Юрка Гаўрук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ю. П. Гаўрук)
Юрый Паўлавіч Гаўрук
Юрка Гаўрук. Пачатак 1970-х гг.
Юрка Гаўрук. Пачатак 1970-х гг.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 6 мая 1905(1905-05-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 лютага 1979(1979-02-18) (73 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, паэт, літаратурны крытык
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юрка (Юрый Паўлавіч) Гаўрук (23 красавіка (6 мая) 1905, Слуцк Мінскай губерні, цяпер Мінскай вобласці — 18 лютага 1979, Мінск; псеўданім: С. Дробуш) — беларускі перакладчык, паэт, літаратурны крытык [1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Горацкая філія «Аршанскага Маладняка», 1926 год. Стаяць: (злева направа) Алесь Вечар, Рыгор Мурашка, Чыжонак, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Калядка. Сядзяць: Мятла, Сяргейчык, Міхась Ганчарык (кіраўнік філіі), Васіль Каваль, Юрка Гаўрук, Алесь Дземідовіч.

Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1915 года сям’я Ю. Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава[ru] ў Маскве ў 1925 годзе[1]. З 1924 года запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Восенню 1925 года абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 гадах дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 года асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958 года. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 гадах працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы[1]. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п’есы з сусветнай класікі.

Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы[de]»). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых.

У 1926 годзе выйшла першая кніга Ю Гаўрука «Вясковыя рыскі». У кнігу ўвайшлі байкі, жарты, песні, расказы сялян, апісанні «няпышнага» вяселля і «вальцаў» у вясковым «магазыне», якія Гаўрук запісваў на Случчыне «каб даведацца годаў і нягодаў гэтага жыцьця, і як гэта ўсё адбіваецца ў сялянскай песьні».

Аўтар першага на Беларусі[1] зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў»[2] (1928).

У 1969 годзе выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя»[3], у 1975 годзе — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах»[4]. У 1990 годзе быў выдадзены паэтычны зборнік «Узвіхраны ветразь» (вершы, паэма, пераклады).

Пераклаў п’есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926)[1], «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла[ru]» (1954), «Канец — справе вянец[ru]» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра[ru]» (1982). У яго перакладзе ставіліся п’есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмета[ru] (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Лявонава[ru] (1965), «Дзядзька Ваня[ru]» А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах[ru]» Мальера (1967), «Улада цемры[ru]» Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Лявонава (1971), «Багна[ru]» А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак[en]» О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага[ru][1].

Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько[ru], асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард[ru] «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. ШварцаСнежная каралева[ru]»), вершы П. Варанько[ru] (1976), Б. Алейніка[ru] (1977), апавяданне «За што?[ru]» Л. Талстога і балада «Парука, Шылер[de]» Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі[ru], Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979)[1][5].

На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака[1].

Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. — Мн., 1975.
  • Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. — Мн., 1986.
  • Узвіхраны ветразь: вершы, паэма, пераклады. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 143 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі) — ISBN 5-340-00820-7.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж Белорусская ССР. Краткая энциклопедия 1982.
  2. Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. — Мн.: Маладняк, 1928. У кнігу ўвайшлі пераклады з англійскай твораў Дж. Г. Байрана, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана[ru], Г. Лангфела, У. Уітмена, з нямецкай — Ф. Шылера, Г. Гейнэ, Т. Кёрнера[ru], з французскай — В. Гюго, Ш. Леконта дэ Ліля[ru], Ш. Бадлера, П. Верлена, А. Тэр'е[ru], з італьянскай — Ф. Петраркі, Дж. Кардучы, А. Негры[ru], з польскай — А. Міцкевіча, У. Бранеўскага.
  3. У склад зборніка ўвайшлі пераклады твораў А. Пушкіна, А. Міцкевіча, балад Ф. Шылера.
  4. У зборнік, апроч некаторых перапрацаваных перакладаў з «Кветак з чужых палёў», увайшлі пераклады з англійскай асобных санетаў У. Шэкспіра, урыўкаў з трагедый «Гамлет», «Атэла», «Кароль Лір», камедыяў «Канец — славе вянец» і «Сон у летнюю ноч», твораў Р. Бёрнса, І. В. Гётэ, з венгерскай — твораў Б. Балашы[ru], Д. Бержэні[ru], Ш. Кішфалудзі[ru], з рускай — А. Пушкіна, В. Брусава, С. Ясеніна, Дзм. Кедрына[ru], з украінскай — П. Тычыны, М. Рыльскага, Ул. Сасюры, Л. Украінкі, з армянскай — Г. Эміна[ru].
  5. Алеся Лапіцкая Паэт і пераклады // Літаратура і мастацтва. — Мн.: Звязда, 2015. — № 19. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]