Перайсці да зместу

Якаў Дзінезон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Якаў Дзінезон
יעקב דינעזאָן
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1851
Месца нараджэння
Дата смерці 29 жніўня 1919(1919-08-29)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Янкеў Дзінезон, Якаў (1856?, Новыя Жагоры — 29 жніўня 1919, Варшава) — яўрэйскі пісьменнік, публіцыст, мемуарыст, перакладчык, выдавец. Юнацтва прайшло на Беларусі.

Дата нараджэння не вядома, прыводзяцца 1851, 1852, 1856, 1858 і 1859 год. Нарадзіўся ў Новых Жагорах Ковенскай губерні (цяпер поўнач Літвы) у радавітай, але беднай сям’і. Вучыўся ў хедары, ешыве, шмат чытаў. У адным горадзе з ім жылі рэб Хаім Зак і паэт Міхал Гордан.

У 12 гадоў застаўся без бацькі. Рос у Магілёве, у свайго дзядзькі Айзіка Эльяшава. Вялікі ўплыў на развіццё Дзінезона мела сям’я Гурэвічаў, дзе ён нейкі час быў настаўнікам старажытнаяўрэйскай мовы. На гэтай мове былі першыя літаратурныя творы Дзінезона: допісы ў «Га-магід», «Га-меліц», два артыкулы (1876) у «Га-шахар» П. Смаленскага. Таксама ён імкнуўся ўзняць культуру простых чытачоў, якія не ведалі біблійнай мовы — і пачаў пісаць на «простай яўрэйскай мове», на ідышы. Пасля рада навукова-папулярных нарысаў Дзінезон напісаў вялікі раман «Беовен авос» (За грахі бацькоў, з праўдзівага здарэння), у якім паказаў трагедыю яўрэйскай дзеўкі, загубленай праз цемру і фанатызм бацькоў. Ён адаслаў раман у Вільню сваім знаёмым з гуртка асветнікаў-маскілім (у Вільні ён раней быў па справах купца Гурэвіча). Фін, Дзік і іншыя маскілы шчыра хвалілі аўтара, а друкар-выдавец Ром выкупіў рукапіс за вельмі вялікі ганарар, як на той час, 2 рублі за друкаваны аркуш. Але яго забараніла цэнзура, як гаварылі, з-за дзейнасці канкурэнтаў Рома; у рамане былі паказаны ў негатыўным святле магілёўскія багацеі, сваякі віленскага цэнзара. Тады выдавец папрасіў за ранейшы ганарар напісаць новы твор. Праз 5 тыдняў Дзінезон скончыў раман «Дарагія і любімыя, або чорны хлопец» (1877). Гэты твор самому аўтару не спадабаўся, але вельмі палюбіўся чытачам. Першы сантыментальны раман на ідышы.

Доўгі час нічога не пісаў. Мажліва, прычынай таму было каханне к дачцэ Гурэвіча, паводле іншай версіі, супраць ідыша выступіў Перац Смаленскі, а Дзінезон падзяляў яго думку. Ненадоўга спыніўся ў Кіеве, у канцы 1885 года асталяваўся ў Варшаве. Тут здарылася важная сустрэча, якая адыграе ролю і ў яго жыцці, і ў гісторыі літаратуры. Дзінезон знаёміцца з пісьменнікам Іцхакам-Лейбам Перацам і вяртаецца да ідыша. Ён выступаў амаль ва ўсіх значных часопісах і зборніках, быў актыўным работнікам літаратурнай нівы, у яго дома збіралася яўрэйская інтэлігенцыя. Больш трыццаці год быў нязменным спадарожнікам Пераца.

У той час, калі Дзінезон быў ужо ў Варшаве, у друку выказаўся супраць ідыша прафесар Генрых Грэц — Дзінезон у адказ апублікаваў палемічны артыкул у абарону роднай мовы.

Ён напісаў многа апавяданняў, піша раманы: «Эвен Нэгеф» (1890), «Гершале» (1891), «Ёселе» (1899), «Альтар» (1904), кнігу «Кіндэрышэ нэшомэс» (1904) і іншыя.

З Перацам выдаваў зборнік «Ідышэ бібліотэк» (1891—1904).

У 1910 годзе адышоў ад літаратуры. Працаваў у галіне апекі, імкнуўся палепшыць становішча яўрэйскіх дзіцячых прытулкаў і школ.

Памёр у Варшаве, пахаваны на яўрэйскіх могілках у маўзалеі з Перацам і Ан-скім. Пасмяротна апублікаваны мемуары, асобныя лісты, частка твораў. Шмат чаго засталося ў рукапісах.

Дзінезон — заснавальнік сантыментальна-бытавога рамана ў яўрэйскай літаратуры. У сваіх мастацкіх і публіцыстычных творах ён падтрымліваў дэмакратычна-асветніцкія ідэі, змагаўся за яўрэйскую мову (ідыш). Яго творчасць адыграла вялікую ролю ў пераходзе ад бульварнага рамана да высокага мастацтва.

Першыя раманы напісаны ў павучальна-сантыментальным тоне. Галоўная мэта аўтара — павучаць простых чытачоў, абуджаць у іх добрыя пачуцці, любоў і спагаду к слабым, увагу да вольных парываў маладога сэрца. Вельмі папулярнымі сярод чытачоў, асабліва жаночай паловы, сталі яго героі і гераіні, у якіх увасобіліся добрыя якасці. Цынберг лічыў, што прыёмы Дзінезона ў першых дзвюх кнігах прымітыўныя, але іменна таму ён быў даступным і зразумелым для сваёй аўдыторыі і стаў любімым пісьменнікам народу. З 90-х гадоў яго творчасць становіцца болей рэалістычнай і закончанай з мастацкага боку. Любімыя героі Дзінезона — простыя яўрэйскія жанчыны і дзеці. Пазнейшыя творы яшчэ захоўваюць рысы рамантычнага сантыменталізму, але сапраўдны лірызм і любоў да людзей надаюць яго апавяданням незвычайнае хараство. Дзінезон меў мяккі жаночы талент.

  • С. Ц. /Сяргей Цынберг/ Динезон, Яков // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Том 7 — 1910
  • М. Я. Пинес. История еврейской литературы. Авторизованный пер. с немецкого С. С. Вермеля. 1913
  • И. Н. /Ісак Нусінаў/ Динезон // Литературная энциклопедия
  • Dinezon, Yankev // Leksikon Fun Der Nayer Yidisher Literatur