Юрка Моніч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юрка Моніч
Paustancy atamana Lukasha Siamienika Vialikaie Stachava Belarus 1919.jpgПаўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За ім – Васіль Муха. Вялікае Стахава, 1919 г.
Дата нараджэння 1890
Месца нараджэння
Месца смерці каля станцыі Крупкі
Прыналежнасць Беларуская Народная Рэспубліка
Званне падпаручнік
Часць Узброеныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі
Камандаваў

штаб І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР

шматлікія партызанскія атрады

Ю́рка (Ягор Адамавіч) Мо́ніч (1890[1] — 23 мая 1924) — беларускі вайсковец, атаман, удзельнік беларускага незалежніцкага руху.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў сялянскай сям’і ў в. Малыя Жаберычы Лошніцкай воласці Барысаўскага павета Расійскай імперыі. Адвучыўся на настаўніка, настаўнічаў два гады. Падчас Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны на фронт, дзе за асабістую мужнасць атрымаў два Георгіеўскіх крыжы. Дэмабілізаваны ў званні падпаручніка.

З 1919 да 1924 года кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР.

У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Сяменіка, служыў у яго аддзеле. Па смерці Лукаша аддзел пад камандаваннем Моніча пачаў дзейнічаць аўтаномна. Апэраваў пад выглядам атраду аршанскай міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў. Займаўся вяртаннем сялянам харчу, забранага ў іх праз харчразвёрстку, здзяйсняў напады на чыгуначныя станцыі, цягнікі, заводы, валасныя выканаўчыя камітэты, забойствы камуністаў і савецкіх працаўнікоў. Атрад сыходзіў ад пераследаў без стратаў, на зімоўку пераходзячы ў Польшчу[2]. Іншы партызанскі атаман, Цімафей Хведашчэня, рапартаваў у 2-гі аддзел Польскага генеральнага штаба аб праблеме ізаляванасці партызан Моніча, аднак заўважыў, што той ніколі не парываў сувязі з Лукашам Сяменікам. Паводле гісторыка Ніны Стужынскай, мажліва, што менавіта гэтая ізаляцыя дала магчымасць Монічу весці лакальную вайну з бальшавікамі больш за 5 гадоў — ніхто іншы так доўга не пратрымаўся.

10 кастрычніка 1923 г. а 10 гадзіне 55 хвілін атрад монічаўцаў прыкладна за 2 кіламетры ад станцыі Слаўнае (на перагоне Крупкі — Бобр, 582-я вярста) спыніў цягнік «Берлін — Масква», у якім ехалі англійскія, французскія, польскія ды італьянскія дыпламаты, а таксама савецкія чыноўнікі. Цягнік наляцеў на рэйкавае пашкоджанне, састаў разарваўся і адзін вагон перакуліўся, але абышлося без ахвяраў. Сярод іншых партызанаў сведкі адразу вылучылі чорнага высокага мужчыну інтэлігентнага выгляду, які быў апрануты ў скураную тужурку — ён увайшоў у міжнародны вагон, ветліва звярнуўся да прадстаўнікоў замежных місій і папрасіў не турбавацца. Замежнікі былі абрабаваныя, а камуністам на загад Моніча далі ў прысутнасці дыпламатаў па сорак удараў шомпала. Сваю частку здабычы Моніч аддаў на карысць «Зялёнага дубу»[3]. Да прадстаўнікоў польскага афіцыйнага боку атаман звярнуўся па-польску і запытаўся ці ведае ваенны аташэ, што ў аддзеле Моніча ёсць людзі з Польшчы, а той адказаў, што гэта для яго, супрацоўніка Генеральнага штаба, гэта не таямніца. Ад прапановы атамана вярнуць польскай місіі нарабаваныя ў ніх рэчы ваены аташэ адмовіўся і сказаў, што гэта — нічога істотнага.

Інфармацыю пра рабаванне міжнароднага цягніка ў кастрычніку 1923 г. шмат якія еўрапейскія газеты вынеслі на першую паласу. Гісторыя з рабаваннем міжнароднага цягніка выклікала істэрыку ў Маскве, адкуль быў кінуты спецаддзел ГПУ для знішчэння Моніча і ягоных паплечнікаў. Да канца 1923 г. большасьць паплечнікаў Моніча была арыштаваная, агулам да крымінальнай адказнасці прыцягнута 75 чалавек, 22 з якіх у лютым 1924 г. былі прыгавораныя да расстрэлу. Сярод іх была і грамадзянская жонка Моніча Соф’я Рыбак[4] (сапр. Хяўроння Наўроцкая).

23 мая 1924 года Моніч загінуў падчас страляніны з атрадамі частак асаблівага прызначэння, ягонае знявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб застрашыць магчымых прыхільнікаў і паслядоўнікаў. Пазней яго перавезлі ў Барысаў для апазнання ягоным сябрам па барацьбе, што ўтрымліваліся ў Доме папярэдняга расследавання[4]. Месца пахавання невядомае. Паводле адной з версіяў, мог быць пахаваны на Барысаўскіх батарэях разам з іншымі расстралянымі сябрамі свайго атраду.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Іншы ўдзельнік «Зялёнага дубу», польскі пісьменнік беларускага паходжання Сяргей Пясецкі, прысвяціў Юрку Монічу раздзел «Забытыя героі» сваёй кнігі «Ніхто дабром не дасць збаўлення», якая выйшла ў 1947 годзе ў Рыме. У сваёй кнізе Пясецкі пісаў: «Тады праславіліся мянушкі беларускіх партызанскіх правадыроў Крука і Дзергача, праўдзівых прозвішчаў якіх не падам. Моніч меў з німі сувязь, але трымаўся асобна. Зашмат быў смелы і любіў свабоду, каб падлягаць некаторым уплывам і абмежаванням».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Уладзімер Давыдоўскі. Дзьве вёскі — два лёсы…. Радыё «Свабода» (27 лістапада 2008). Праверана 29 лютага 2012.
  2. Советская деревня глазами ВЧК Том 2.34 (руск.) . Советская деревня глазами ВЧК ОГПУ НКВД Том 2. Blogspot (26 жніўня 2008). Праверана 29 мая 2012.
  3. Боні і Клайд антыбальшавіцкай партызанкі. Гісторыя. Наша Ніва (28 сакавіка 2012). Праверана 29 мая 2012.
  4. 4,0 4,1 Валеры Раховіч. Юрка Моніч. Правы альянс (20 лютага 2011). Праверана 29 мая 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]