Янка Запруднік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Янка Запруднік
Дата нараджэння 9 жніўня 1926(1926-08-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 мая 2022(2022-05-26) (95 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Надзея Сяргееўна Кудасава
Род дзейнасці гісторык, публіцыст, палітолаг, літаратуразнавец, літаратар
Навуковая сфера гісторыя[1], паліталогія[1], літаратуразнаўства[1] і публіцыстыка[1]
Месца працы
Альма-матар
Член у
Узнагароды
Медаль да стагоддзя БНР медаль ордэна свяціцеля Кірыла Тураўскага

Янка Запруднік, да 1946 Сяргей Вільчыцкі (9 жніўня 192626 мая 2022) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітолаг.

Псеўданімы і крыптанімы[правіць | правіць зыходнік]

Псеўданімы і крыптанімы: Я. З., З., Сяргей Ясень, С. Ясень, С. Я., Аркадзь Будзіч, А. Б., Арсень Загорны, А. З., Рыгор (Ягор) Ліцьвін, Р. Л., Т. Смаленскі, М. Беластоцкі

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сяргей Вільчыцкі нарадзіўся ў 1926 годзе ў мястэчку Мір, калі гэтая частка Беларусі была пад уладай Польшчы. Бацькі, настаўнікі па адукацыі, гаспадарылі на зямлі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР сям'я Вільчыцкіх падлягала высылцы ў Сібір, але гэтаму перашкодзіў напад нацысцкай Германіі на СССР.

У гады нямецкай акупацыі Сяргей Вільчыцкі закончыў у Міры пачатковую школу (1942), затым у Баранавічах — прагімназію і тры курсы (з чатырох) гандлёвай школы (1943-44). Належаў да Саюза беларускай моладзі. Набліжэнне савецкай арміі да Баранавіч вымусіла Сяргея Вільчыцкага да адыходу ў Германію, ён запісаўся ў дапаможную службу нямецкай авіяцыі (Luftwaffehelfer). За месяц да капітуляцыі Германіі быў пераведзены ў 30-ю вафэн-грэнадзёрскую дывізію СС (1-ю беларускую), якая пад канец красавіка 1945 года перайшла ў Баварыі да амерыканцаў. З 1945 быў скаўтмайстрам «Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на Чужыне»[2]. Потым паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта. Да мая 1946 знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных у амерыканскай зоне акупацыі.

Сяргей Вільчыцкі пасля палону прыехаў у беларускі лагер для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу, які ў ліпені 1946 быў пераведзены ў Міхельсдорф. Як былому ваеннапалоннаму атрымаць статус перамешчанай асобы яму было немагчыма, таму давялося «згубіць» дакументы, з якімі яго адпусцілі з амерыканскага палону, і ўзяць прозвішча Яна Запрудніка з Вільні, што па нейкай прычыне пакінуў лагер. З гэтага часу Сяргей Вільчыцкі стаў Янкам Запруднікам, захаваўшы гэта прозвішча на ўсё жыццё.

У лагеры дзейнічала Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якую Янка Запруднік скончыў у 1947. У студзені 1948 ён выправіўся ў Вялікабрытанію, дзе працаваў на шахтах цэнтральнай Англіі. Удзельнічаў у грамадска-культурнай нацыянальнай працы, выданні часопіса беларускай моладзі «Наперад!», далучыўся да дзейнасці Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Неўзабаве Янка Запруднік атрымаў стыпендыю з Ватыкана, дзякуючы гэтаму, у 1950-54 набываў вышэйшую адукацыю на гістарычным факультэце Лювенскага ўніверсітэта (Бельгія). Навучанне сумяшчаў з удзелам у грамадскай, культурна-асветніцкай працы беларускай грамады. Быў адным з арганізатараў беларускага маладзёжнага руху, у 1953-54 навучальным годзе старшыня Беларускага студэнцкага згуртавання ў Лювене, стаў адным з ініцыятараў аднаўлення часопіса «Наперад!» і яго аўтарам. За гады навучання наведаў шэраг краін Заходняй Еўропы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта з адзнакай Янка Запруднік прыняў прапанову Амерыканскага камітэта вызвалення ад бальшавізму (ад 1956 — Амерыканскі камітэт вызвалення) і ў верасні 1954 пачаў працаваць журналістам беларускай секцыі радыёстанцыі «Вызваленне» ў Мюнхене, у ліку беларускіх замежных вучоных уключыўся ў працу Інстытута вывучэння СССР. У 1957 Янка Запруднік пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку да 1991 на той жа радыёстанцыі (ад 1964 — «Свабода»). У 1969 г. у Нью-Ёркскім універсітэце абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёркскага гарадскога ўніверсітэта (1970—1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калумбійскім універсітэце (1994).

Ад сярэдзіны 1950-х гадоў Янка Запруднік актыўна ўдзельнічаў у працы Рады БНР у выгнанні, займаў пасаду Сакратара інфармацыі[3]. У 2018 годзе ўзнагароджаны Медалём да стагоддзя БНР.

Памёр у 2022 годзе. Адпяванне прайшло ў Саўт-Рыверы ў царкве Святой Ефрасінні Полацкай. Янка Запруднік пахаваны на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансуіку.

Творчая і навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Навуковая дзейнасць і публіцыстыка Янкі Запрудніка прысвечана гісторыі Беларусі, жыццю беларускага народа.

Яго высновы адрозніваліся ад канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая існавала ў БССР. У працах «Савецкія канцэпцыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага» («Запісы», 1974, кн. 12) і «Дзяржаўнасць Беларусі ў дасавецкую пару» («Запісы», 1977, кн. 15) аспрэчваецца сцвярджэнне савецкіх гісторыкаў аб тым, што беларускі народ упершыню прыступіў да стварэння сваёй дзяржавы толькі пры савецкай уладзе. Янка Запруднік падкрэсліваў, што Першы Усебеларускі з’езд — важная веха дзяржаўнага будаўніцтва, разглядаў абвяшчэнне БНР як акт аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, паказваў уплыў беларускага нацыянальнага руху на ўтварэнне БССР, якая ўзнікла ў процівагу БНР. Апублікаваў у доказ гэтага дакументы і матэрыялы З’езда («Запісы», 1963, кн. 2; 1964, кн. 3; 1964, кн. 4) і разам з Томасам Бэрдам — Устаўныя граматы БНР («Запісы», 1975, кн. 13).

У шэрагу артыкулаў «Беларускага зборніка» (1956, кн. 4; 1957 кн. 8; 1958, кн. 9; 1959, кн. 10), «Belorussian Review» (1956, no. 3; 1957, no. 4-5; 1958, no. 6; 1957, no. 7) і інш. публікацыях зроблена выснова аб «чужым» паходжанні бальшавізму на Беларусі, завяршэнні канфлікту 1920-х гадоў «паміж беларускімі нацыянал-камуністамі і расійскімі бальшавікамі» масавымі неабгрунтаванымі рэпрэсіямі ў 1930-я гады, ператварэнні КПБ у правінцыяльную арганізацыю КПСС. Крытыкуецца нацыянальная палітыка КПСС і КПБ, ігнараванне нацыянальных беларускіх інтарэсаў, фармальнасць суверэнітэту БССР, абсалютная залежнасць ад партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва СССР.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

У другім шлюбе з мастачкай Надзеяй Кудасавай.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[4].

Працы[5][правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

  • Дванаццатка. Дакумэнтальная ааповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі (1946—1954 гг.) / Янка Запруднік. — Нью-Ёрк: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 2002. — 510 с. — ISBN 0-9722020-0-5.[6]
  • Гістарычныя і культурныя асновы беларускай нацыянальнай свядомасці // Спадчына. — 1992. — № 2.
  • Беларусь на гістарычных скрыжаваннях (Belarus: At a Crossroads in History, 1993). — Мн., 1996.
  • Гістарычны слоўнік Беларусі (Historical Dictionary of Belarus, 1998)
  • Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917 гг.) // ARCHE. 2009. № 1/2. С. 43-217.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • Айцец др. Аўген Смаршчок — пратаіерэем. (Зь беларускага жыцьця) / Я. Запруднік // Бацькаўшчына. — 1959. — № 10 (446). — 8 сакавіка. — С. 4.
  • Айцец Робэрт Ван Каўлэлярт у Амэрыцы // Бацькаўшчына. — 1959. — № 7 — 8 (443—444). — 22 лютага. — С. 8.
  • Арцыбіскуп Эдвард Роп // Беларус. — 1969. — № 150. — Кастрычнік. — С. 4.
  • Актывізаваць навуковую працу / Я. З. // Бацькаўшчына. — 1954. — № 35 (217). — 26 верасьня. — С.
  • А. М. (Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква). Закон Божы. Стары Запавет. Мэльбурн — Аўстралія, 36 с., ілюстрацыі, карта. Рататар / Я. Запруднік // Бацькаўшчына. — 1960. — № 50 — 51 (534—535). — Каталіцкія Каляды. — С. 4.
  • Беларускі народны арнамэнт / Янка З. // Бацькаўшчына. — 1955. — № 34 (264). — 21 жніўня. — С.
  • Будучыня й мы / А. Будзіч // Наперад! — 1953. — № 25. — С. 1 — 3.
  • Вывучайма дакладней жыцьцё на Бацькаўшчыне / Я. З. // Бацькаўшчына. — 1954. — № 36 — 37 (218—219). — 10 кастрычніка. — С.
  • Каб не памерлі ў сваіх нашчадках… / Я. Запруднік // Бацькаўшчына. — 1954. — № 39 — 40 (221—222). — 31 кастрычніка. — С.
  • Кніга «Лісты Сьвятых Апосталаў» выйшла ў выдавецтве часапісу «Зьніч» у Рыме. Пераклад і камэнтар др. Пётры Татарыновіча / Я. З. // Беларус. — 1975. — № 215. — Сакавік. — С.
  • Кузьма Чорны супраць русыфікацыі / С. Ясень // Бацькаўшчына. — 1954. — № 46 (228). — 13 сьнежня. — С.
  • Купала ня гэткі / А. Будзіч // Змаганьне. — 1952. — № 1. — С. 25 — 26.
  • «Навука» на падмогу акупацыі / Я. З. // Бацькаўшчына. — 1954. — № 36 — 37 (218—219). — 10 кастрычніка. — С.
  • Перад дэкадай беларускае літаратуры й мастацтва / А. Будзіч // Бацькаўшчына. — 1954. — № 46 (228). — 13 сьнежня. — С.
  • Ці маем права? (Да пытаньня нашых «чамаданаў») / А. Будзіч // Бацькаўшчына. — 1954. — № 47 — 48 (229—230). — 25 сьнежня. — С.[7]

Зноскі

  1. а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Лозка А.Ю. Беларускі скаўтынг. — Мінск: Полымя, 1997. — 188 с. — 2 500 экз. — ISBN 985-07-0213-3.
  3. Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч. "Рада БНР 1947-1970. Падзеі. дакументы, асобы"
  4. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
  5. Частка бібліяграфіі складзена па артыкулу Бібліяграфія Янкі Запрудніка / Янка Запруднік // Запісы. — 2006. — № 30. — С. 10 — 48.
  6. Рэц.: Кантакты і дыялогі. — 2002. — № 10 — 12. — С. 47 — 51.
  7. Нельга апраўдваць тых суродзічаў-эмігрантаў, што адмовіліся ад актыўнага ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]