля пажару)
  • Сядзіба Радкевічаў (XIX ст.)
  • Касцёл Перамянення Гасподняга (2003)
  • Магілы нямецкіх салдат Першай сусветнай вайны, каля царквы Св. Мікалая
  • Памятны камень на месцы штаба нямецкай дывізіі (1915—1918)

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Касцёл Перамянення Гасподняга (1937)

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. Стренковский, С. П. Под омофором Святителя Николая Чудотворца : история православного прихода в местечке Юратишки // С. П. Стренковский. – Минск : МГИРО, 2017. – С. 325-366.
  4. Juraciszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 628.
  5. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
  6. Juraciszki // Шаблон:Крыніцы/Даведнік па Літве і Беларусі
  7. Юратишки // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  8. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]