Іван Трафімавіч Гаўрыс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Янка Гаўрыс)
Іван Трафімавіч Гаўрыс
Фатаграфія
Іван Гаўрыс, 1920 г.
Дата нараджэння 14 снежня 1890(1890-12-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 лістапада 1937(1937-11-04) (46 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, выкладчык універсітэта
Месца працы
Вучоба
Мастацкі кірунак супрэматызм і рэалізм[d]
Уплыў Казімір Севярынавіч Малевіч і Вера Міхайлаўна Ермалаева
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іван (Янка) Трафімавіч Гаўрыс (14 снежня 1890, Кухчыцы, цяпер Клецкі раён4 лістапада 1937, Віцебск, НКУС) — беларускі мастак. Сябра віцебскага авангарднага аб’яднання УНОВИС.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 14 снежня 1890 года ў вёсцы Кухчыцы Клецкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні ў беларускай сялянскай сям’і. Па атрыманні пачатковай асветы паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1909 годзе. Працаваў настаўнікам народных школ. У 1912 годзе паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут на фізіка-матэматычны факультэт, аднак не паспеў скончыць яго праз пачатак Першай сусветнай вайны[1].

З пачаткам вайны прызваны ў расійскае войска, служыў на пасадзе інтэнданта ў штабе 16-га армейскага корпуса ў Дзвінску і Гарадку Віцебскай губерні, потым у Віцебску. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў у Віцебску. Займае пасаду кіраўніка справаводства аддзела забеспячэння Віцебскага губернскага ваеннага камісарыята[2].

Іван Гаўрыс. Кубізм. Пачатак 1920-х гг.

У верасні 1918 года падае прашэнне аб прыёме яго ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. У архіве інстытута адзначаецца, што ён меў чатырохгадовы стаж выкладання настаўнікам і скончыў 2 курсы Віленскага настаўніцкага інстытута да пачатку вайны. З верасня 1918 года да красавіка 1920 года Іван Гаўрыс вучыўся на фізіка-хімічным аддзяленні Віцебскага настаўніцкага інстытута, адначасова працаваў настаўнікам у віцебскіх школах. У інстытуце развіццю мастацкіх здольнасцяў Гаўрыса спрыяе педагог малявання Дзмітрый Рохлін. У красавіку 1920 года Гаўрысу выдадзенае пасведчанне аб заліку работ па маляванні за поўны курс інстытута, падпісанае Рохліным. Паводле Гаўрыса, у настаўніцкім інстытуце навучанне «вялося ў такім напрамку, каб навучыць студэнтаў замалёўваць прадметы з натуры»[2]. Яшчэ ў пачатку 1919 года Гаўрыс паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, якім на той час кіраваў спачатку Мсціслаў Дабужынскі, а потым Марк Шагал. У вучылішчы ён трапляе ў майстэрню да мастачкі Веры Ермалаевай. У вучылішчы стаў сябрам выканкама навучэнцаў, у майстэрні Ермалаевай выконваў абавязкі старасты і першага памочніка. У траўні 1920 года прызначаны на штатную пасаду бібліятэкара вучылішча. У чэрвені 1920 года Ермалаева становіцца кіраўніцай вучылішча, замест Марка Шагала, які з’ехаў з Віцебска. Вучылішча атрымала назву Віцебскія вышэйшыя мастацкія майстэрні[2].

Сябры УНОВИС перад ад’ездам у Маскву. Іван Гаўрыс у левым ніжнім вуглу з кнігай. Віцебск, 5 чэрвеня 1920 г.

У студзені 1920 года Казімір Малевіч, выкладчык Віцебскага мастацкага вучылішча, стварае групу УНОВИС, якая займалася стварэннем супрэматычнага мастацтва. Іван Гаўрыс увайшоў у творчы камітэт групы. У траўні 1920 года супрэматычная суполка збіралася ў Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай канферэнцыі выкладчыкаў і навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў. Для канферэнцыі быў падрыхтаваны «Альманах Уновиса», Іван Гаўрыс стаў аўтарам хронікі аб’яднання «Примечания к движению УНОВИСА». Казімір Малевіч распрацаваў для Віцебска праграмы мастацкай адукацыі, дзякуючы ягоным намаганням Наркамасветы дазволіў прыняць найбольш вопытных вучняў да працы ў якасці выкладчыкаў малодшых груп. У 1921 годзе Іван Гаўрыс быў зацверджаны адным з кіраўнікоў майстэрняў малодшых вучняў, застаючыся навучэнцам ён займаўся выкладаннем. У траўні 1922 года Гаўрыс атрымаў пасведчанне аб заканчэнні вучылішча.

Сябры УНОВИС у Віцебску, 1920 г. За сталом злева направа — К. Малевіч, В. Ермалаева, І. Гаўрыс, Н. Коган, Л. Лісіцкі

Улетку 1922 года значная частка выкладчыкаў на чале з Казімірам Малевічам і вялікая частка студэнтаў з’ехалі з Віцебска. 15 жніўня 1922 года сышла кіраўніца Вера Ермалаева, перадаўшы абавязкі Івану Гаўрысу. На пасадзе кіраўніка Гаўрыс запрасіў на выкладчыцкую пасаду акадэмічнага мастака Юдаля Пэна і яго вучняў Саламона Юдовіна, Абрама Бразера і Яфіма Мініна. На пасадзе рэктара Віцебскага мастацкага практычнага інстытута Гаўрыс быў вымушаны адмовіцца ад выкладчыцкай сістэмы Малевіча і вярнуцца да класічнай. Фінансавая праверка кантрольных органаў увесну 1923 года абвінаваціла Гаўрыса ў недахопах і злоўжываннях у дзейнасці ВНУ, ён быў звольнены з пасады рэктара, а інстытут рэарганізаваны ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Гаўрыс вярнуўся да працы школьнага настаўніка малявання[3].

У сакавіку 1924 года ў выніку ўзбуйнення БССР горад Віцебск быў перададзены са складу РСФСР у склад БССР, распачалася беларусізацыя. У кастрычніку 1924 года Іван Гаўрыс звяртаецца ў Віцебскі акруговы аддзел асветы з заявай адхіліць яго ад выкладання мастацтва і даць «грунтоўную пасаду настаўніка беларускай мовы і літаратуры», у выніку чаго стаў выкладчыкам беларусазнаўства ў некалькіх школах: Першай віцебскай сямігодцы, Школе імя У. І. Леніна, Першай яўрэйскай школе, Вячэрняй школе імя К. Лібкнехта[4]. Янка Гаўрыс увайшоў у кола актыўных удзельнікаў Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, створанага інспектарам акружнога аддзела асветы Міколам Каспяровічам. У першым выпуску краязнаўчага зборніка «Віцебшчына» надрукаваны тэкст Гаўрыса «Беларускае мастацтва», у другім зборніку апублікаваныя яго ўспаміны пра мастацтва паслярэвалюцыйнага Віцебска. Удзельнік Першай Усебеларускай выстаўкі 1925 года ў Менску. Былі паказаныя тры карціны Гаўрыса: «Кветкі (Партрэт дачкі)», «Затока», Маёўка ў 1905 годзе», у якіх ён адмовіўся ад фармалістычных вышукаў і звярнуўся да рэалістычных пазіцый. на Другой Усебеларускай выстаўцы была паказаная праца «Вячэрні пэйзаж». Творы Гаўрыса не былі адзначаныя ў друку, рэпрадукцыі не былі апублікаваныя і дагэтуль невядомыя[5].

У 1932 годзе працуе ў Віцебскім кінатэхнікуме выкладчыкам, пазней загадчыкам навучальнай часткі. Вядома, што Іван Гаўрыс удзельнічаў у палітычных чыстках нядобранадзейных студэнтаў. У красавіку 1933 года была ўтвораная камісія навучальнай часткі на чале з Гаўрысам дзеля праверкі бібліятэкі і выяўлення «ідэалагічна шкоднай літаратуры». 20 кастрычніка 1937 года асуджаны па сфабрыкаванай справе «Польскай арганізацыі вайсковай» да найвышэйшай меры пакарання. 4 лістапада 1937 года расстраляны непадалёк ад Віцебска[6].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У часе сяброўства ў групе УНОВИС Іван Гаўрыс стварае супрэматычныя творы. Пазней звярнуўся да рэалізму.

У 2000-я гады на розных аўкцыёнах з’явіліся творы жывапісу і графікі сумнеўнага паходжання, якія прыпісваюцца Гаўрысу[7].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Лісаў А. 2014, с. 191.
  2. а б в Лісаў А. 2014, с. 192.
  3. Лісаў А. 2014, с. 200.
  4. Лісаў А. 2014, с. 200—201.
  5. Лісаў А. 2014, с. 202.
  6. Лісаў А. 2014, с. 203.
  7. "Мир как беспредметность: Рождение нового искусства": каталог выставки. Екатеринбург: Ельцин-центр, 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лісаў А. Янка Гаўрыс: «прыродны беларус» у асяродку віцебскіх супрэматыстаў // ARCHE. — 2014. — № 3 (124). — С. 190—203.
  • Ленсу Я. Лёс апошняга рэктара // Культура. — 2019. — № 11 (1398).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]