Якуб Адамавіч Якубоўскі
Якуб Адамавіч Якубоўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 красавіка 1932 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 верасня 1998 (66 гадоў) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | гісторык, географ |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Прэміі |
Якуб Адамавіч Якубоўскі (4 красавіка 1932, в. Камаі, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць — 14 верасня 1998, Мінск) — беларускі гісторык, географ, аўтар гімна беларускіх татараў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 4 красавіка 1932 года ў вёсцы Камаі (цяпер у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці) ў сям’і рамесніка. У часы Другой сусветнай вайны пераехаў у гарадскі пасёлак Відзы Браслаўскага раёна, дзе скончыў школу. З 1949 года працаваў піянерважатым і настаўнікам пачатковых класаў у мясцовых школах, адначасова завочна вучыўся на гістарычным аддзяленні Мінскага настаўніцкага інстытута. У 1957—1962 гадах адукацыю працягваў па спецыяльнасці «геаграфія» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасля заканчэння БДУ працаваў у Навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства[1].
З 1967 года працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», у 1972—1988 гадах займаў пасаду загадчыка рэдакцыі геаграфіі, геалогіі і геафізікі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы шэрагу значных выданняў, у тым ліку: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (12 тамоў); «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (5 тамоў); «Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя» (5 тамоў, на беларускай і рускай мовах); «Блакітная кніга Беларусі»[1].
Працуючы ў выдавецтве, працягваў адукацыю: вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага па спецыяльнасцях «гісторыя і грамадазнаўства» (1979—1982) і «беларуская мова і літаратура» (1985—1989)[1].
Памёр 14 верасня 1998 года ў Мінску[1].
Даследаванне гісторыі і культуры татараў
[правіць | правіць зыходнік]Якуб Якубоўскі даследаваў гісторыю і культуру татараў у Беларусі, вывучаў іх старажытныя шляхецкія роды, збіраў звесткі пра вядомых беларускіх дзеячаў татарскага паходжання. Распрацаваў канцэпцыю і рыхтаваў матэрыялы да энцыклапедычнага даведніка «Татары Беларусі, Літвы і Польшчы» (застаўся ў рукапісе)[1].
У 1991 годзе ініцыяваў стварэнне і стаў галоўным рэдактарам часопіса «Байрам» — афіцыйнага выдання Беларускага згуртавання татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Займаў гэтую пасаду з 1991 па 1998 год. Напісаў каля 1000 артыкулаў для часопіса і энцыклапедычнага даведніка. Ягоным аўтарствам належаць словы гімна беларускіх татараў «Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі» (музыка Д. Мазітавай)[1].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]У 1976 годзе ў складзе калектыву аўтараў 12-томнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Узнагароджаны медалём М. Шчакаціхіна (1998). Занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь» (1998)[1][1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё ж Якуб Адамавіч Якубоўскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Якуб Адамавіч Якубоўскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 4 красавіка
- Нарадзіліся ў 1932 годзе
- Нарадзіліся ў Свянцянскім павеце
- Памерлі 14 верасня
- Памерлі ў 1998 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Супрацоўнікі Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАНБ
- Супрацоўнікі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»
- Выпускнікі гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка
- Выпускнікі геаграфічнага факультэта БДУ
- Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Гісторыкі Беларусі
- Географы Беларусі
- Беларуска-літоўскія татары