Юрый Яраславіч (князь тураўскі)
Юрый Яраславіч ст.-рус.: Гюрги Ярославич, Дюрги Ярославич | ||
Юрый Яраславіч. Уяўны партрэт у сучаснай навуковай публікацыі. | ||
![]() Знак Рурыкавічаў. | ||
| ||
---|---|---|
1157 — пасля 1167 | ||
Папярэднік | Барыс Юр'евіч | |
Пераемнік | Святаполк Юр'евіч ці Іван Юр'евіч | |
Дзейнасць | аднаўленне княжання ў Тураўскім княстве роду Ізяславічаў Тураўскіх | |
Веравызнанне | ![]() | |
Нараджэнне | 1102 | |
Смерць | 1167 | |
Род | ![]() | |
Бацька | Яраслаў Святаполчыч | |
Маці | імя невядома | |
Жонка | дачка Усевалада Ольгавіча, вялікага князя кіеўскага, з 1144 | |
Дзеці | Іван Юр'евіч, Святаполк Юр'евіч, Яраслаў Юр'евіч, Глеб Юр’евіч, Яраполк Юр'евіч, Мальфрыда Юр'еўна[d] і Ганна Юр'еўна[d] | |
Ваенная служба | ||
Гады службы | згадваецца ў 1158, 1160 | |
Прыналежнасць | Тураўскае княства | |
Званне | князь | |
Камандаваў | тураўскае войска | |
Бітвы | абарона Турава 1158, 1160 гг. | |
Юрый Яраславіч, Юрый I Тураўскі (ст.-рус. Гюрги Ярославич, Дюрги Ярославич, 1102 — пасля 1167) — князь тураўскі (1157 — пасля 1167), другі сын князя ўладзіміра-валынскага Яраслава Святаполчыча. Аднавіў княжанне ў Тураўскай зямлі князёў Ізяславічаў Тураўскіх, яго нашчадкамі з'яўляюцца ўсе наступныя разгалінаванні тураўскіх (турава-пінскіх) князёў. Быў апошнім правіцелем Тураўскай зямлі да яе падзелу на ўдзелы.
Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]
Юрый Яраславіч належыць да 9 пакалення Рурыкавічаў і трэцяга пакалення іх галіны — Ізяславічаў Тураўскіх. Унук вялікага князя кіеўскага і князя тураўскага Святаполка Ізяславіча, праўнук вялікага кн. кіеўскага і князя тураўскага Ізяслава Яраславіча (заснавальніка роду), прапраўнук вялікага кн. кіеўскага і князя тураўскага Яраслава Уладзіміравіча (Мудрага).
Бацька Юрыя, Яраслаў Святаполчыч, змагаўся за сваю спадчыну — тураўскі сталец — з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Усеваладавічам (Манамахам), загінуў у 1123 годзе падчас аблогі г. Уладзіміра-Валынскага.
Брат Юрыя, Вячаслаў Яраславіч, згадваецца ў 1127 годзе як удзельны князь клечаскі; сёстры: Сафія — жонка князя менскага Расціслава Глебавіча; Прыбыслава — прыкладна з 1136 г. жонка заходнепаморскага князя Рацібора І.
Прыход да ўлады[правіць | правіць зыходнік]
Юрый Яраславіч упершыню згадваецца ў летапісы ў 1144 г. у сувязі з жаніцьбай на Ганне Усеваладаўне, дачцэ вялікага князя кіеўскага Усевалада Ольгавіча (Алегавіча): «тои же зиме Всеволод отда две Всеволодковне Володимири внуце едину за Володимира за Давыдовича а другу за Яраслалича за Дюрдя, обе одной недели»[1]. Жаніцьба на дачцэ вялікага князя сведчыць пра высокае становішча Юрыя Яраславіча ў роднасных сувязях княжацкіх сем'яў[2].
У 1149 г. Юрый Яраславіч згадваецца як саветнік вялікага князя кіеўскага Юрыя Уладзіміравіча (Даўгарукага). Верагодна, Юрый Яраславіч у гэты час, не маючы свайго княжання, быў служылым князем у Юрыя Уладзіміравіча[2].
У 1155 годзе Юрый Уладзіміравіч (Даўгарукі) перадаў Тураў свайму сыну Барысу. У 1158 годзе Юрый Даўгарукі памёр. У гэтым самым годзе Тураў заняў Юрый Яраславіч. Відавочна, ён скарыстаўся ад'ездам з Турава ў Кіеў Барыса Юр'евіча на пахаванне бацькі.
Барацьба за незалежнасць[правіць | правіць зыходнік]
Новы вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч запатрабаваў ад Юрыя Яраславіча пакоры, і калі Юрый не паслухаўся — рушыў на расправу. У 1158 годзе да Турава і Пінска падышло войска шасці рускіх князёў на чале з вялікім князем кіеўскім. Дзесяць тыдняў доўжылася аблога — самая працяглая асада гораду часоў сярэдневяковай Русі, падчас якой абаронцы не толькі добра бараніліся на гарадскіх сценах, але нават рабілі вылазкі. А калі ў войску вялікага князя кіеўскага пачаўся паморак коняў, яно мусіла зняць аблогу і сысці. Другі па важнасці горад Тураўскай зямлі — Пінск — таксама здолеў адбіцца.
Дамова з вялікім князем кіеўскім не была заключаная. Больш за тое, праз два гады, ў 1160 годзе, паўтарыўся паход на Тураў пяці паўднёварускіх князёў. Тры тыдні стаялі яны аблогай пад Туравам, імкнучыся ўзяць горад. Аднак і гэты паход тураўцы здолелі паспяхова адбіць: «…и не вспевше ему ничтоже возвратишася в свояси…».
І толькі ў 1162 годзе (фактычна ў 1161 годзе) вялікі князь кіеўскі Расціслаў Мсціславіч заключыў мір з Юрыем Яраславічам і прызнаў незалежнасць Тураўскай зямлі. Так былі адноўлены самастойнасць Тураўскага княства і дынастыя Ізяславічаў на тураўскім стальцы. Перарванае Уладзімірам Усеваладавічам (Манамахам) у 1113 годзе самастойнае палітычнае развіццё Тураўскага княства было адноўлена ў 1157 годзе дзякуючы рашучасці і мужнасці нашчадка Ізяславічаў — Юрыя Яраславіча.
Як сцвярджае даследчык М. Ермаловіч, падзеі 1157 года, як і ранейшыя — 1013, 1146 гг. — паказваюць, што ў жыхароў Тураўскай зямлі, знешне ціхіх і пакорлівых пад неаслабнай увагай Кіева — ніколі не замірала імкненне да свабоднага палітычнага жыцця.
Княжанне[правіць | правіць зыходнік]
Імя Юрыя Яраславіча не згадваецца ў летапісах у сувязі з усобіцамі і войнамі. Можна думаць, што яго княжанне прынесла краю мір і спакой.
Сведчаннем умацавання незалежнасці Тураўскага княства пры Юрыі і яго нашчадках стала ўзвядзенне ў 1170—1175 гг. у Тураве мураванай царквы, якая па архітэктуры была блізкай тагачасным кіеўскім і ўладзімірскім храмам. На час яго княжання прыпадае дзейнасць выдатнага асветніка — Кірылы Тураўскага. Каля 1169 Юрый з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епіскапства.
Юрый апошні раз упамінаецца летапісцам у 1167 годзе ў сувязі з шлюбам яго дачкі Малфрыд з Усеваладам Яраславічам: «…Ярослав Изяславич [сын Ізяслава Мсціславіча] поем дчерь Дюргия у Ярославича Малфрид ис Турова за сына Всеволода».
Памёр Юрый Яраславіч паміж 1167 і 1170 гг., перад гэтым ён, верагодна, завяшчаў падзяліць княства паміж сваімі сынамі. Падзел адбыўся паміж 1167 і 1174 гадамі. Сярод пяці сыноў Юрыя Яраславіча ў летапісных паведамленнях трое згадваюцца як «Тураўскі», «з Турава»: Святаполк, Іван і Глеб. Святаполк згаданы як «Тураўскі» ў 1162 г. (яшчэ пры жыцці бацькі і да падзелу на ўдзелы), Іван «з Турава» — у 1167 (1168) і 1170[3]. Таму парадак княжання Святаполка, Івана і Глеба ў Тураве вызначаецца як верагодны.
Сям'я[правіць | правіць зыходнік]
У Юрыя Яраславіча і яго жонкі было 5 сыноў і 2 дачкі:
- Іван — князь тураўскі;
- Святаполк — князь пінскі, потым тураўскі;
- Яраслаў — князь клецкі, потым пінскі;
- Глеб (Міхал) — князь дубровіцкі, потым тураўскі;
- Яраполк — князь гарадзецкі, потым пінскі;
- Ганна — жонка вялікага князя кіеўскага Рурыка Расціславіча;
- Малфрыд — жонка князя луцкага Усевалада Яраславіча.
Зноскі
- ↑ ПСРЛ, т. ІІ, стб. 317.
- ↑ 2,0 2,1 Лысенко, П. Ф. Древний Туров / П. Ф. Лысенко. — Мінск: Бел. навука, 2004. — 180 с., ил. — С. 163. — ISBN 985-08-0615-X. (руск.)
- ↑ Лысенко, П. Ф. Древний Туров, с. 175.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Юрый Яраславіч // ЭГБ у 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. Мн., 2003.
Папярэднік: Барыс Юр'евіч |
Князь тураўскі 1157—1167 |
Пераемнік: Святаполк III Юр'евіч ці Іван Юр'евіч |