Ялегі Пранціш Вуль

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ялегі Пранціш Вуль
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні: Элігій-Францішак Карафа-Корбут
Дата нараджэння: 21 красавіка 1835(1835-04-21)
Месца нараджэння: Віцебск, Расійская імперыя
Дата смерці: 1880-я
Месца смерці: Віцебск, Расійская імперыя
Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

Ялегі Пранціш Вуль, сапраўднае імя Элігій-Францішак Карафа-Карыбут (9 (21) красавіка 1835, Віцебск — 1880-я, Варшава) — беларускі паэт[1].

Удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, за ўдзел у якім быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток. Аўтар верша «К дудару Арцёму ад надзвінскага мужыка» — аднаго з найлепшых узораў раннебеларускай грамадзянскай лірыкі. З'яўляецца верагодным аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе»[2][3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Віцебску 21 красавіка 1835 года, быў старэйшым сынам у сям'і беднага віцебскага чыноўніка Маўрыкія Фаміча Карафа-Корбута. З 1846 года вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Верагодна з-за слабага здароўя і неўладкаванага матэрыяльнага становішча сям'і будучы паэт не здолеў скончыць сёмы выпускны клас гімназіі.

Пасля зыходу з гімназіі Ялегі Пранціш Вуль уладкаваўся пісарам у Віцебскую Палату дзяржаўных маёмасцей(руск.) бел., дзе займаўся акцызнымі пытаннямі, зборам і ўлікам падаткаў ад продажу гарэлкі і працаваў там у 1856-1862 гадах[1]. Гэты этап жыцця паэта засведчаны дакументальна:

" По выбытии из седьмого класса Витебской губернской гимназии поступил на службу в Витебскую палату государственных имуществ писцом среднего разряда хозяйственного отделения тысяча восемсот пятьдесят шестого года апреля двадцатого. Помещён на вакансию писца высшего разряда в том же отделении 30 октября 1857 года. Согласно прошению уволен от службы для поступления в высшее учебное заведение по постановлению 30 июля 1862 года[4] "

Верагодна, недзе ў 1856 годзе Вуль пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Арцёмам Вярыгам-Дарэўскім, у чыім «Альбоме» 23 красавіка 1859 года з'явіўся 28-ы запіс, зроблены Ялегіям Пранцішам Вулем, які складаўся з беларускага верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» і польскага «Няновая думка».

Уся сям'я ўдзельнічала ў паўстанні 1863—1864 гадоў, Ялегі і яго брат Вільгельм былі сасланыя ў Сібір на пасяленне[1], а бацька асуджаны да 8 гадоў катаргі. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Што табе, дудар, прыспела
Смелы песнi завадзiць?
Цi то лёгкае, брат, дзела
Нашу браццю прасвяцiць?
Крыкнуць на цябе паноўя,
Што ты шкоднiк i мiсцюк, —
Страцiш голас i здароўе
I дуду упусцiш з рук.

Я. Вуль. Радкі з верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка».[5]

Ужо падчас вучобы Ялегі Пранціш вылучаўся сваімі літаратурнымі здольнасцямі. У ранні перыяд творчасці індывідуальная манеры будучага пісьменніка фарміравалася пад вызначальным уплывам А. Вярыгі-Дарэўскага і Г. Марцінкевіча, беларускай народнай культуры і традыцыямі расійскай прафесійнай паэзіі. Дасылаў агляды культурнага жыцця Віцебска ў варшаўскую «Gazetę codzienną». Аднымі з вучнёўскіх прац, якія былі дакументавана засведчаныя як кіраўніцтвам гімназіі, так і апекуном Пецярбургскай навучальнай акругі(руск.) бел. былі «Воспоминания детства и юности» (верасень 1851), «Витебск» (верасень 1852), «Крестины ў белорусских крестьян» (май 1853), «О Державине вообще и об оде „Бог“ в особенности» (студзень 1854).

Адзіны вядомы беларускамоўны верш «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» адметны дасканаласцю формы, натуральнасцю і чысцінёй мовы, а таксама сведчыць пра дэмакратычныя погляды аўтара[1].

Пісаў таксама на польскай мове[1].

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Паэтычныя творы не былі надрукаваныя пры яго жыцці. Першапублікацыя верша «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» адбылася ў «Нашай Ніве» 9 лістапада 1912 года. Затым яго тэкст быў уключаны ў «Хрэстаматыю беларускае літаратуры» Максіма Гарэцкага.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 Вуль Елеги Прантиш // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 129. — 737 с.
  2. Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2. C. 188—191
  3. Запрудскі І. Ялегі Пранціш Вуль і пытанне атрыбуцыі паэмы «Тарас на Парнасе» // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Мн., 2004. Вып.5.
  4. Г. Б. Кісялёў. Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 369
  5. Альбом в кожаном футляре (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Кісялёў Г. Хто вы, Карафа-Корбуты? // Полымя. 1992, № 3;
  • Кісялёў Г. Загадка беларускай 'Энеіды'. Мн., 1971;
  • Запрудскі І. Вядомы адным вершам // ЛіМ. 1993, 19 сак.;
  • БП, т. 2;
  • ЭГБ, т. 2.
  • Подлипский А. М. Витебская Александровская гимназия. Витебск, 1994. — 1500 экз.
  • Русецкий А. В., Русецкий Ю. А. Художественная культура Витебщины: Поозерье, Подвинье, Верхнее Поднепровье (в контексте восточно-славянских и западно-европейских культурных процессов): монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. — Витебск: Издательство УО ВГУ им. П, М. Машерова, 2008. — 540 с. : ил. ISBN 978-985-425-802-7